Беларуская Служба

Значная частка палякаў лічыць, што сітуацыя на мяжы - гэта пагроза цэлай Еўропе

26.11.2021 13:36
Меншая група рэспандэнтаў лічыць, што канфлікт можа аказацца небяспечным для іх асабіста і для іх сем'яў – 34,9%.
Мігранты ў лагістычным цэнтры ў БрузгахPAP/EPA/LEONID SCHEGLOV / BelTA / HANDOUT

Рэспандэнты апошняга даследавання IBRiS аб сітуацыі на мяжы заяўляюць, што падзеі, якія там адбываюцца, уяўляюць пагрозу для ўсёй Еўропы, піша Rzeczpospolita.

Крызіс на польска-беларускім памежжы напрыканцы трэцяга месяца надзвычайнага становішча рэспандэнты ўспрымаюць найперш як пагрозу бяспецы польскай дзяржавы (63%) рэспандэнтаў і ўсяго еўрапейскага кантынента (67,9%). Крыху больш за палову (51,3%) апытаных бачаць, што сітуацыя ў рэжыме надзвычайнага становішча ўяўляе пагрозу ў першую чаргу самім бежанцам. У гэта вераць пераважна прыхільнікі апазіцыі (73%), жыхары вялікіх гарадоў (78%), з вышэйшай адукацыяй (72%).

Меншая група рэспандэнтаў лічыць, што канфлікт можа аказацца небяспечным для іх асабіста і для іх сем'яў – 34,9%. У сваю чаргу 9,8% лічыць, што памежны крызіс не ўяўляе рызыкі ні ў адной з гэтых сфер.

Кіраўнік IBRiS Марцін Дума адзначае, што група менш за 35%, якія адчуваюць асабістую пагрозу з-за сітуацыі на мяжы, «даволі вялікая».– Да гэтага крызісу адчуванне пагрозы па розных прычынах было ніжэйшым, яно вагалася на ўзроўні каля 20%, – аналізуе ён і дадае: – Група, якая звяртае ўвагу на пагрозу для Польшчы, амаль дакладна супадае з тымі рэспандэнтамі, якія ў іншых апытаннях падтрымліваюць будаўніцтва сцяны і пазітыўна выказваюцца пра дзеянні ўраду на мяжы. Сярод іх відавочна пераважаюць прыхільнікі цяперашняй улады.

У наступным пытанні рэспандэнты выказваліся пра магчымыя шляхі вырашэння крызісу. 46,6% лічыць, што, паколькі мігранты ўвезеныя праз Беларусь, гэта выключная адказнасць гэтай дзяржавы, якая і абавязаная імі займацца, а Еўрасаюз павінен пачаць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам на гэты конт.

Другі варыянт, які прапанавалі рэспандэнтам, «упусціць мігрантаў, адкрыць для іх лагеры і распачаць для іх працэдуру прадстаўлення прытулку, калі яны пра гэта просяць». Гэты варыянт абралі 29,7% рэспандэнтаў.

12,3% працэнта рэспандэнты лічаць, што мігрантаў павінны прымаць Германія і іншыя краіны ЕС.

ав