Беларуская Служба

Вязень Аўшвіцу: Нам адразу сказалі, што адсюль толькі адзін выхад – праз комін

27.01.2022 16:53
У лагеры Аўшвіц-Біркенаў з 1940 па 1945 год было знішчана больш за 1 мільёна 100 тысяч чалавек, большасць ахвяр былі габрэямі.
Аўдыё
  • Вязень Аўшвіцу: Нам адразу сказалі, што адсюль толькі адзін выхад – праз комін
    -
Брама ў нямецкі канцлагер «Аўшвіц-Біркенаў» .Luka Dakskobler/ Shutterstock

27 студзеня 1945 года, роўна 77 гадоў таму, Савецкая Армія вызваліла нямецкі лагер смерці Аўшвіц-Біркенаў. Немцы заснавалі гэты комплекс канцлагераў у 1940 годзе. Цягам пяці гадоў існавання нацысты забілі там больш за мільён чалавек, у асноўным габрэяў, але таксама палякаў, цыганоў і савецкіх ваеннапалонных.

Бухэнвальд, Сабібор, Трэблінка, Дахаў, Тэрэзіянштатд, Малы Трасцянец – гэта ўсё далёка няпоўны спіс нямецкіх лагераў смерці, раскіданых па ўсёй Еўропе. Аднак, самая вялікая нямецкая фабрыка смерці знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Польшчы, у горадзе Асвенцім. У лагеры Аўшвіц-Біркенаў з 1940 па 1945 год было знішчана больш за 1 мільёна 100 тысяч чалавек, большасць ахвяр былі габрэямі.

Вусцішны маштаб чалавечай трагедыі ды жахлівы памер злачынства супраць чалавечнасці, учыненага немцамі, зрабілі з Аўшвіца сімвал цярпення і пакуты ахвяраў Галакосту.

Дырэктар дзяржаўнага музею Аўшвіц-Біркенау Пётр Цывіньскі звярнуў увагу на тое, што нягледзячы на прысутнасць прэм'ера Францыі, замежных дыпламатаў, прамаўляць на жалобнай урачыстасці будуць выключна ахвяры Аўшвіца, а ўсё гэта дзеля таго, каб аналагічныя трагедыі ніколі не паўтараліся:

-Зараз усё цяжэй падтрымліваць тэзіс аб тым, што ўрокі Аўшвіца, Галакосту вывучаны. Розныя групы людзей знаходзяцца пад пагрозай вайны, ці пераследу, ці палітыкай дэструкцыі. Давайце, напрыклад, паглядзім на долю ўйгурскага народу ў Кітаі. Менавіта з гэтае прычыны мы вырашылі надаць голас толькі ахвярам Галакосту.

У гэты памятны дзень мы таксама надамо голас тым, хто перажыў знаходжанне ў фабрыцы смерці, у Асвенціме. Сярод ацалелых ьылы вязень Яцэк Надольны ўспамінаў лагер як месца, пазбаўленае надзеі. Асвенцім і рэчаіснасць адразу пасля вызвалення, істотна паўплывалі на яго жыццё:

-Туга, смутак, адсутнасць ежы, холад... няма нічога. Чалавек не адчувае нічога, нас пазбавілі годнасці, адабралі мае дзіцячыя гады. Але і пасля вызвалення было цяжка. Майго бацькі ўжо не было, жылі ў руінах.

Пачаткам функцыянавання Асвенціму лічыцца 14 чэрвеня 1940 года, дзень, калі ў лагер прывезлі першы транспарт польскіх палітвязняў з турмы Тарнава. Ён даставіў туды амаль 730 чалавек, з якіх вайну перажылі 325. У групе першых зняволеных былі ў асноўным маладыя людзі з Тарнава і Кракава. Сярод іх: разведчыкі, студэнты, члены падпольных арганізацый і салдаты вераснёўскай кампаніі, якія спрабавалі прарвацца ў Вугоршчыну.

Ежы Богуш (памёр у 2016), які трапіў у Асвенцім разам з першым транспартам, успамінаў некалькі гадоў таму першы дзень лагернай рэальнасці. У яго памяці асабліва захаваўся лагерны заклікі і словы, якімі лагерфюрер вітаў зняволеных:

-Калі нас прывезлі ў Аўшвіц нас прывітаў лагерфюрер Фрыч, які сказаў нам наступнае: «Вы прыехалі не ў санаторый, а ў нямецкі канцлагер. Адсюль ёсць толькі адзін выхад – праз комін».

Большасць габрэяў, якіх звозілі Аўшвіц-Біркенаў, гінулі ў газавых камерах. Спачатку іх целы хавалі, а пазней пачалі спальваць у спецыяльных печах. З другой паловы 1941 года лекары СС пачалі праводзіць сярод зняволеных адбор. Няздольных да працы адразу знішчалі шляхам інʼекцыі фенолу або праз спаленне ў газавай камеры. Былы вязень Станіслаў Залеўскі быў сведкам такога сартавання жывых людзей:

-Прыйшоў эсэсавец з кіям, пазіраў на людзей. Калі ён паказваў на кагосьці сваім кіем, вязень абавязаны быў назваць свой нумар. Пасля гэтага збору выдавалі скібку хлеба ці нейкай баланды, зачытваўся спіс, і абраных людзей адводілі ў крэматорый.

Былы вязень гітлераўскіх лагераў смерці Эдвард Мосберг (Edward Mosberg) падкрэсліў, што яго абавязкам стала расказваць пра Галакост, каб гэтая трагедыя цэлага народа не была забытая. Эдвард Мосберг прайшоў канцлагеры Маутхаузен і Плашув, у нацысцкім пекле загінула ўсяго яго сям’я:
«Мая матка была забітая ў Асвеціме ў 1944 годзе, у Белжцу я згубіў 16 чальцоў маёй сям’і. Калі я апошні раз быў у Белжцу, я чуў галасы, – «Не забудзьце нас!». З гэтае прычыны я хаджу і распавядаю пра гэта, каб не забыць. Бо калі мы забудзе, мы заб’ем гэтых людзей яшчэ раз.
Я абвінавачваю ва ўсім немцаў. Калі б яны ў 1930-ыя гады не галасавалі за Гітлера, за нацыстаў – то не было бы канцлагераў, не было бы лагераў смерці, не было Галакосту, не было бы тых забойстваў, які ўчынялі немцы».

iar/эж 

Сёння адзначаем Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту

27.01.2022 08:27
«Няхай іх гісторыя матывуе нас адказна імкнуцца да міру, паважаць жыццё, годнасць і свабоду кожнага чалавека і народа», – адзначыў біскуп Рафал Маркоўскі.