Беларуская Служба

Польшча на 23-ім месцы па тэмпах вакцынацыі ў ЕЗ

23.11.2021 15:00
Больш за ўсё прышчэпленых – 81,4% у Партугаліі, а менш за ўсё – 24,3%, у Балгарыі.
Аўдыё
  • З пачатку эпідэміі ў Польшчы ад Covid-19 памерлі 81 228 жыхароў краіны. Адзіны ратунак – вакцынацыя.
Ілюстрацыя Фота: PAP/EPA/BIONTECH SE / HANDOUT

Колькасць пацверджаных новых выпадкаў заражэння каранавірусам на мінулым тыдні ў Польшчы перавысіла 24 тысячы штодня. У бліжэйшыя тыдні прагназуецца далейшы рост эпідэміі. Спецыялісты разлічваюць, што пік чацвёртай хвалі прыпадзе на першы тыдзень снежня.

Нягледзячы на вялікі тэмп распаўсюду хваробы, урад Польшчы не ажыццяўляе ніякіх захадаў накіраваных на ўзмацненне эпідэмічных абмежаванняў, так як гэта адбываецца ў іншых краінах рэгіёну. Перад усім гаворка ідзе пра ўвядзенне так званых ковідных пашпартоў у грамадскіх месцах і адпаведных абмежаванняў для непрышчэпленых. Польшча застаецца бадай што адзінай краінай супольнасці, дзе не ўведзены дадзеныя абмежаванні.

І тут мы сутыкнуліся з сітуацыяй, калі грамадства больш адказна ставіцца да такіх захадаў, чым урад. Прынамсі так вынікае з апытання, праведзенага Інстытутам даследавання грамадскай думкі для адной з польскіх газетаў. 59,5% апытаных хоча, каб у Польшчы актыўна папулярызавалі вакцынацыю супраць каранавіруса, а таксама выступае за ўвядзенне «ковідных пашпартоў» і абмежаванні для непрышчэпленых людзей.

Аднак паступова свядомасць неабходнасці абмежавальных захадаў даходзіць і да ўрадоўцаў.У кіраўніка польскага ўрада падчас прэс-канферэнцыі ў Гданьску, 22 лістапада спыталі аб стратэгіі ўрада на чацвёртую хвалю пандэміі і чаму не было ўведзена абмежаванняў для невакцынаваных асоб. Прэм'ер Матэвуш Маравецкі сказаў, што чацвёртая хваля эпідэміі будзе крыху даўжэйшая, але з меншай колькасцю смяротных выпадкаў. Палітык звярнуў увагу на тое, што ў Падляскім і Люблінскім ваяводствах лік заражэнняў ідзе на спад. «Ёсць надзея на тое, што праз два тыдні і ў іншых ваяводствах гэтая хваля будзе зніжацца», – дадаў прэмʼер.

Пра сапраўдную прычыну пасіўнасці ўраду па гэтым пытанні, прагаварылася дэпутат ад кіруючай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Анна Квецень. Яна адкрыта заявіла, што эпідэмічныя абмежаванні ў Польшчы зʼяўляюцца аптымальнымі. Анна Квецень лічыць, што больш строгія захады, верагодна, выклічуць бурную грамадскую рэакцыю:

-У многіх краінах рэакцыя на якія-небудзь абмежаванні проста істэрычная. На вуліцы выходзяць натоўпы людзей. Яны пратэстуюць супраць гэтага. Мы павінны лічыцца з тым, што пасля такіх пратэстаў вырасце колькасць новых выпадкаў захворвання. Мы як урад павінны прымаць вельмі абдуманыя рашэнні. Абмежаванні, якія ёсць на сённяшні дзень, зʼяўляюцца аптымальнымі. Мы павінны больш сачыць за выкананнем гэтых абмежаванняў.

Адначасова пара дэпутатаў ад кіроўнай правай партыі «Права і справядлівасць» нядаўна паведамілі, што ў Сейм будзе накіраваны дэпутацкі праект закона, які дазволіць працадаўцу праверыць, ці яго працаўнік вакцынаваны ад COVID-19. Адпаведна, калі работнік не будзе прышчэплены, то працадаўца зможа рэарганізаваць яго працу, напрыклад, перавесці такога супрацоўніка ў аддзел, дзе ён не будзе мець кантакту з кліентамі. Прэм’ер Маравецкі асобна падкрэсліў, што хоча далучыць да распрацоўкі законапраекту апазіцыю.

Тэмп вакцынацыі польскага насельніцтва таксама падштурхоўвае ўладу да больш актыўнага заахвочвання прышчапляцца. Калі ў першым паўгоддзі Польшча была адным з лідараў сярод кріанаў ЕЗ па тэмпах вакцынацыі, то цяпер краіна займае 23-ае месца сярод 27 краінаў супольнасці. Станам на 23 лістапада, цалкам прышчэплена 20 млн 280 тысяч чалавек, або прыкладна 55% насельніцтва краіны. Больш за ўсё прышчэпленых – 81,4% у Партугаліі, а менш за ўсё – 24,3%, у Балгарыі. Сярэдні паказчык па Еўрапейскім Звязе складае 65,5%.

На фоне такіх дадзеных Еўракамісія абʼяўляе аб падтрымцы краін з нізкім узроўнем вакцынацыі супраць COVID-19. Гаворка ідзе перш за ўсё аб дапамозе ў барацьбе з дэзынфармацыяй. Пра гэта заявіла ў Еўрапарламенце ў Страсбургу еўракамісар па пытаннях аховы здароўя і харчовай бяспекі Стэла Кірыакідэс. Палітык адзначыла, што ў бліжэйшы час Камісія прадставіць новыя рэкамендацыі па падарожжах у Еўропе, яны будуць тычыцца павальнай праверкі ковідных сертыфікатаў:

-Вакцыны працуюць, і гэта самы эфектыўны інструмент, які ў нас ёсць, каб гарантаваць бяспеку людзей. Няма сумненняў у тым, што яны эфектыўныя для перадухілення цяжкага працякання хваробы, шпіталізацыі і смерці.

Пакуль палітыкі разважаюць аб эфектыўнасці вакцынацыі, ідзе час, хвароба распаўсюджваецца. Адсутнасць рашучых дзеянняў з боку ўлады, з аднаго боку, і малая свядомасць сярод насельніцтва ў неабходнасці прышчапляцца, з другога боку, вядуць да смяротных ахвяр.

23 лістапада Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла аб тым, што за мінулыя суткі было выяўлена амаль 20 тысяч новых выпадкаў заражэння каранавірусам. Хвароба забрала жыцці чарговых 398 чалавек. Адначасова намеснік міністра аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска заявіў, што расце колькасць шпіталізацый:

-Значна вырасла колькасць людзей, якія маюць патрэбу ў шпіталізацыі. У лякарні за суткі паступіла 962 чалавекі. На дадзены момант занята 18320 ложкаў. Больш за 1 500 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх зараз занятыя. За апошнія суткі 25 чалавек былі падлучаныя да гэтых апаратаў.

З пачатку эпідэміі ў Польшчы ад Covid-19 памерлі 81 228 жыхароў краіны. Адзіны ратунак – вакцынацыя. Дбайма пра асабістую бяспеку і пра бяспеку тых, хто вакол нас!

iar/pap/эж

Толькі 0,17% прышчэпленых грамадзян заразіліся каранавірусам

22.10.2021 19:38
На сённяшні дзень у Польшчы двума кампанентамі прышчэплена 46%.