Беларуская Служба

«План адбудовы Старога замка ў Гродне – гэта фантазёрства»

02.05.2021 16:48
Замак адбудоўваецца не паводле старажытных планаў, а прыдуманых у 80-я гады, фантазійных малюнках.
Аўдыё
  • Пра спрэчнасці адбудовы замка кажа гісторык Мікола Волкаў
Стары замак у Гродне падчас рэканструкцыіWikimedia Commons / Vit Koz

Беларусь – краіна замкаў. Гэтая фраза часта гучыць, калі гаворым пра краіну ў гістарычным кантэксце. Але ці сапраўды Беларусь унікальная ў гэтым плане і мы можам яе так называць? Які ўплыў замкаў, палацаў і слаўнага мінулага на беларускае грамадства? Пра гэта пачуеце ў інтэрв'ю з гісторыкам Міколам Волкавым, з якім размаўляе Альберт Ежы Вяжбіцкі.

Спадар Мікола, у нас ёсць адзін цудоўны прыклад спрэчнасці, якія выклікаюць гэтыя працэсы адбудовы гістарычных аб’ектаў – гарадзенскі Стары замак. Вы таксама не аднарозва выказваліся супраць адбудовы паводле цяперашніх планаў. Адкуль узяліся гэтыя спрэчкі і чым яны выкліканыя?


-Разумееце, праблема ў тым, што ў Савецкім саюзе многія замкі былі закінуты і яны не выкарыстоўваліся. І гэта нелагічна і непрактычна, не толькі з пункту гледжання нацыянальных гонараў, але таму, што замкі часта знаходзяцца ў цэнтрах гарадоў. І калі разважаем пра сацыя-культурнае развіццё, напрыклад, Гародні, прыцягненне турыстаў, то горад трэба развіваць, насычаць цікавымі аб’ектамі, якія б павышалі ўзровень жыцця людзей. І замкі, якія знаходзіліся ў цэнтрах, яны могуць проста павышаць якасць жыцця. Таму імі трэба займацца. Нельга пакідаць стары замак, які зараз знаходзіцца ў стане абшарпанай казармы. Але пытанне, што з імі рабіць. І ў нас ад часоў Міхаіла Ткачова многа рамантыкі ў дачыненні да замкаў. Многія глядзяць на яго рэканструкцыю і хочуць панадбудоўваць замкі так, як ён намаляваў. І гэта пагражае знішчэнню іх гістарычнай вартасці, бо людзі жадаюць рэалізаваць гэтую міфалогію на гістарычных помніках. І ў тым ліку, у старым замку ў Гародні, маем дачынення з тым, што людзі прыдумалі нейкі міфы. У другой палове 80-х гадоў архітэктар Бачкоў, больш за 30 гадоў таму, прыдумаў карцінку прыгожай каралеўскай рэзідэнцыі. Беларусы тады яшчэ нават Ермаловіча не прачыталі, пра Вялікае княства ніхто не ведаў. І такія малыя суполкі марылі пра адраджэнне Беларусі і прыдумлялі сабе гэтыя прыгожыя замкі і тады прыдумалі гэта Стары замак. І зараз праз 30 гадоў гэты рамантычны замак Бачкова, які не адпавядае гістарычнай фактуры, пачынаюць рэалізоўваць.


Але ж з іншага боку, гістарычных частак ніхто не разбярэ, яны застануцца і будуць захаваныя дзякуючы новым мурам. Можа гэта спосаб захаваць гісторыю адначасова спрабуючы яе забудаваць па-новаму?


-Самая гістарычная субстанцыя разбураецца, знішчаецца і гэтак далей. Усё дзеля таго, каб пабудаваць гэты прыгожы замак. Калі запраектавалі архітэктары нейкія каменныя элементы ў Замку, на Старой браме, якую зараз рэканструіравалі. Яны выразаюць каменныя элементы, прыносяць да замку, а там гістарычная муроўка 16 стагоддзя. Яны выбіваюць тую муроўку і ставяць свае камяні, які не адпавядаюць гісторыі. Гэта знішчэнне помніка, пабудова фактычна зусім новага замка і пытанне, як да гэтага ставіцца? Для мяне, гісторыка, важня гістарычная субстанцыя, бо гэта, у першую чаргу, крыніца інфармацыі, а па другое, гэта сама па сабе каштоўнасць, якая сама грае на сябе. А гэтыя новабуды не ведаем ці стануць каштоўнасцю. І пытанне ці будуць ездзіць польскія турысты глядзець на гэты замак, ведаючы, што гэта не замак Баторыя, а фантазія беларускіх архітэктараў. Я сумняваюся, што гэта каштоўнасць. Будуючы замак у такім прыгожым варыянце, пытанне, што з ім далей будзе? Знішчаецца помнік, а робіцца фантастыка. Ці зможа яна быць прывязана да гісторыі, быць цікавая як беларусам, так і замежнікам? На маю думку яна не мае каштоўнасці і гэта паўплывае на статус помніка і будучыя перспектывы Гародні ў цэлым.


