Беларуская Служба

Польшча прапануе стварыць каманду-бежанцаў для спартсменаў з Беларусі і Расіі

17.02.2023 11:38
Удзельнікі каманды маглі б удзельнічаць у Летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе і Зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане ў 2026 годзе.
Аўдыё
  • Польшча прапануе стварыць каманду-бежанцаў для спартсменаў з Беларусі і Расіі
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/anncapictures

Польскія ўлады лічаць недапушчальным удзел расійскіх і беларускіх спартсменаў у Алімпійскіх гульнях. Занепакоеныя апошнімі неадназначнымі заявамі Міжнароднага алімпійскага камітэта, яны вырашылі стварыць міжнародную кааліцыю па гэтай справе. У крайнім выпадку Польшча бярэ таксама пад увагу байкот спаборніцтваў.

Міністр спорту і турызму Каміль Бартнічук (Kamil Bortniczuk) заявіў пра магчымы байкот Алімпійскіх гульняў з боку Польшчы, калі ў іх возьме ўдзел Расія і Беларусь.

Нагадваем, у студзені Міжнародны алімпійскі камітэт заявіў, што будзе імкнуцца да таго, каб расійскія і беларускія спартсмены маглі ўдзельнічаць пад нейтральным сцягам у Летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе і Зімовых Алімпійскіх гульнях у Мілане ў 2026 годзе. Паводле Міжнароднага алімпійскага камітэта, нельга адмовіць спартсмену ва ўдзеле ў спаборніцтвах толькі з-за яго пашпарта.

Міністр Каміль Бартнічук нагадаў, што Польшча прапанавала Міжнароднаму алімпійскаму камітэту стварыць каманду ўцекачоў для расіян і беларусаў, каб яны не выступалі пад сцягамі краінаў-агрэсараў:

- Гэта формула, якая дазваляе спартсменам прыняць удзел у гульнях незалежна ад іх паходжання, грамадзянства і пашпарта – на што менавіта спасылаецца ААН і старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. Адначасова такая формула дае гарантыю, што гэта будуць асобы, якія адназначна не падтрымліваюць вайны Пуціна. Гаворка ідзе пра дысідэнтаў, якія па розных прычынах былі прымушаныя збегчы ад рэжымаў Лукашэнкі ці Пуціна. У іншым выпадку не будзе магчымасці праверкі ўдзельнікаў. У сітуацыі, калі гэта Алімпійскі камітэт Расіі будзе вызначаць сваіх прадстаўнікоў да ўдзелу ў гульнях, то там ніякіх праціўнікаў Пуціна не будзе. Алімпійскі камітэт Расіі, як кожная ўстанова ў гэтай краіне, падпарадкаваны рэжыму Пуціна.

Міністр Каміль Бартнічук запэўнівае, што стварыць каманды спартсменаў-уцекачоў, якія прадстаўляюць алімпійскі ўзровень спорту, праблем не было б. Тым больш, што такая формула ўжо дзейнічае ў міжнародным спорце:

- Гэта, напрыклад, тычыцца спадарыні Крысціны Ціманоўскай, якая пасля Алімпійскіх гульняў у Токіа не вярнулася ўжо ў Беларусь і засталася ў Польшчы. Я думаю, што такіх асобаў шмат. Напрыклад, многія расійскія спартсмены пастаянна пражываюць за мяжой Расіі. Для іх гэта таксама магла б быць нагода «укараніцца ў заходняй цывілізацыі», то бок там, дзе яны пражываюць, дзе ў іх сябры іг.д. Дарэчы, каманда бежанцаў – гэта не новая ідэя. Такая формула дзейнічае ў лёгкай атлетыцы ўжо некалькі гадоў. Да гэтай пары ў ейны склад уваходзілі, перш за ўсё, асобныя спартсмены з Эфіопіі, Сірыі і іншых краінаў, дзе працягваецца вайна.

Каміль Бартнічук адзначыў, што пакуль рана пагражаць байкотам гульняў, але Польшча такой магчымасці не выключае:

- Пакуль мы гаворым пра тое, што ў крытычнай сітуацыі, мы гатовыя ўзяць такое рашэнне пад увагу. Мы таксама будуем падтрымку ў нашых заходніх партнёраў. Гэта не сакрэт, што чым далей ад мяжы з Украінай, тым разуменне вайны і неабходнасці складаных рашэнняў, якія трэба прымаць – меншае.

