Беларуская Служба

Беларускамоўная ўкраінка: «Кожнага расейскамоўнага беларуса ад беларускай мовы аддзяляе толькі адна кніжка Караткевіча…»

28.06.2023 17:39
Марэля восем месяцаў таму ўпершыню пачула беларускую мову, але зараз размаўляе на ёй так, што цяжка адрозніць яе ад беларускі. 
Аўдыё
  • Беларускамоўная ўкраінка: “Кожнага расейскамоўнага беларуса ад беларускай мовы аддзяляе толькі адна кніжка Караткевіча…”
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:rafabendo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Марэля родам з украінскага Дняпра, жыве і вучыцца ў Польшчы. Восем месяцаў таму ўпершыню пачула беларускую мову, але зараз размаўляе на ёй так, што цяжка адрозніць яе ад беларускі. Аб тым, як дзяўчына прыйшла да беларускай мовы, што думае пра беларусаў і якія мае з імі стасункі ў інтэрв’ю нашаму радыё.

Марэля, я калі першы раз пачуў вашу беларускую мову, не адразу ўцяміў, што вы не беларуска. Адкуль такая беларуская мова ва ўкраінкі?

- Калі напачатку вайны я з мамай і малодшым братам патрапіла ў Францыю, там пачала думаць і пра Украіну і пра Польшчу, Расею. Думала пра гэтыя краіны, якія ведаю, уяўляла, што там адбываецца. А вось, калі падумала пра Беларусь, то для мяне гэта была папросту белая пляма. Я разумела, што амаль нічога не ведаю аб гэтай краіне. Гэта выглядала дзіўна. Я зразумела, што не ведаю іх нацыянальных герояў, ніколі ў жыцці не чытала іх кніжак і наагул не чула іх мовы. Мне захацелася хоць нешта даведацца пра гэтую краіну, але я нічога дзеля гэтага не рабіла.

І тады былі зроблены першыя крокі?

- Не зусім так. Была яшчэ адна гісторыя. Неяк седзячы ў кавярні пачула размову маёй знаёмай з хлопцам, які размаўляў нібы па-украінску. Праўда, яго не магла зразумець, здавалася, што гаворыць на нейкім дыялекце. І я зрабіла яму камплімент, маўляў, “хлопча, у тэбэ така гарна украіньська мова”. А мая сяброўка сказала, што ён з Беларусі і гаворыць па-беларуску. Гэта было вельмі дзіўна пачуць гэтую мову.

Першае ўражанне

Я разумею, што гэта было ваша першае ўражанне ад беларускай мовы – якім яно было?

- Насамрэч было цікава, бо нібыта табе знаёмыя ўсе словы, але нешта выдае інакшасць, нават чужароднасць. Гэта мова мне здалася такой дзівоснай.

Ва Украіне няма другога Караткевіча

Так пачалося знаёмства з мовай і хлопцам… А як вы вучылі мову?

- Мы вельмі добра пасябравалі з хлопцам і я тады даведалася пра ўсё, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі. А што датычыць мовы, то я не сядзела ні над якімі падручнікамі, не вучыла ні граматыкі, нічога іншага. Я проста чытала кнігі і размаўляла са сваім хлопцам.

 І што чытала…

Дзяўчына: Першая мая кніжка была “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Мой хлопец казаў, што я не здолею яе прачытаць. І я б сказала, што гэта адна з найлепшых кніжак, якія я прачытала ў сваім жыцці. У нас ва Украіне, мне здаецца, так не пішуць. І гэта заварожвае. Гэта кніжка прывяла мяне да вельмі цікавых высноваў і дзеянняў у маім уласным жыцці.

Уразілі беларускія песні

 А што наступіла за прачытанай кнігай…

- Потым я пазнаёмілася з Пазнаньскім спеўным сходам, пачала туды хадзіць, слухаць, як яны спяваюць. Пазнаёмілася з музыкай і беларускімі песнямі, якія таксама на мяне ўплывалі і сталі ўлюбёнымі, якія я часта слухаю і якія мяне натхняюць у розныя цяжкія хвіліны. Адна з такіх песень “Дзе мой край?” на словы Караткевіча. Яна вельмі рэзануе з тым, што са мной цяпер адбываецца. Пад гэту песню я не магу не думаць дзе мой край, што з ім. І не магу не думаць пра той край, дзе была напісана гэта песня.

