Беларуская Служба

Мяса паступова перастала быць культавым прадуктам на польскіх сталах

04.12.2021 17:10
На працягу стагоддзяў мяса было рэдкасным прадуктам на сталах палякаў, лічылася, што яно дае сілу і здароўе.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock/Maksim Denisenko

Набліжаюцца святы Раства, звязаныя з трывалымі народнымі традыцыямі ў Польшчы. Важнай часткай адзначэння гадавіны Божага нараджэння з’яўляецца застолле. А стол павінен ламацца ад страваў. Па традыцыі, іх павінна быць дванаццаць, посных на Калядны вечар, а ў першы дзень святаў, 25 снежня, стравы ўжо могуць быць мяснымі. І менавіта пра культ мяса на польскім стале піша выданне Polityka.

На працягу стагоддзяў мяса было рэдкасным прадуктам на сталах палякаў, лічылася, што яно дае сілу і здароўе. Жыхары польскіх зямель па неабходнасці елі перш за ўсё вегетарыянскую ежу – бялковыя прадукты – гэта была фасоля, боб і г.д. У сваю чаргу, багацейшая шляхта ладзіла застоллі, падчас якіх сталы ламаліся ад страваў. Сярод іх абавязкова павінны былі быць горы мяса, хаця яно як правіла было недапечаным і дрэнна прыпраўленым. Шляхта траціла на штодзённае харчаванне вялізныя сродкі, паколькі рэдка здараўся дзень без госця, а нярэдка гэта былі сотні гасцей. Ежа для шляхты была вельмі важнай. Паэт і магнат 17-га стагоддзя Ежы Апаліньскі крытыкаваў шляхту, што яна «утапіла думку ў жываце».

У 18-ым стагоддзі атрымала папулярнасць менш тлустая французская кухня, хаця яе крытыкавалі аматары польскай сармацкай традыцыі. Аднак, у адрозненні ад шляхты, беднякі перш за ўсё думалі аб тым, чым набіць жываты, а голад часта зазіраў ім у вочы. Акрамя неўраджаяў, прычынай голаду быў нізкі плён – толькі ў сярэднім тры зярняты з аднаго пасеянага зярняткі. Таму людзі былі худыя, слабыя і брыдкія. Паўната лічылася прыкметай багацця і здароўя, у адрозненні ад сённяшняга дня.

Яшчэ на пачатку 20-га стагоддзя была вялізная няроўнасць у якасці харчавання паміж багацейшым мяшчанствам і бедным рабочым класам. І толькі пасля Другой сусветнай вайны змены атрымалі сапраўды эгалітарны характар. Звычайныя людзі змаглі купляць вялікія колькасці і ежы, і іншых тавараў, чаго раней ніколі не было. Праўда, у Польшчы яшчэ ў 70-ыя гады дыетолагаў, якія казалі, што палякі ядуць мала рыбы і гародніны, а за шмат мяса, лічылі агентамі Крамля. Узровень спажывання мяса пастаянна павялічваўся. Цяпер жа мяса перастала быць сімвалам дабрабыту, а важнейшай стала рацыянальная і карысная дыета.

Polityka/нг