Беларуская Служба

Праз тры месяцы ў Кракаве адбудуцца Еўрапейскія гульні

15.03.2023 16:21
Спартсмены з Расіі і Беларусі не будуць удзельнічаць у ІІІ Еўрапейскіх гульнях «Кракаў-Малапольша-2023».
Аўдыё
  • Праз тры месяцы ў Кракаве адбудуцца Еўрапейскія гульні
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

Ужо менш за сто дзён засталося да распачацця Еўрапейскіх гульняў у Польшчы. Напрыканцы чэрвеня і пачатку ліпеня ў Кракаве і некалькіх іншых гарадах Малапольшчы каля васьмі тысяч спартсменаў будуць спаборнічаць у 29 дысцыплінах. ІІІ Еўрапейскія гульні ў Кракаве будуць мець ранг Чэмпіянатаў Еўропы і свету або кваліфікацыі да адпаведных Гульняў.

ІІІ Еўрапейскія гульні ў Кракаве будуць найлепшым мерапрыемствам такога тыпу ў гісторыі, пераконвае міністр спорту і турызму Польшчы. Еўрапейскія спартсмены будуць змагацца ў Малапольшчы, між іншым, на стадыёнах у Кракаве, Тарнаве, Крыніцы-Здруй, Закапанэ, Хожаве, Вроцлаве і Жэшаве.

Міністр Каміль Бартнічук(Kamil Bortniczuk) падкрэсліў, што сёлетнія Еўрапейскія гульні будуць мець ранг кантынентальных гульняў:

- Гульні маюць кантынентальны характар. Еўропа даволі позна вырашыла аб іх арганізацыі. Аднак мы дабіліся таго, што спаборніцтвы ўсіх больш за дваццаці алімпійскіх дысцыплінаў, будуць праходзіць у рамках Чэмпіянату Еўропы або ў якасці непасрэднай алімпійскай кваліфікацыі. Такім чынам упершыню ў гісторыі мы атрымалі гарантыю, што ўсе лепшыя спартсмены Старога кантынента возьмуць удзел у Еўрапейскіх гульнях у Польшчы.

Міністр Бартнічук таксама нагадаў, што спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы ў рамках Еўрапейскіх гульняў стануць самым маштабным мерапрыемствам такога тыпу ў свеце:

- Больш за 3 тысячы спартсменаў, камандны чэмпіянат ва ўсіх спартыўных лігах, а не толькі, як раней, у першай. У Хожуве выступяць еўрапейскія прадстаўніцтвы ўсіх лігаў. Гэта будзе самае буйное лёгкаатлетычнае спаборніцтва ў гісторыі свету па колькасці ўдзельнікаў.

- сказаў міністр спорту і турызму Польшчы Каміль Бартнічук.

Між тым, кампанія «Еўрагульні-2023» ужо запусціла сістэму продажу білетаў на ўсе спаборніцтвы. Найбольш давядзецца заплаціць за ўваход на фінал па баскетболе 3 на 3 – тут кошт білета складзе 200 злотых (каля 42 еўра). За фінальную барацьбу ў скачках з трампліна і лёгкай атлетыцы заўзятары будуць прымушаны заплаціць адпаведна 90 і 100 злотых (19-21 еўра).

На чатыры дысцыпліны – тэкбол, падэль, муай-тай і кікбоксінг – уваход будзе свабодны, кажа дырэктар аддзелу білетаў кампаніі «Еўрапейскія гульні Кракаў-Малапольша 2023» Казімеж Квасэк(Kazimierz Kwasek):

- Вызначаючы цэны білетаў мы бралі пад увагу, перш за ўсё, польскіх заўзятараў. То бок яны павінны каштаваць у сярэднім да ста злотых (больш за 21 еўра). Зразумела яны залежаць ад колькасці месцаў на трыбуне, узроўню спаборніцтва. Асноўны прынцып быў такі, каб цэны квіткоў задавальнялі польскіх гледачоў.

На ўсіх арэнах будзе даступна 400 тысяч месцаў для гледачоў. У Кракаве надалей працягваецца рамонт стадыёна «Вісла Кракаў», які стане арэнай адкрыцця і закрыцця Еўрапейскіх гульняў.

