Беларуская Служба

Тэолаг Наталля Васілевіч: Вернікі пачалі пазіцыянаваць сябе як сілу, якая мае меркаванне і выказвае яго

28.11.2022 20:23
Паводле падлікаў назіральнікаў, як мінімум сорак святароў зведалі рэпрэсіі з боку ўладаў з 2020-га года. Але размова толькі пра публічныя выпадкі.
Аўдыё
  • У нас вялікі фактар – Расія, вялікі сусед, які таксама спрабуе выкарыстоўваць рэлігію ў сваіх мэтах, і Беларусь бачыць як зону дамінацыі.
        ,     .
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк чысціць снег побач з Чырвоным касцёлам, які ўлады закрылі для набажэнстваў.Фота: chyrvony.by

Пра ўзаемадачыненні дзяржавы з рэлігіяй размаўляем з тэолагам, палітолагам Наталляй Васілевіч.

Слухайце размову у далучаным файле!

– Чаму дзяржава так заўзята пераследуе вернікаў і святароў, не зважаючы на канфесію? Як атрымалася, што надышлі часы, калі няма «нічога святога»?

– Трэба адзначыць, што і вернікі пачалі сябе пазіцыянаваць у грамадскім полі як сілу, якая мае сваё меркаванне і выказвае яго. Сілу, якая перастала быць лаяльнай па вызначэнні. Мы ведаем, што яшчэ яшчэ ў жніўні 2020 года Лукашэнка даволі жорстка выказаўся наконт удзелу святароў, вернікаў у пратэстах, выступіў з пагрозамі, што дзяржава не будзе глядзець на гэта абыякава. Гэта і выконваецца. Пераследуюць святароў, якія не маўчаць у публічнай прасторы. Па другое, гэта суцэльная зачыстка ўсяго жывога, якая адбываецца цяпер. Ці можна казаць, што ёсць асаблівы пераслед рабочых, навукоўцаў? Ёсць, але размова пра татальную зачыстку. Імунітэту няма, любы можа патрапіць пад рэпрэсіўную машыну.

– Вы маеце дачыненне да ініцыятывы «Хрысціянская візія». Можа быць, ёсць агульныя лічбы, якія паказваюць рэпрэсіі ў колькасным вымярэнні?

– Мы падлік адмысловы не вялі, але, калі наўскідку, то, можа быць, каля сарака святароў былі пад пераследам, ціскам з 2020 года. Але размова толькі пар публічныя выпадкі. Былі і выпадкі непублічныя, калі святароў выклікалі ў розныя ідэалагічныя аддзелы, пагражалі, прымушалі падпісваць згоду наконт супрацоўніцтва з рознымі структурамі і г.д. Шмат выпадкаў не выходзяць у публічную сферу, людзі баяцца нашкодзіць сабе яшчэ больш.

– 25 лістапада міністр МЗС Уладзімір Макей сустракаўся з апостальскім нунцыем. Ці можна меркаваць, што гэта была спроба разабрацца, што ж адбываецца ў Беларусі?

– Не думаю, што ў Ватыкана ёсць магчымасць ініцыяваць падобныя сустрэчы, каб разабрацца. Тут хутчэй адваротны парадак – калі ініцыятарам выступаў беларускі рэжым у асобе Макея, у задачы якога ўваходзіла ўсталяванне стасункаў, кантактаў, перамоў з заходнімі партнёрамі. Ватыкан, як мы бачым, не «качае правы», нават калі нормы перакочаныя. Быў рэзанансны выпадак, калі архібіскупу Тадэвушу Кандрусевічу не дазволілі прыехаць у Беларусь. Ватыкан доўга вырашаў гэта пытанне, рабіў гэта без ціску, дамаўляючыся. Гэта стыль ватыканскай дыпламатыі – з дыктатамі гаварыць без ціску. Мы ведаем, што Лукашэнка цягам 15 гадоў спрабуе выкарыстоўваць Ватыкан як пляцоўку для перамоваў з заходнім светам. І, магчыма, цяпер, заціснуты ў кут, ён зноў спрабаваў гэтую сілу, нейтральную сілу, выкарыстаць, каб хоць крыху выправіць свой геапалітычны стан. Хутчэй за ўсё размовы пра гэта вяліся, але ўсё вельмі непразрыста. І пра нешта меркаваць можна будзе толькі па выніках.

Лукашэнка цягам 15 гадоў спрабуе выкарыстоўваць Ватыкан як пляцоўку для перамоваў з заходнім светам.

– Ці можаце правесці нейкую паралель у гісторыі ва ўзаемадачынення «царква – улада»?

– Вельмі цяжка праводзіць паралелі, бо аналагічную сітуацыю я не магу згадаць, сітуацыю, дзе было б такое судачыненне сілаў у грамадстве, палітыцы. У нас вялікі фактар – Расія, вялікі сусед, які таксама спрабуе выкарыстоўваць рэлігію ў сваіх мэтах, і Беларусь бачыць як зону дамінацыі. Мне здаецца, што паралельнай, аналагічнай сітуацыі нельга знайсці ў гісторыі. Унікальны досвед, які мы праходзім.

– Беларусы ствараюць свае рэлігійныя супольнасці пра касцёлах, асяродкі ў замежжы, у эміграцыі. У Польшчы гэта ёсць ва ўсіх вялікіх гарадах. Ці можаце пра гэта распавесці?

– Размова не толькі пра касцёлы. У нас і пратэстанцкія беларускія цэрквы засноўваюцца ў замежжы, і праваслаўныя суполкі ёсць. Ёсць міжхрысціянскія аб’яднанні. Так, у замежжы, дзе ёсць свабода, гэты працэс адбываецца. І рэлігія, царква мае значэнне для часткі эмігрантаў, у нас жа і святароў шмат з’ехалі. Гэта таксама ў нейкім сэнсе магчымасць публічнага хрысціянскага сведчання. Але і ў Беларусі, калі святар сядзіць на «сутках», ён сведчыць, ён прыносіць святло ў гэтую камеру, дзе сядзіць. І выконвае сваю місію падтрымкі, духоўнага суцяшэння.

Калі святар сядзіць на «сутках», ён сведчыць, ён прыносіць святло ў камеру, выконвае сваю місію падтрымкі, духоўнага суцяшэння.

Калі некага судзяць, садзяць, гэта абуральна. Але і паказвае, што людзі не змірыліся, а працягваюць у сваіх думках, каментарах, размовах выказваць сваю пазіцыю. І нават гатовыя да пераследу. Гэта выклікае павагу. Я думаю, што за такімі людзьмі – будучыня хрысціянскага сведчання.

вх