Беларуская Служба

Для Польшчы Алімпійскія гульні ў Токіа былі лепшымі ў бягучым стагоддзі

09.08.2021 17:59
14 медалёў – гэта вынік Польшчы на Алімпійскіх гульнях у Токіа.
Igrzyska olimpijskie Tokio 2020
Igrzyska olimpijskie Tokio 2020shutterstock

 Перанесеныя з-за пандэміі на 2021 год спаборніцтвы былі незвычайнымі не толькі таму, што адбыліся ў іншым годзе, але і пры пустых арэнах і без ніякіх замежных заўзятараў на вуліцах сталіцы Японіі.

Для Польшчы гэтая Алімпіяда была вельмі дзіўнай. На першую медаль трэба было чакаць шэсць дзён, але потым усё пайшло наперад і польскія спартоўцы прывезлі ў краіну ажно 14 узнагародаў: 4 залатога, 5 срэбнага ды 5 бронзавага колеру. Гэта лепшы вынік за 25 гадоў, калі ў Атланце бела-чырвонай камандзе ўдалося заваяваць такую ж колькасць узнагарод.

Хаця першай медалі, якую заваявала каманда жанчын у веславанні ў складзе чатырох чалавек, трэба было чакаць амаль тыдзень, то потым спартоўцы ўзнагародзілі заўзятараў за іх цярплівасць. Свайго задавальнення з вынікаў усёй каманды не скрывала і Аніта Уладарчык, якая ў Токіа трэці раз запар перамагла ў алімпійскім спаборніцтве па кіданні молата, даказаўшы такім чынам, што з’яўляецца легендай гэтага спорту.

-Перадусім гэта поспех. Мы трапілі ў гісторыю, хоць спачатку гульні не былі для нас паспяховымі. Я не бачыла першых дзён змаганняў польскіх спартоўцаў, бо ў трэніровачным цэнтры тут, у Японіі, не паказвалі шмат спаборніцтваў, дзе былі палякі... Я ніколі дагэтуль не сачыла за Алімпіядай у тэкставых трансляцыях. Калі вярнуся дадому, то пагляджу выступленні ўсіх палякаў, бо гэта трэба ведаць. Нашая каманда паказала высокія вынікі. Мы – лёгкаатлеты, здабылі 9 медалёў! Ніхто гэтага не чакаў, я таксама. Былі сюрпрызы. І гэта супер! Войцех Навіцкі быў фаварытам, я таксама, мы ўзялі сваё. Трэба радавацца, адпачыць, а потым вяртацца да трэніровак.

Як казала Уладарчык, іншым фаварытам, які здабыў чаканую медаль, быў Войцех Навіцкі. Ён таксама перамог у кіданні молатам. Агулам у гэтых спаборніцтвах дамінавалі прадстаўнікі Польшчы. У спаборніцтве як жанчын, так і мужчын яны атрымалі залатую і бронзавую медалі. Так свой вынік пракаментаваў Войцех Навіцкі:

-Не ведаю, ці я заслужыў медаль, але я рады, што ўдалося яе атрымаць. Я рады, што пабіў свой жыццёвы рэкорд. Устанавіць яго на такім мерапрыемстве – вялікі поспех. Можа я яшчэ не разумею ўсяго, пэўна зразумею праз нейкі час. Самае важнае - гэта тое, што гэта былі добрыя спаборніцтвы, далёкія кідкі. Я паказаў стабільны ўзровень. Але я таксама рады за Паўла Файдэка і яго бронзу. Мы размаўлялі пра тое перад гульнямі, што здабыць дзве медалі, незалежна ад дысцыпліны, было б цудоўна. А тое, што мы здабылі золата і пачулі наш гімн – гэта здзяйсненне мараў. Застаецца толькі радавацца.

Радаваўся і іншы польскі алімпійскі чэмпіён. Гэтым разам ён быў апошнім у сваім відзе спорту на Алімпіядзе. Спартыўная хадзьба мужчын на 50 кіламетраў была ў праграме гульняў у апошні раз. У дысцыпліне нечакана перамог паляк Давід Тамаля. Хоць у Польшчы гэты спорт папулярны, бо самы тытулаваны польскі алімпіец Роберт Кажэнёўскі чатыры разы здабываў алімпійскія медалі, ніхто не разлічваў на з’яўленне пераемніка. Сам Тамаля сказаў, што ў пэўны момант ён стаў сумаваць і вырашыў ісці хутчэй за супернікаў.

-Першыя 30 кіламетраў былі вельмі спакойнымі, як быццам нейкая трэніроўка. Таму мне стала сумнавата і я вырашыў павялічыць хуткасць хадзьбы. Я лічыў, што хтосьці пойдзе за мной, бо з намі ішлі як алімпійскі чэмпіён, так і чэмпіён свету ды іншыя вядомыя спартоўцы. Аднак нічога такога не адбылося... Я ішоў, ішоў, не адварочваўся назад, і калі вырашыў паглядзець назад, то ўбачыў, што ніхто за мной не ідзе. Гэта было дзіўна. Ніхто не разлічваў на маю перамогу і ніхто не чакаў, што я буду ісці хуткім тэмпам. Мяне праігнаравалі, і я гэтым скарыстаўся.

Калі ў агульнай класіфікацыі Польшча заняла 17 месца, то ў лёгкай атлетыцы палякі былі чацвёртымі пасля ЗША, Італіі і Кеніі. Гэты вынік сведчыць пра высокі ўзровень польскіх лёгкаатлетаў. Медалі здабывалі не толькі ў сілавых відах спорту, як, напрыклад, кіданне молатам, але і ў бегах. Так, польская змешаная эстафета на 400 метраў здабыла золата, апярэджваючы ЗША і Ямайку. Польская жаночая каманда на 400 метраў у фінале была горшай толькі ад бягунняў з ЗША. Мужчыны ў фінале занялі пятае месца.

Спартоўцам удалося здабыць чатырнаццаць медалёў, хоць можна было і больш. Польскі ўіндсёрфер Пётр Мышка ў апошняй гонцы быў дыскваліфікаваны і заняў канчаткова шостае месца. Польскія валейбалісты таксама расчаравалі, і хаця былі фаварытамі да золата, то прайгралі ў чвэрцьфінале пазнейшым чэмпіёнам – Францыі. Польская чэмпіёнка ў скалалажанні выйграла спаборніцтвы ў хуткасці, але канчаткова заняла чацвёртае месца.

Можна па-рознаму думаць і выказваць розныя меркаванні, але 14 медалёў – гэта добры вынік. Застаецца спадзявацца на тое, што чарговыя гульні, якія пройдуць у Парыжы, для палякаў стануць яшчэ лепшымі.


аев