Беларуская Служба

Фонд беларусаў Лодзі – вынік падзеяў жніўня 2020

05.08.2021 14:07
Сёння вашай увазе – размова Альберта Ежы Вяжбіцкага з прадстаўніком Фонду беларусаў у Лодзі Вадзімам Шышко.
Аўдыё
  • Беларускі фонд у Лодзі дапамагае ўцекачам, але не толькі
Гандлёвы цэнтр "Мануфактура" у Лодзіwww.fb.com/itlodz

Польшча ўжо раней была папулярнай мэтавай кропкай для беларусаў. Паток беларусаў у Польшчу ўзмацніўся пасля жнівеньскіх пратэстаў. Грамадзяне Беларусі за апошніх 10 месяцаў з’яўляюцца самай колькаснай нацыянальнай групай, якая просіць прытулак у Польшчы. 

 

Беларусы ў Лодзі – гэта адзіная бадай што дыяспара акрамя Варшавы, якая мае сваю фармальную арганізацыю. Ці яна існавала яшчэ да жнівеньскіх пратэстаў ці з’яўляецца вынікам гэтых падзеяў?

-На жаль, аказалася, што гэта вынік гэтых сумных падзеяў. Сам фонд з’явіўся ўвосень мінулага года – гэта звязана менавіта з тым, што адбывалася ў Беларусі. Склалася такая сітуацыя, што пайшла першая хваля нашых уцекачоў – спантанных уцекачоў. Людзі беглі амаль ні з чым – голыя-босыя. І гэта зразумела, што яны збягалі, таму што там іх могуць пасадзіць ні за што на некалькі гадоў. Яны ратаваліся. І калі гэтая хваля прыйшла сюды ў Польшчу, то ў Лодзі мала было беларусаў, але тыя што былі, яны адразу задалі сябе пытаннем: «Што зрабіць, як дапамагчы ўцекачам?». І мы вырашылі, што лепш зрабіць афіцыйную арганізацыю, з дапамогай якой будзе лягчэй аказваць дапамогу ўсім пацярпелым беларусам.

А што менавіта падштурхнула вас да таго, каб заснаваць арганізацыю ў Лодзі? У іншых гарадах дыяспара дзейнічае без ніякіх фармальнасцяў і таксама актыўна дапамагае суайчыннікам.

-Гэта звязана з тым, што беларусаў у Лодзі было вельмі мала. І сваімі сіламі дапамагчы ўсім уцекачам было б складана. Таму нашыя мясцовыя беларусы, якія жылі тут у Лодзі, яны з рознымі пытаннямі звярталіся ў гарадскую раду. Гэта неабходна для таго, каб вырашаць матэрыяльныя альбо юрыдычныя пытанні. І ў гарадской радзе зрабілі намёк, што «мы вам гатовы дапамагаць, але пытанне зноў такі ў фармальнасці». Бо або прыходзіць з вуліцы нейкі, вобразна кажучы, Вася Пупкін, або вы прыйшлі як прадстаўнік афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі. Гэта зусім іншы ўзровень і, адпаведна, падыход уладаў зусім іншы. Проста тады мясцовыя ўлады будуць больш уважліва ставіцца да вашых пытанняў і адпаведна змогуць вам дапамагчы ў вырашэнні гэтых праблемаў. І зыходзячы з гэтага нашыя мясцовыя актывісты хуценька арганізавалі гэты фонд. Ён, канешне, патрабуе ўвагі, патрабуе выконваць абавязкі-задачы, але дзякуючы гэтаму фонду мы ўжо змаглі дабіцца больш, чым калі б мы дзейнічалі паасобку, па аднаму ці як група аматараў.

А як рэагуюць на вашы акцыі выпадковыя мінакі, палякі?

-Я сам удзельнічаю ў гэтых акцыях і ведаеце, негатыўных рэакцыяў пакуль не было. Пазітыўныя былі. Я заўважаў, што, напрыклад, ідуць нейкія выпадковыя мінакі, палякі, і яны голасам або жэстам выказваюць падтрымку. Асабліва палякі старэйшага ўзросту, якія прайшлі праз 80-я гады, часы «Салідарнасці» – яны добра разумеюць, што зараз у нас адбываецца. Таму ў цэлым рэакцыя пазітыўная. Ну і калі я працую ў Лодзі, то ў сваім працоўным калектыве чую толькі пазітыў. Яны ведаюць, што я актывіст, што ўдзельнічаю ў руху, і выказваюць толькі пазітыў.

Ці праца фонду будзе далей абапірацца на дапамозе ўцекачам ці ёсць нейкія планы на шырэйшую дзейнасць?

-Зноў такі ў нас самая вялікая актыўнасць была мінулай восенню, калі прыйшла першая неарганізаваная хваля ўцекачоў. Было шмат пацярпелых на першых, самых брутальных мітынгах. Большасць беларусаў, якія жылі 25 гадоў у такіх цяплічных умовах і не цікавіліся палітыкай і раптам трапілі пад гэты каток гвалту, былі негатовыя да таго, з чым ім трэба будзе сустрэцца. І калі яны трапілі пад гэты ўдар гэтак званых сілавікоў, то для многіх гэта было вялікім псіхалагічным шокам. Таму наш фонд аказваў падтрымку менавіта ў тым, што шукаў розных псіхолагаў, якія маглі б прывесці людзей у прытомнасць пасля таго, што з імі адбывалася, а ў тым выпадку, калі да нас траплялі людзі, параненыя фізічна, то яшчэ мы шукалі магчымасці іх рэабілітаваць, паставіць на ногі ў прамым сэнсе. Цяпер ідзе другая хваля эміграцыі, ужо такая «прадуманая», разважлівая, калі людзі не бягуць невядома з чым, а людзі ўжо прадумваюць свае крокі. І цяпер фонд накіраваны на тое, каб зінтэграваць, зблізіць беларусаў і даваць ім больш дапамогі ўжо ў выглядзе кансультацыі. Калі хтосьці прыехаў і хоча ведаць куды ісці, з кім паразмаўляць, да каго звяртацца – гэта наша цяперашняя праца. У нас у статуце таксама пазначаная культурна-асветніцкая дзейнасць. Раней было троху не да гэтага, але цяпер, калі накал упаў, мы займаемся культурай і асветай. Па меры нашых магчымасцяў, канешне.

І на канец вельмі агульнае пытанне: чаму беларусам варта пераязджаць менавіта ў Лодзь?

-У нашых мясцовым чаце я чытаю розныя меркаванні людзей. На дадзены момант вялікая перавага Лодзі ў тым, што ў параўнанні з іншымі гарадамі Польшчы яна пакуль што з'яўляецца танным горадам, асабліва ў плане нерухомасці. Гэта вынікае з гісторыі Лодзі, як кажуць нашыя беларусы-старажылы, што доўгі час, да 2010-х гадоў Лодзь была даволі дэпрэсіўным горадам. І толькі потым пачалося развіццё горада. Таму яна трохі адстае ад іншых гарадоў, але гэта дазваляе тут купіць або здымаць жыллё больш танна ажно на 1/3 у параўнанні з іншымі гарадамі. Пра Варшаву нават не кажу. Так што перавага Лодзі – у фінансавым пытанні.

аев