Калі для нас буслы з'яўляюцца сімвалам шчасця і мы нецярпліва чакаем іх вясной, то ў іншых частках свету яны зʼяўляюцца забаўкай самага нізкага ўзроўню, піша Gazeta.pl.
Браканьеры ў Ліване накіроўваюць зброю ў неба кожны раз, калі бачаць буслоў.
Аб гэтай ганебнай практыцы, папулярнай у Ліване, паведамляе Камітэт супраць забівання птушак (CABS), які адсочвае незаконны адстрэл буслоў.
«Цяжка паверыць, але буслоў, якія спрабуюць вярнуцца на месца гнездавання, у Ліване масава адстрэльваюць браканьеры», – чытаем на старонцы арганізацыі ў Facebook.
CABS паведамляе, што браканьеры асабліва актыўныя на поўначы краіны. На мяжы з Сірыяй знайшлі мёртвых буслоў. «У іх выняты дробны фрагмент цела з вобласці грудзей. Відавочна для спажывання», – адзначаюць актывісты. «Цяжка паверыць у такі ўзровень жорсткасці», – каментуюць яны.
У Ліване да адстрэлу буслоў ставяцца як да забавы. Ліванскія сілы бяспекі арыштавалі аднаго чалавека пасля таго, як актывісты ўбачылі, як група браканьераў страляла ў чараду з каля 500 буслоў. Было яшчэ шмат падобных інцыдэнтаў, расследаванне працягваецца.
Чаму ў Ліване забіваюць буслоў?
Бернард Абі Надэр, ветэрынар, які падрыхтаваў справаздачу аб сітуацыі з мігруючымі птушкамі ў Ліване для Камітэта супраць забівання птушак (CABS), патлумачыў у інтэрвʼю, апублікаваным на сайце bociany.pl, што не ўсіх птушак забіваюць для спажывання.
«Іх забіваюць паляўнічыя-аматары, якія вельмі маладыя і не маюць ведаў аб паляванні. Яны лічаць паляванне забаўкай, гульнёй (...). Паляванне зʼяўляецца часткай ліванскай культуры, але часцей за ўсё самым вялікім поспехам яны лічаць адстрэл ахоўнай птушкі. Аднак гэта прыводзіць да канфлікту паміж эколагамі і паляўнічымі», – растлумачыў ветэрынар.
Бернард Абі Надэр растлумачыў, што хоць паляванне ў Ліване забаронена з 2004 года, забарона не выконваецца. «Людзі не паважаюць і недаацэньваюць птушак», – падкрэсліў ліванец.
яс