Беларуская Служба

Практычныя парады, як дапамагчы асобам, якія перажылі катаванні

26.06.2023 14:43
26 чэрвеня – Міжнародны дзень ААН у падтрымку ахвяр катаванняў
Аўдыё
  • 26 чэрвеня – Міжнародны дзень ААН у падтрымку ахвяр катаванняў
Імке Хансен.

Доўгі час катаванні здаваліся нечым, што адбываецца ў іншых месцах, не з'яўляючыся часткай Еўропы. Гэта змянілася з масавымі рэпрэсіямі ў Беларусі і вайной Расіі супраць Украіны.

У аказанні падтрымкі асобам з досведам катаванняў ёсць шмат выклікаў і праблем. З іншага боку, ёсць шмат магчымасцяў падтрымліваць і ўплываць на досвед гэтых людзей, калі яны апынуцца на свабодзе. Якім чынам гэта рабіць расказала Імке Хансен – траўматэрапеўтка, праваабаронца і доктар філасофскіх навук з Германіі ў рамках Тыдня супраць катаванняў. Яна мае восем гадоў вопыту аказання псіхасацыяльнай дапамогі на перадавой ва Украіне і ў кантэксце рэпрэсій у Беларусі.

Імке Хансен гаворыць, што падтрымка не абавязкова павінна быць прафесійнай. Дапамога спецыялістаў патрэбная каля 20% людзей, якія перажылі катаванні, астатнім 80% дастаткова падтрымкі блізкіх і людзей, якія перажылі тое ж самае. Вельмі часта траўматызаваныя людзі лепш успрымаюць дапамогу ад звычайных людзей, якія сапраўды могуць зрабіць шмат, пераконвае Імке Хансен.

Першае, што трэба рабіць – гэта аднаўляць пачуццё бяспекі. Тут трэба разумець, што фізічная бяспека і пачуццё бяспекі – гэта вельмі розныя рэчы, гаворыць траўматэрапеўтка:

-Як мы можам падтрымліваць пачуццё бяспекі? Звычайны чалавек думае, што гэта адсутнасць стрэсавых фактараў. Але гэта не так. Стрэсавыя фактары – гэта акей, калі ў нас ёсць здольнасць з імі справіцца. Тут самае важнае – арыентаванне. У людзей у няволі не было выбару, кантролю, яны не разумелі сітуацыі, часта не разумелі, дзе яны знаходзяцца. Арыентаванне дапамагае нам адчуваць кантроль, адчуваць большую бяспеку. Асабліва, калі ў нас досвед жыцця без кантролю. Вельмі важна, каб стварыць умовы, дзе людзі сарыентуюцца і зразумеюць, што адбываецца.
Імке Хансен працягвае, што патрэбным з’яўляецца пачуццё кантролю, наяўнасць выбару, нават у вельмі простых справах.

Людзі, якія суправаджаюць чалавека пасля зняволення і катаванняў, самі павінны паводзіць сябе ўпэўнена: мы з табою побач і мы ўпэўнены, што разам мы справімся.

Чарговы крок – гэта аднаўленне сувязяў і даверу да людзей. Гэта трэба рабіць павольна, з церпялівасцю, з асцярожнасцю.

-З майго досведу: дапамагае, калі вы паспрабуеце быць аўтэнтычнымі. Людзі, якія дапамагаюць, могуць сказаць: для мяне гэта таксама новая сітуацыя, я адчуваю сябе перагружанай. Я баюся, што магу пашкодзіць. Калі ласка, дапамажы мне, каб я магла дапамагчы табе. Заўсёды можна падзяліцца тым, як мы сябе адчуваем. Для іншай нервовай сістэмы – гэта больш знак сілы, чым слабасці.

Трэці важны элемент – гэта перспектыва чалавека, які дапамагае. Нельга глядзець на чалавека побач як тых, хто сутыкнуўся з насіллем, але як на моцных людзей, якія выжылі. Клопат пра гэтых людзей не павінен канфліктаваць з іх патрэбамі. Неабходна падтрымліваць так, каб яны самыя маглі рэалізаваць свае патрэбы.

- Яны не толькі выжылі. Яны бачылі нешта, пра што мы мала ведаем. Людзі, якія выжылі ў такіх экстрэмальных сітуацыях, маюць веды і досвед, будуюць сілу і мудрасць.

Траўматызаваным людзям вельмі дапамагае перажыванне супрацьлеглага досведу, а таксама пачуццё выбару і пачуццё кантролю, якіх у зняволенні не было.

-Замест думаць, што я ведаю лепш, што цяпер такому чалавеку неабходна, лепш запытацца. Такія паводзіны выклікаюць непрыемныя пачуцці, гэта парушэнне мяжы. Іншы чалавек лезе ў нашую сферу адказнасці. Вельмі важна ўключаць гэтых людзей у кожнае рашэнне.

Калі вы пытаецеся пра досвед людзей, то найлепш задаваць пытанні як мага больш адкрыта. Калі для цябе гэта акей, раскажы, што адбылося. Як выглядаў звычайны дзень, што адбылося потым? Не пытацца: а цябе білі, катавалі? Ты нешта казаў? Пытанні «так», «не» мы стараемся не выкарыстоўваць. Пытаючыся, ці цябе білі, мы ўжо закладваем, што білі. Мы нічога не ведаем пра сітуацыю, а яна звычайна на столькі іншая, чым мы яе ўяўляем, што лепш людзям даць магчымасць расказаць сваю гісторыю па-свойму.

Людзі з досведам катаванняў – гэта не хворыя людзі, а людзі, якія былі ў хворых умовах. Такія людзі перадаюць грамадству досвед, смеласць і мудрасць, але ў іх можа быць праблема з надзеяй, гаворыць Імке Хансен. Таму наша задача, каб яны гэтую надзею не страцілі.

слухайце аўдыё

ав