«Мы будзем гатовы», – запэўнівае старшыня аргкамітэта Еўрапейскіх гульняў у Кракаве Марцін Новак (Marcin Nowak):

- Мы гатовыя. Паводле раней прынятая графіка падрыхтоўкі, мы паспяваем. Калі ёсць нейкія спазненні, то яны не настолькі сур’ёзныя, каб рэальным чынам паўплываць на арганізацыю гульняў.

Аргкамітэт рыхтуецца да правядзення апошніх тэндэраў:

- У бліжэйшым часе мы чакаем яшчэ тэндэраў, датычных транспарту. Заканчваем тэндэры, датычныя будаўніцтва часовай інфраструктуры. Завяршаем тэндэры па ахове і медыцынскім забеспячэнні мерапрыемства.

Між тым, паміж кракаўскімі чыноўнікамі ўзнікла спрэчка вакол спаборніцтваў, якія запланаваныя на Галоўнай плошчы ў Кракаве.

Цэнтр аховы спадчыны з кракаўскай ратушы адмовіўся даць згоду на правядзенне двух спаборніцтваў у гістарычным цэнтры горада. Гаворка ідзе пра тэкбол і падэль. Тэкбол – гэта спалучэнне футбола і настольнага тэніса, а падэль – гэта спалучэнне тэніса і сквоша.

«Гэта азначала б, што рынак на 24 дні быў бы забудаваны велізарнай часовай спартыўнай інфраструктурай », – паясняе ўпаўнаважаны кракаўскай ратушы па пытаннях культуры Робэрт Пяскоўскі(Robert Piaskowski):

- Мы адназначна заявілі, што настолькі буйная інфраструктура не магчымая на рынку па розных прычынах, у тым ліку, з-за ейнай вагі, з-за лагістыкі, а таксама эстэтыкі месца. Перш за ўсё, такая інфраструктура супярэчыць прынцыпам аховы згаданага культурная краявіду.

«Гэта змена ранейшых дамоўленасцей за тры месяцы да пачатку Гульняў», – кажа віцэ-старшыня кампаніі «Еўрапейскія гульні 2023», паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Кракава па арганізацыі мерапрыемства Януш Козёл(Janusz Kozioł):

- Калі нехта на тры месяцы да распачацця мерапрыемства лічыць, што можна лёгка памяняць месца спаборніцтваў, то гэта значыць, што ён нічога не разумее. Калі ўлады Кракава вырашылі гасціць Еўрапейскія гульні, каб пры нагодзе прасоўваць сам горад, то візітнай картачкай Кракава напэўна не з’яўляецца стадыён «Вісла», але сам гістарычны цэнтр горада.

Гарадскія ўлады прапануюць арганізаваць спаборніцтвы па дзвюх згаданых дысцыплінах на Падгурскім рынку або на кракаўскіх Блонях. У сваю чаргу аргкамітэт мерапрыемства пераконвае, што праводзіць спаборніцтвы ў гэтых месцах немагчыма.

Еўрапейскія гульні стартуюць у Кракаве 21 чэрвеня і працягнуцца да 2 ліпеня. У Кракаве на плошчы Яна Новака Езяранскага быў усталяваны гадзіннік, на якім пачаўся зваротны адлік да пачатку ІІІ Еўрапейскіх гульняў.

Еўрапейскія гульні – рэгіянальныя міжнародныя комплексныя спартыўныя спаборніцтвы сярод атлетаў Еўрапейскага кантынента, якія праводзяцца раз у чатыры гады пад кіраўніцтвам Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Першыя Еўрапейскія гульні адбыліся ў Баку ў 2015 годзе.

Спартсмены з Расіі і Беларусі не будуць удзельнічаць у ІІІ Еўрапейскіх гульнях «Кракаў-Малапольша-2023» – гэта з-за вайны ва Украіне.

IAR/аз

Польшча прапануе стварыць каманду-бежанцаў для спартсменаў з Беларусі і Расіі

17.02.2023 11:38
Удзельнікі каманды маглі б удзельнічаць у Летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе і Зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане ў 2026 годзе.

У Алімпійскім руху паглыбляецца раскол

17.02.2023 12:24
Частка краін супраць удзелу расіян ды беларусаў у Алімпійскіх гульнях.