18 гадоў таму, 2 красавіка 2005 года, пайшоў з жыцця Папа Рымскі Ян Павел ІІ. Да сваіх апошніх дзён, праведзеных у пакутах з-за цяжкай хваробы, Ян Павел II заклікаў да разважанняў аб жыцці, любові і пакліканні чалавека да святасці.
У 18-ю гадавіну смерці папы-паляка Яна Паўла ІІ ў многіх польскіх гарадах прайшлі працэсіі падзякі і памяці аб пантыфіке – Белыя маршы. «Гэта святы чалавек, які зрабіў так шмат для нашай радзімы. Ягоны аўтарытэт і заслугі цяжка спасцігнуць», – лічыць адна з удзельніц Белага маршу ў Шчэціне.
Падчас шэсцяў па вуліцах польскіх гарадоў і мястэчак з рэпрадуктараў гучалі ўрыўкі з пропаведзяў Яна Паўла ІІ. Ва Украіне, якая стала блізкай і саюзніцкай краінай для Польшчы таксама прыгадвалі папу-паляка.
Ян Павел ІІ наведаў Львоў і Кіеў у чэрвені 2001 г. Яго сустракалі натоўпы ўкраінцаў. Прадстаяцель Грэка-каталіцкай Царквы Украіны Мітрапаліт Святаслаў Шаўчук прыгадаў, што падчас свайго візіту папа рымскі гаварыў пра прынцыповыя для маладой украінскай дзяржаўнасці рэчы.
Паводле Прадстаяцель Грэка-каталіцкай Царквы Украіны, Ян Павел II «справакаваў Украіну на далейшы шлях ператварэння з постсавецкай калоніі ў сапраўды свабодную, незалежную дэмакратычную дзяржаву». Пантыфік казаў пра тое, што такое сапраўдная дэмакратыя і якой яна павінна быць. Ян Павал ІІ з'яўляецца апекуном польска-ўкраінскай еднасці. Імем Яна Паўла названы вуліцы ў розных гарадах Украіны, у тым ліку ў Хмяльніцкім, Івана-Франкоўску, Вінніцы і Жытоміры і Кіеве. На жаль, Ян Павел ІІ так і не паспеў даехаць да Беларусі.
У маршы памяці пантыфіка ў польскай сталіцы ў Варшаве прынялі ўдзел каля 50 тысяч чалавек. Арганізатарам шэсця выступіў «Цэнтр жыцця і сямʼі». Старшыня арганізацыі Павел Аздоба лічыць, што такім чынам палякі праяўляюцца адданасць вучэнню Яна Паўла ІІ:
-У Варшаве агромністая колькасць людзей прыйшла прадэманстраваць вялікае значэння жыццёвай навукі Яна Паўла ІІ – гэта ўзнёслы момант. Спадзяюся, што такія маршы стануць новай старонкай ва ўмацаванні адзінства палякаў, абапіраючыся на навучанне папы Яна Паўла ІІ.
У 18-ую гадавіну смерці пантыфіка, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда даў адмысловае інтэрвʼю грамадскаму тэлебачанню TVP, прысвечанае значэнню асобы папы-паляка ў гісторыі Польшчы. Анджэй Дуда, сярод іншага, звярнуў вагу на лёсавызначальную ролю пантыфіка ў еўраатлантычнай інтэграцыі Польшчы:
-Ян Павел II заклікаў палякаў данесці да еўрапейскай супольнасці важныя для нашага народа каштоўнасці. Яго голас меў тады, перад рэферэндумам аб членстве ў ЕЗ, вялікае значэнне. Для Яна Паўла ІІ еўрапейскія каштоўнасці непадзельна заснаваны на хрысціянскіх каштоўнасцях, і іх разбурэнне будзе азначаць і разбурэнне еўрапейскай цывілізацыі. Яны зʼяўляюцца велізарнай і вельмі моцнай яе часткай, яны зʼяўляюцца яе злучным элементам. Вось чаму зараз яны знішчыць Святога Айца любой цаной, але гэта немагчыма.
Пад займеннікам «яны» польскі лідар меў на ўвазе частку апазіцыйных колаў, а перадусім буйнейшае прыватнае тэлебачанне ў Польшчы TVN. Менавіта гэта тэлебачанне некалькі тыдняў таму паказала рэпартаж, у якім раскрытыкавала Яна Паўла ІІ за яго недастаткова рашучую пазіцыю па барацьбе з педафіліяй у касцёле.
Выказванне прэзідэнта Дуды, маршы памяці аб Яне Паўле ІІ шмат у чым зʼяўляюцца адказам на такую рыторыку ліберальных апазіцыйных колаў. Як бачна на прыкладзе гэтай гісторыі нават постаць святога Яна Паўла ІІ ужо не ў стане абʼяднаць усіх без выключэння палякаў, як гэта было яшчэ 20 гадоў таму.
Слухайце аўдыё!
iar/pr/эж