Міністр нагадаў, што магчымы байкот – гэта складанае рашэнне таксама з перспектывы польскіх спартсменаў:

- Нашай мэтай не з'яўляюцца алімпійскія гульні без Польшчы, ці без Украіны. Гэта было б курʼёзам, калі б аказалася, што Украіна – ахвяра Расіі не будзе ўдзельнічаць у мерапрыемствах, а Расія – будзе. Ад 24 лютага мінулага годa нічога не змянілася ў паводзінах Расіі, таму няма прадпасылак для змякчэння санкцыяў. І мы будзем намагацца пераканаць да такога падыходу Міжнародны алімпійскі камітэт і ўвесь спартыўны свет.

Каміль Бартнічук дадаў, што гэтая тэма абмяркоўвалася падчас ягонай апошняй сустрэчы са старшынямі амаль усіх польскіх спартыўных асацыяцыяў. «Тут ёсць поўная згода па гэтым пытанні», – сказаў міністр. Палітык таксама паўтарыў раней выказаную пазіцыю міністраў спорту каля 30 краін, якія выступілі за тое, каб з-за вайны ва Украіне, расіяне і беларусы не маглі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Парыжы.

Магчымы ўдзел у Алімпійскіх гульнях спартсменаў з Беларусі і Расіі раскрытыкаваў таксама прэзідэнт Польшчы. Падчас свайго візіту ў Лондане Анджэй Дуда заявіў, што спартсмены, якія падтрымліваюць расійскае ўварванне, не могуць удзельнічаць у спаборніцтвах:

- Я перакананы, што ніхто з тых, хто дапускае расійскую агрэсію ва Украіне і прымае палітыку, якая праводзіцца прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, не можа ўдзельнічаць у вялікім свяце спорту, міру і сяброўства, якім зʼяўляюцца Алімпійскія гульні. І ў гэтым не можа быць ніякіх сумневаў.

- заявіў прэзідэнт Польшчы.

Падобным чынам раней выказаўся кіраўнік Алімпійскага камітэта Украіны Вадзім Гутцайт. Паводле яго, пакуль не скончыцца вайна, спартсмены з краіны, якая напала на Украіну і Беларусі, якая яе падтрымлівае, не могуць удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах:

- Мы будзем дзейнічаць па ўсіх франтах, будзем выкарыстоўваць усе магчымасці, каб гэтыя спартсмены не былі дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў. Хачу падзякаваць міністрам спорту ўсіх краін, якія вырашылі не дапусціць расіян і беларусаў, у тым ліку да Алімпійскіх гульняў. Важна, што нас падтрымліваюць таксама алімпійскія камітэты асобных краін, як гэта зрабілі камітэты краін Балтыі і Скандынавіі. Мы працуем з іншымі партнёрамі, у тым ліку з Румыніі і Польшчы. Дзякуй нашым польскім сябрам.

Кіраўнік Алімпійскага камітэта Украіны падкрэсліў, што ён удзячны старшыні МАК за тое, што з моманту агрэсіі Расіі супраць Украіны расійскія і беларускія спартсмены не маюць права выступаць на міжнародных спаборніцтвах пад сваімі сцягамі. Аднак яго непакояць апошнія дыскусіі на гэтую тэму.

IAR/аз

Украіна змагаецца за тое, каб расіян і беларусаў не дапусцілі да ўдзелу ў міжнародных спартыўных спаборніцтваў

13.02.2023 18:02
Кіраўнік Алімпійскага камітэта Украіны Вадзім Гутцайт падзякаваў палякам за падтрымку ў гэтай справе.

Міністр спорту: Байкот Польшчай Алімпійскіх гульняў, калі ў іх возьме ўдзел Расія, будзе крайняй мерай

15.02.2023 16:12
Польшча прапанавала Міжнароднаму алімпійскаму камітэту стварыць для расіян і беларусаў каманду ўцекачоў, каб яны не выступалі пад сцягамі краінаў-агрэсараў.

Анджэй Дуда раскрытыкаваў магчымы ўдзел у Алімпійскіх гульнях спартоўцаў з Беларусі і Расіі

16.02.2023 22:01
Раней польскі міністр спорту заявіў, што Польшча не выключае варыянта байкоту Алімпійскіх гульняў з удзелам беларускіх і расійскіх спартоўцаў.