Вінаграднікі паўстаюць па ўсёй краіне і, магчыма, разам са зменамі клімату ўсё часцей будзе чуваць пра польскія шарданэ, каберне, савіньон або рыслінг. Пра тое, як выглядае польскае вінаробства, з самэлье, заснавальнікам праекту EAT Polska Food Tours Міхалам Сабешукам размаўляе Альберт Ежы Вяжбіцкі.
Добры дзень Міхал, рады, што ты згадзіўся паразмаўляць. Скажы, польскае віно гэта не такая ж ужо і новая справа. Яно прысутнічала на польскіх землях з даўніх часоў, праўда?
-Калі казаць пра тое, як доўга ў Польшчы прысутнічае віно, то яно ў нас сотні гадоў. Яго пачаткі звязаныя з хрысціянствам, бо віно з’явілася як рытуальны напой. У сувязі з гэтым у манаскіх або замкавых агародах вырошчваўся вінаград. Аднак, клімат у Польшчы ніколі не спрыяў таму, каб садзіць вінаградную лазу. Адначасова ён не быў і зусім дрэнны. Былі моманты, калі на тэрыторыі Польшчы выраблялі шмат віна. Былі моманты, калі на тэрыторыі, якія ўжо не належаць Польшчы, прадукавалі гэты напой. З першай катэгорыі маю на ўвазе ваколіцы горада Зялёна Гура, дзе з 17 стагоддзя была віннаja бананза, якая трывала ажно да паловы 20 стагоддзя. А з другой катэгорыі можна назваць прыклад Падолля, дзе прадукавалася нейкая колькасць віна. Акрамя гэтыch месцаў, дзе мы сёння садзім вінаград, былі месцы, дзе гістарычна гэтая традыцыя была даўжэйшай.
А дзе сёння вырошчваецца вінаград? Ці ёсць нейкія рэгіёны, якія можна было б назваць віннымі? Ад чаго гэта залежыць?
-Сёння не знойдзем рэгіёну або ваяводства, у якім не было б хаця б аднаго вінаградніка. Знойдзем іх як на Памор’і, так у Мазовіі, Падляшшы, Варміі… Там паўсюль ёсць свая вытворчасць. Аднак, гэта не асноўныя польскія вінаграднікі. Яны знаходзяцца ў Зялёнай Гуры, Ніжняй Сілезіі, Малапольшчы, ваколіцах горада Сандомеж. Гэта месцы, дзе знойдзем найбольш вінаграднікаў, але гэта не абазначае, што не паўстануць новыя рэгіёны. У Цэнтральнай Польшчы прадукуюць якаснае шыпучае віно. На Падляшшы ёсць фірма, якая прадукуе смачнае віно з відаў, якія звычайна растуць у цёплым клімаце, як кабернэ савіньон. На Памор’і знойдзем самы вялікі вінаграднік у Польшчы – вінаграднік Турнаў, які належыць вядомаму музыку. Гэта паказвае, што ў Польшчы ёсць умовы, каб вырошчваць вінаград і прадукаваць віно. Галоўнае, каб знайсці месца, якое спаўняе неабходныя ўмовы для вырошчвання: глеба, мікраклімат, блізкасць вады і іншыя ўмовы, якія спрычыняцца да таго, што нашае віно будзе ўдалым.
Ведаем, што кожнае краіна, дзе віно цячэ быццам вада, мае свае ўласныя гатункі і віды, якія папулярныя на ўвесь свет, і людзі могуць стаяць у чэргах у краме, каб набыць такі эксклюзіўны прадукт. А ці ёсць у Польшчы нешта сваё?
