Беларуская Служба

Ганна Канавалава пра дачку-палітвязня: «Жоўтыя біркі» не могуць паміж сабой камунікаваць

05.02.2022 13:50
Сям'я Ганны Анатольеўны Канавалавай падзеленая.
Аўдыё
  • Ганна Канавалава: "Кожны дзень я чакаю, калі не перамогі, то што ўрэшце ён пачне адпускаць людзей".
 .
Ганна Канавалава.Фота: prisoners.spring96.org

Спадарыня Ганна і двое яе малых унукаў ужо год жывуць у Варшаве. У Беларусі застаўся яе муж. І яе дачка Антаніна і зяць Сяргей. Антаніна Канавалава і Сяргей Ерашэвіч – палітвязні.

Падчас кампаніі па прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Антаніна Канавалава была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Антаніну затрымалі 6 верасня 2020 года, крыху пазней, 2 кастрычніка, і яе мужа – Сяргея Ярашэвіча. Абое знаходзіліся ў мінскім СІЗА-1, іх судзілі разам: па так званай справе тэлеграм-канала «Армия с народом» 7 траўня 2021 года мужу і жонцы далі па пяць з паловай гадоў калоніі паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «Масавыя беспарадкі».


Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч. Жонка і муж Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч. Жонка і муж

Ганна Канавалава год таму забрала дваіх унукаў – чатырох і шасці год, Насцю і Ваню – і з’ехала з Беларусі. На той момант яе дачка і зяць ужо былі пад вартаю.

– Каб зменшыць ціск на сваю дачку. Не думаю, што сітуацыя палепшылася. Але пасля жніўня 2020 года быў моцны ціск на тых, хто затрыманы па палітычных артыкулах, менавіта праз дзяцей. У нас самае слабае месца ў сям’і – дзеці. Я ні на грам не пашкадавала пра гэта рашэнне. Гэта брыдка, але маю дачку шантажавалі б дзецьмі, каб яна рабіла так, як гавораць. Мы абмяркоўвалі гэта, калі яшчэ дачка была на свабодзе. Але казалі не пра тое, што бабулі трэба будзе бегчы, гаварылі, што давядзецца ехаць Тоні. Таксама гаварылі пра тое, што трэба ратаваць дзяцей, ратаваць ад прытулку, бо ўлады зробяць усё, каб не даць нам іх пад апеку. Вось і ўсё. Канешне, мы думалі, што пераможам, таму не рабілі віз, нічога такога. У нас былі толькі дакументы дзяцей і дазвол на выезд ад бацькоў. І з гэтымі дакументамі мы выехалі ва Украіну. Мы ехалі ў нікуды. Не было знаёмых, каб там было можна пераседзець. Разлічвалі толькі на свае сілы.

У 20-ым годзе на нас увогуле ніхто ўвагі не звяртаў, Пасля трох месяцаў ва Украіне я разумела, што трэба з’язджаць з краіны, каб не парушаць заканадаўства. Мы адкрылі візы ў Польшчу. Я засталася адна з малымі, мяне заўважыла грамадзянская ініцыятыва «Партызанкі». Яны папрасілі дапамогі ў Фонда Humanosh, яшчэ дапамаглі нашы беларусы з швейцарскай дыяспары, яны дапамагаюць мне аплаціць кватэру.

Ганна Канавалава не была далёкім ад палітычных падзей чалавекам. Яна ўдзельнічала ў пратэстах у Мінску падчас выбарчых кампаній 2006 і 2010 гадоў. А 2020-ты здарыўся, бо столькі год жаданне пераменаў і голас людзей быў задушаны. Муж Ганны Анатольеўны застаўся ў Беларусі, каб дапамагаць зняволеным дачцэ і зяцю. Таму пытанні, чаму яна адна, недарэчныя.

– Як вы думаеце, складана знаходзіцца ў турме без сувязі, без нічога? Ён застаўся толькі таму, каб мець магчымасць дапамагаць дачцэ і зяцю. Мы не можам дапамагаць адным, але кідаць іншых Я думаю, гэта няправільна.

