Беларуская Служба

Выкінуў форму ў сметніцу і збег ад Лукашэнкі

21.10.2022 11:36
З былым футбольны дырэктарам барысаўскага БАТЭ Міхаілам Залеўскім пагутарыў партал Sport.pl.
Міхаіл Залеўскіhttps://www.youtube.com/watch?v=q4wqMUXf4RM

«Расія прайграе вайну з Украінай, а Лукашэнка страціць уладу. Акупацыя Беларусі скончыцца і тады мы пабудуем дэмакратычную краіну. Гэта толькі пытанне часу, – лічыць былы футбольны дырэктар барысаўскага БАТЭ Міхаіл Залеўскі, які збег у Польшчу ад рэжыму Лукашэнкі. З Залеўскім пагутарыў пагутарыў партал Sport.pl.

Адзначым, што Залеўскі з'яўляецца адным з заснавальнікаў Фонду салідарнасці беларускіх спартсменаў.

Некаторы час таму прэзідэнт УЕФА Аляксандр Чэферын заявіў, што беларускі футбол вольны ад рэжыму Лукашэнкі. Як вы гэта пракаментуеце?

- Хлусня!- кажа Залеўскі. – Цяжка было не пачуць пра Іллю Шкурына, які адмовіўся гуляць у зборнай, пакуль будзе кіраваць Лукашэнка. Да таго ж, дастаткова глядзець матчы мінскага «Дынама», любімца Лукашэнкі, якому пастаянна і нахабна дапамагалі карумпаваныя арбітры. Што тычыцца Чэферына, часта бывае, што людзі робяць выгляд, што не чуюць, калі тэма нязручная. Асабліва ў палітыцы. А спорт на такім узроўні – гэта ў значнай ступені палітыка. Мы паведамлялі ва УЕФА аб розных інцыдэнтах, махлярстве, карупцыі і дыскрымінацыі, але часта сутыкаліся з адмовай у прыняцці нашых заявак.

Якая ваша гісторыя? Два гады таму вы зʼехалі з Беларусі, як гэта адбылося?

– Да таго, як стаць спартыўным дырэктарам БАТЭ, я шмат гадоў працаваў у міліцыі. Калі пачаліся пратэсты, я выступіў з прамовай, якая мела вялікі рэзананс у сацыяльных сетках. Я прасіў сваіх былых калег не ўжываць гвалт, не спыняць пратэсты сілай. Такім чынам мяне хутка ўзяў на прыцэл КДБ. Калі я апублікаваў відэа, на якім выкідваю міліцэйскую форму ў сметніцу, я ўжо ведаў, што давядзецца ўцякаць.

Якой вы бачыце будучыню Беларусі?

– Я не марную час на гаданне будучыні. Я засяроджваюся на тым, каб дзейнічаць тут і цяпер. Я думаю толькі аб цяперашняй сітуацыі. Я спрабую дапамагчы, чым магу. І ўсімі магчымымі сродкамі расказваць свету, што адбываецца на маёй радзіме.

Многія задаюцца пытаннем, ці зможа беларускае войска падтрымаць расіян і нападзе на Украіну. Гэта рэальны сцэнар?

– Сёння гэта катэгарычна адмаўляць нельга. Але сумняваюся, што гэта зменіць аблічча вайны. Самае галоўнае, аднак, не мяняецца. Расія прайграе вайну з Украінай, а Лукашэнка страціць уладу. Такім чынам, скончыцца расійская акупацыя Беларусі, якая доўжыцца як мінімум два гады. Я не сумняваюся, што мы пабудуем дэмакратычную краіну. Пытанне толькі ў тым, калі гэта адбудзецца.

Міхаіл Залеўскі сказаў, што ён ўдзячны Міністэрству спорту і турызму, а таксама Алімпійскаму камітэту Польшчы і Паралімпійскаму камітэту Польшчы за тое, што выйшлі насустрач беларускім спартсменам, а таксама за рэальную дапамогу і супрацоўніцтва.
»Але больш за ўсё я хацеў бы падзякаваць простым палякам, якія штодзённа бескарысліва дапамагаюць украінцам і беларусам. Вы неверагодныя, а мы вашы даўжнікі«, – сказаў Залеўскі.

яс