-Спрашчаючы, трэба сказаць пра два фактары. Па-першае, мы маем «шляхетную лазу» – гэта класічныя віды, якія вырошчваюць у традыцыйна вінных краінах, і гэтага ў нас усё больш. Аднак, найбольш у нас гэтак званай «гібрыднай лазы» – яе стварылі штучна, крыжуючы розныя віды вінаграду. Гэта робіцца, каб яны вытрымалі ў нашым клімаце. Калі пытаеш ці ёсць у нас свае польскія віды, то трэба сказаць, што ёсць адзін гатунак, які выгадаваў Раман Мыслівец – ён з 80-х гадоў прасоўвае вінаробства ў Польшчы, з’яўляецца гуру ўсіх аматараў гэтай дзейнасці. Гэты гатунак называецца Jutrzenka. Іншым, які можам назваць нашым, з’яўляецца Solaris, які хоць паўстаў у Нямеччыне, то цешыцца вялікай папулярнасцю ў Польшчы. Амаль кожны польскі вінаграднік вырошчвае Solaris. І віно атрымліваецца вельмі добрае, так што можна яго назваць адным з польскіх гатункаў.
Калі турысты прыязджаюць у Польшчу і спрабуюць польскае віно, якая ў іх рэакцыя?
-Мне здаецца, што сёння ўсё хочуць лакальных прадуктаў. Калі чалавек прыязджае куды-небудзь, вельмі хоча спрабаваць плады лакальнай зямлі і, канешне, тырустаў з-за мяжы здзіўляе, што хтосьці прапануе ім польскае віно, але яны пазітыўна адносяцца да таго досведу і вельмі часта ўражаны ад якасці гэтай прадукцыі. На адной з нашых экскурсій мы прапануем нашым гасцям польскае віно для дэгустацыі і ў большасці выпадкаў яны прыемна здзіўлены, што ў краіне, дзе холадна, якая атаясамліваецца з гарэлкай, а не віном, можа быць сапраўды добры прадукт. Так што зацікаўленне ёсць, аднак, нават людзі, якія ведаюць шмат пра Польшчу, калі пачуюць фразу «польскае віно», адкажуць: «У Польшчы ж немагчыма вырошчваць вінаград». Аднак, гэта вынік таго, што польскае вінаробства досыць маладое. Яно ў масавай прадукцыі функцыянуе некалькі гадоў. Так што гэта вялікі патэнцыял для развіцця, бо гэты прадукт пакуль не атаясамліваецца з Польшчай.
Статыстыка паказвае, што ў Польшчы самым папулярным алкаголем з’яўляецца піва, якое складае амаль палову рынку. Аднак, за апошнія гады бачна тэндэнцыя да куплі больш дарагіх і мацнейшых алкаголяў. Ці гэта ўплывае таксама на папулярнасць польскага віна, ці яно складае яшчэ зусім маленькую долю ўсяго рынку?
-Гэта пытанне, якое ў вялікай ступені звязанае з развіццём рынку алкаголя, і якое не абавязкова звязанае з польскім віном, бо яно пакуль з’яўляецца рамесніцкім прадуктам. У краінах як Гішпанія, Францыя або Італія мы маем шмат сталовага віна, якое можна купіць за 2-3 еўра. У Польшчы самыя танныя напоі, купленыя непасрэдна ад вытворцы – гэта кошт 40-60 злотых. Гэта паказвае, што зварот палякаў да спажывання віна не абавязкова звязаны з тым, што адбываецца на рынку польскага віна, бо яно на сёння з’яўляецца прадуктам прэміум. Яно больш для тых, хто цікавіцца віном, не толькі спажывае яго. Ну і канешне для турыстаў, бо шмат людзей прыязджае на вінаграднікі і тады набывае лакальны прадукт. І, вяртаючыся да пытання, думаю, што так – віно набярэ большую папулярнасць. У сваю чаргу гэта можа паспрыяць і польскаму віну, аднак, калі гэта будзе – не ведаю, бо ўсё яшчэ польскае віно з’яўляецца нішавым прадуктам. Яно развіваецца, паўстае ўсё больш вінаграднікаў, але гэта непараўнальна, напрыклад, з прадукцыяй піва.
Пра тое, як выглядае польскае вінаробства, мы паразмаўлялі з самэлье, заснавальнікам праекту EAT Polska Food Tours Міхалам Сабешуком.
Альберт Ежы Вяжбіцкі