Мы былі вельмі адмежаваныя адны ад другіх

Уражвае, што жывучы па-суседску вы нічога не ведалі пра Беларусь.

- Магчыма ў 2020 годзе я нешта чытала пра падзеі ў Беларусі, але як бы гэта жахліва не гучала, тады я была больш зацікаўлена падзеямі ў Расеі.

Так тады выглядала сітуацыя ў цэлым ва Украіне?

- Так, мы былі вельмі адмежаваныя адныя ад другіх нягледзячы на тое, што маем вялізны пласт супольнай культуры і гісторыі. Ад свайго хлопца я пачала даведвацца аб тым, што адбывалася ў вас у 20-ым годзе. Пра тое, як пацярпела яго сям’я, яго сябры, як тысячы людзей патрапілі ў вязніцы, а яшчэ больш вымушаны былі з’ехаць за мяжу. Я вельмі блізка ўсё гэта да сэрца ўспрыняла.

У той час пад уплывам вайны стаўленне ўкраінцаў да беларусаў змянілася…

- Стаўленне да беларусаў тады насамрэч пагоршылася. Я адчувала нейкі дысананс, але ніколі не адчувала нянавісці да беларусаў, чаго, дарэчы, не скажаш пра маіх бацькоў. Я не магла не падзяліцца са сваёй сям’ёй аб тым, што пазнаёмілася і сябрую з беларусам. Распавяла маме, што там столькі падзей адбываецца, а я раней нічога пра гэта не ведала і запыталася ў яе, што яна чула пра Беларусь. Але, калі мама пачула, што я пасябравала з беларусам – адразу выказала незадавальненне, маўляў, яны ўсе там…

Мы некалькі дзён не размаўлялі і потым я патэлефанавала і з халоднай галавой патлумачыла ёй, што беларусы насамрэч змагаюцца за тыя самыя ідэі, як і мы. Беларусы ніколі не мелі нейкіх імперскіх замашак, яны ніколі не прыгняталі ўкраінскую мову, бо не маюць такіх мэтаў. І ў рэшце рэшт яны таксама змагаюцца за сваю незалежнасць, як і мы.

І як, змянілася стаўленне тваіх блізкіх да беларусаў?

- Мой тата адрэагаваў інакш. Ён, дарэчы, быў на фронце, а зараз пасля ранення адпачывае. Ён вельмі сардэчна паставіўся да маіх аповесцяў, быў уражаны, бо, як і я раней, нічога не ведаў аб падзеях у Беларусі. У яго не было ніякай варожасці. А зараз наагул мае бацькі звыкліся з тым, што ў мяне з’явіўся беларускі акцэнт. Вельмі цешацца, што я ў бяспецы і мой беларускі хлопец таксама, хвалююцца за яго бацькоў і сяброў, якія засталіся ў Беларусі.

Чытайце Уладзіміра Караткевіча

Што было самым складаным пры вывучэнні беларускай мовы і што наадварот давалася лёгка?

- Вельмі цяжка было пачаць размаўляць. Пашчасціла, што ў мяне было такое беларускамоўнае асяроддзе. Гэта якраз тое на што наракаюць большасць расейскамоўных беларусаў, якія хочуць перайсці на беларускую мову, але скардзяцца, што няма з кім гаварыць, няма каму падтрымаць, а гаварыць аднаму, маўляў, выглядае вельмі дзіўна. А ў мяне гэтае асяроддзе было.

І што б ты параіла такім беларусам?

- Я б ім параіла кніжкі чытаць. Кожнага беларуса ад таго, каб пачаць размаўляць па-беларуску, аддзяляе ад мовы толькі пару кніжак, нават толькі адна кніжка Уладзіміра Караткевіча. Гэта ўсё, што я магу ім параіць…

Гутарыў Завел Залескі