Спадарыня Ганна кажа, што за гэты час у вымушанай эміграцыі сустрэла шмат добрых людзей. Цяпер жа яе жыццё сканцэнтравана на выхаванні ўнукаў. Яны, да слова, добра засвойваюць польскую мову.

– На ўсім тым, што звязана з дзецьмі. Адвесці ў садок, у школу. Калі хварэюць, то інакш. Дзеці ж яшчэ малыя. Што такое сем і пяць год? Усё круціцца вакол іх. Пакуль адвяду, можа быць нейкая падпрацоўку. Калі няма, то справы па дому. У тры гадзіны забіраю Насцю з садка, такі распарадак. Усё круціцца-верціцца вакол дзяцей.

Канешне, я гавару ім, што яны беларусы. Павінны быць самыя лепшыя, ветлівыя, добрыя. Я мяркую, што беларусы прыгожая нацыя, як мы зарэкамендавалі сябе. Палякі з цеплынёй ставяцца да нас, спачуваюць гэта йнашай гісторыі. А дзеці растуць свабоднымі людзьмі. Развіваю, што закладзена ў іх прыродаю. Канешне, я не мама, а дзецям патрэбная найперш мама, гэта бясспрэчна.

З дачкой Антанінай, якая цяпер знаходзіцца ў гомельскай жаночай калоніі, сувязь падтрымліваюць праз лісты.

– Малайцы нашы дзяўчаты. Яны добра ведаюць пра сітуацыю. Хаця ім забаронена кантактаваць. «Жоўтыя біркі» не могуць паміж сабой камунікаваць. Атрад у яе 85 чалавек, яна доўгі час была адна палітычная. Цяпер іх трое. Ёсць ціск, і праз вязняў. 70% вязняў не разумеюць, што іх не задавальняла ў жыцці, у іх іншыя каштоўнасці, іншае жыццё. Цяжка.

Ганна Канавалава са сваімі вырабамі. Ганна Канавалава са сваімі вырабамі.

У медыйнай прасторы Ганна Анатольеўна стала добра вядомая, калі ініцыятыва «Партызанкі» пачала піярыць яе брэнд Babulia. Гэта вязаныя рэчы з казінага пуху. Ганна кажа, што больш за дзесяць год займалася вязаннем з казінага пуху, ёсць аднадумцы, з кім сумесна працуюць. Калі жыла ў Мінску, то ўдзельнічала ў розных ярмарках, у тым ліку і па-за межамі Беларусі – у Літве, Расіі. Прадавала свае рэчы нават у пераходзе каля Камароўкі, цэнтральнага рынка Мінска. І некаторыя пакупніцы пісалі ўжо цяпер, што памятаюць Ганну, набывалі ў яе рэчы.

– Дзе б ты ні пачынаў, гэта цяжка. У нас так жа, ёсць свае цяжкасці і праблемы. Але ёсць старонка ў інстаграме, дзе можна паглядзець, напісаць нешта, ёсць жывая камунікацыя. І можна нешта набыць. Вырабы з казінага пуху гіпаалергенныя, цёплыя. Пакуль дзеці не падрастуць, я разумею, што гэта будзе мой асноўны даход.

 

 

– Кожны дзень я чакаю, калі не перамогі, то што ўрэшце ён пачне адпускаць людзей. Толькі афіцыйна ў турмах больш за тысячу палітвязняў. А калі гэта памножыць на рэальныя маштабы? Колькі людзей у засценках, колькі пакутуе іх родных. Мой план – вызваленне палітвязняў, мы з дзецьмі дапамагаем гэтаму. Стаім з плакатам на мітынгах, каб усе бачылі, што маму і тату трымаюць у турме, дзеці без бацькоў. І яны ж не злачынцы. І баюся палічыць, калі скончыцца іх тэрмін.

Штосуботу мы рыхтуем для вас размовы з беларусамі, якія вымушана з’ехалі з Беларусі ў Польшчу з прычыны палітычнага пераследу.  

вх