То-бок лепш пакінуць руіну чым нешта адбудоўваць, каб нагадвала пра страчаную гісторыю?


-Не, вы не зусім правільна зразумелі. Тут нельга скрайнасці ўспрымаць. Нашыя чыноўнікі любяць, калі Волкаў нешта супраць рэканструкцыі кажа, казаць, што Волкаў хоча руін. Насамрэч не. Я спярша б сказаў, што Замак трэба ўводзіць у такі сацыяльна-культурны кантэкст, пашыраць яго магчымасці. Замак – гэта крыніца інфармацыі, якую трэба адкрыць людзям і паказваць. Банальна, трэба адкрываць сцены, там могуць быць рэшткі фрэскаў напрыклад. Даследаваць тыя элементы, якія зараз закрытыя. Замак трэба рэканструяваць. Пытанне як? Дзеля таго, каб павысіць яго сацыяльна-культурную значнасць. І я супраць гэтай фантазійнай рэканструкцыі, якая не будзе мець каштоўнасці. Я за тое, каб захаваць гістарычную субстанцыю і раскрыць замак. Як гэта рабіць? Можна дабудоўваць некаторыя рэчы, але ёсць шмат тэхналогій, калі напрыклад у гістарычную субстанцыю ўводзіш новыя канструкцыі, з новых матэрыялаў. Калі напрыклад нейкая гістарычная муроўка, яе адбудоўваюць жалеза-бетоннай канструкцыяй, якія паказваюць – вось гэта гісторыя, а гэта сучаснае. Можна ўводзіць мультымедыйныя тэхналогіі, якія паказваюць чым жыў замак ігд. Я за такую рэканструкцыю, каб гістарычная субстанцыя была максімальна захавана і прэзентавана.


А ці ў бліжэйшы час, з цяперашняй, незаконнай, уладай існуе магчымасць гэта ўсё зрабіць з сэнсам, з планам і пашанаваннем гісторыі?


-Я б сказаў, што ў Беларусі не так, што ўсё занядбана. Тая незаконная ўлада, якая існуе, яна выдзяляе сродкі. Не тое, каб усё добра, але пры тым, што ў нас бедная дзяржава, нейкія грошы на помнікі выдзяляюцца. Напрыклад праведзена кансервацыя ў Крэўскім замку. Грошы нейкія выдзяляюцца. Я б сказаў, што праблема Беларусі ў тым, што грошы павінны выдзяляцца разумна. Нашая бедная дзяржава выдзяляе нейкія грошы – часам яны для яе дастаткова вялікія – і яны трацяцца на такія фантазійныя праекты, як гарадзенскі замак Бачкова, якія будуць не доўгатэрміновым праектам. Грошы павінны выдзяляцца разумна. Перш чым думаць пра рэканструкцыю помніка і выдзяленне грошай трэба задавацца пытаннем, як гэта помнік будзе выкарыстоўвацца, якія будзе мець функцыі? Як будзе садзейнічаць развіццю мясцовай супольнасці, у тым ліку наколькі ён будзе важны для турыстычнай інфраструктуры, сацыяльна-культурнай часткі жыцця. У нас зараз эксплуатуецца міф пра краіну замкаў. Чыноўнікі, калі хочуць асвоіць нейкія бюджэтныя грошы, яны выкарыстоўваць гэты міф, грамадства іх падтрымлівае, пляскае ў далоні, кажа, што замкі гэта крута. І яны пачынаюць нешта рабіць, але не вядома, што з гэтага будзе, апроч нейкага прыгожага фасаду.


Гэта другая частка размовы з Міколам Волкавым. У першай частцы мы размаўлялі пра ролю гісторыі ў беларускім грамадстве, яе цяперашняе становішча і тое, ці сапраўды Беларусь можна назваць краінай замкаў.

Беларусь ніколі не называлі краінай замкаў

26.04.2021 18:51
Часта калі гаворым пра Беларусь у гістарычным кантэксце называем яе «краінай замкаў», але ці гэта правільна?