У варшаўскім дадатку выдання Gazeta Wyborcza змешчаная гутарка з псіхіятрам Магдаленай Лабэндзкай (Magdalena Łabędzka). Гаворка ідзе пра частую залежнасць дзяцей і моладзі ад псіхатропных рэчываў, у дадзеным выпадку лякарстваў. Падлеткі прымаюць лекі, каб змяніць стан свядомасці, прытупіць цяжкія эмоцыі, забыць пра праблемы ў школе ці з равеснікамі. Яны жадаюць на момант адключыцца або перажыць эйфарыю. У Польшчы вельмі цяжка запісацца на прыём да дзіцячага псіхіятра або псіхатэрапеўта, трэба доўга чакаць, а прыватны візіт вельмі дарагі. Таму падлеткі часам «лечацца» самастойна, з дрэннымі наступствамі, паколькі ў такім выпадку лякарствы перастаюць быць лякарствамі, а становяцца наркотыкамі, – адзначае экспертка.
Якім чынам моладзь атрымлівае доступ да лякарстваў? Імі гандлююць людзі, якім лекары выпісваюць рэцэпты. Скажам, некаторыя пажылыя асобы такім чынам імкнуцца крыху падзарабіць. Калісьці было значна складаней раздабыць рэцэпт, але, калі пачалася пандэмія, паявілася магчымасць запісацца на віртуальны візіт да доктара, шмат асоб гэтым карыстаецца, паколькі паявіліся спецыяльныя інтэрнэт-парталы, на якіх можна купіць рэцэпт практычна на любы лек, часам нават без неабходнасці паказваць вынікі аналізаў ці ход ранейшага лячэння.
Ці можна ацаніць маштаб залежнасці падлеткаў ад лякарстваў? Паводле словаў псіхіятра, цяжка гэта зрабіць, ніхто не вядзе дакладнай статыстыкі. На ўласным прыкладзе яна можа сказаць, што каля 15% падлеткаў-пацыентаў яе клінікі маюць праблемы з залежнасцю ад розных псіхаактыўных рэчываў, у тым ліку лякарстваў. Аднак на самой справе праблема значна больш маштабная. Бацькі прыводзяць сваіх дзяцей да псіхіятраў па розных прычынах – напрыклад, таму, што ў іх праблемы са сном, яны перасталі хадзіць у школу, вярнуліся п’янымі з вечарынкі, пагоршыліся адзнакі. І толькі праз нейкі час аказваецца, што яны злоўжываюць лякарствамі або іншымі субстанцыямі.
Як пазбавіцца ад такой залежнасці? На шчасце, у выпадку маладых людзей як правіла гэта слабая залежнасць. Часам трэба змясціць падлетка ў закрытым рэабілітацыйным цэнтры, у аддзяленні дэтаксікацыі. Аднак, часцей за ўсё дастаткова амбулаторнай тэрапіі. Маладыя людзі часцей за ўсё даволі ахвотна супрацоўнічаюць з лекарам, хутка бачаць паляпшэнне стану здароўя і самаадчування. Важная таксама індывідуальная псіхатэрапія з пацыентам і яго сям’ёй, – кажа Магдалена Лабэндзка.
нг