Беларусы ў эміграцыі працягваюць адзначаць Каляды і згадваюць, як гэта адбывалася ў іх на радзіме.
У Беларусі традыцыйна святкуюць Каляды двойчы. Каталікі, уніяты, лютэране, пратэстанты пачынаюць адзначаць 24 снежня, а праваслаўныя вернікі святкуюць з 6 па 19 студзеня. Адной з асаблівасцяў святкавання з’яўляецца тое, што вельмі значная частка насельніцтва адзначае іх двойчы. Прычынай таму – змешаныя сем’і. Да прыкладу: мама – каталічка, тата – праваслаўны і г.д. Але найбольш гэтаму цешацца дзеці, якія двойчы дастаюць падарункі з пад елачкі.
Калядам папярэднічае строгі шасцітыднёвы пост. Праўда, як згадвае спадарыня Ларыса, у іх дома дзеці не прытрымліваліся посту, а вось бацькі імкнуліся не есці тлустага, а таксама прасілі дзяцей, не гуляць у вясёлыя гульні, не ўключаць у хаце музыку.
- А яшчэ быў чысты чацвер. Абавязкова мянялася бялізна, чыстыя ручнікі, адмыслова прыбіралася хата. Засцілалі новы абрус пад які потым клалі абавязкова сена альбо салому.
Яшчэ яна згадвае, што перад Калядамі ў вёсцы абавязкова калолі парсючка. Рабілі каўбасы, сальсасоны, салілі сала, каб потым на святы было што падаць на стол. Усё, як правіла, мелі сваё. Праўда, цяпер у гарадах людзі папросту заранёў закупляюцца прадуктамі і калі падыходзіць час, пачынаюць гатаваць на святочны стол.
Яшчэ адна мая суразмоўніца распавядае, як праводзілі вігілійную вячэру. У Беларусі гэта называецца проста Куцця. Да стала сядалі з першай зоркай.
- Вігілійная вячэра найперш адрознівалася тым, што гэта посны стол. То бок не можа быць мясных страў. Рыбныя могуць быць, а таму ў нас, як правіла, быў селядзец, карп смажаны, хаця тут у Польшчы робяць заліўное. Аплаткі, пад абрус кладзем сена і 12 страў прыдумваем. Як правіла, гэта куця, ламанцы, гуркі, грыбкі, капуста квашаная, бульба адвараная – мы дык у лупінах заўсёды робім, кампот з сухафруктаў. І ў Беларусі ў нас не было такога звычаю рабіць першыя стравы, хаця мы рабілі юшку. А ўжо тут у Польшчы я навучылася рабіць боршч з вушкамі.
Спадарыня Ларыса святкавала ў Беларусі двое Калядаў. Муж у яе каталік і яны адзначалі святы ў яго бацькоў, а на праваслаўныя сама накрывала на стол і да яе прыходзілі мужавы бацькі. Гэта лічылася самым сямейным святам. І на яго павінны былі з’явіцца ўсе самыя блізкія родныя.
- Я куццю рабіла з пярлоўкай, цыбулькай, морквачкай з мясам, імкнулася знаходзіць бараніну. На стале ўсё было: капуста, гуркі, памідорчыкі, салацікі ўжо сучасныя і, зразумела, мяса, кіўбасы, прычым, гэтага шмат і рознае, каб выглядала, як мага багацей.
Пад елачку на Каляды заўсёды клалі падарункі. Дзецям як правіла тое, што яны замаўлялі маленькаму Езусу.
- Я дзяцей сваіх прывучыла, што Каляды - гэта больш важнае свята, чым Новы год. Таму падарункі пасля пастэркі, калі мы вярталіся з касцёлу, дзеці знаходзілі пад елачкай. У нас падарункі прыносіў маленькі Езус. І прыносіў тое, што дзеці замаўлялі. Як правіла, гэта былі нейкія патрэбныя рэчы, спартыўныя. Да прыкладу, лыжы прыносіў, спартыўныя горкі, мячы і яшчэ нешта падобнае.
Каляды заўсёды заставаліся папулярнымі ў моладзі. Мае суразмоўніцы кажуць, што ў іх дзяцінстве гэта адбывалася больш каларытна, было болей забаваў, гульняў, танцаў і, як ім здаецца, калядавалі больш цікава, чым гэта робяць цяпер. Збіраліся ў групы і заранёў рыхтаваліся, развучвалі песні, вершы, пераапраналіся ў вывернутыя кажухі, «цыганы» вымазвалі твар сажай, павязвалі каляровыя хусткі. Хаця прызнаюць, што традыцыя калядоўшчыкаў у Беларусі не знікла, а працягвае існаваць.
- Таксама ў нас быў мядзведзь, каза, праўда»цыганоў» не было. Пераапраналіся, неслі зорку, спявалі песні і калядавалі. Нам клалі ў кошыкі багата прысмакаў і нават гарэлку. Людзі вельмі цёпла нас прымалі. І кілбасаў не шкадавалі і сала і іншыя харчы. Потым мы разам гэтыя гасцінцы з’ядалі, выпівалі. Было так весела. Цэлы вечар у нас быў такі калядоўны баль.
А вось спадарыня Ларыса яшчэ згадвае, што калядоўшчыкі рабілі з тымі, хто не адчыняў ім дзверы і не выходзіў да іх з пачастункамі.
- Нас навучылі старыя людзі, калі калядоўшчыкам не адчыняюць дзеверы, то ў нас быў прыгатаваны кавалак сала і мы вымазвалі ім вакно. І яно было засмаленым аж да вясны пакуль яго нельга было добра адмыць. А яшчэ нас навучылі, каб мы такім людзям здымалі калітку і выносілі за вёску на пагост. Раніцай, калі людзі ішлі, то бачылі каму калядоўшчыкі знялі калітку і ведалі, хто ў вёсцы скупы.
Дарэчы, прыход калядоўшчыкаў азначаў шчасце, здароўе, дабрабыт сям'і на працягу ўсяго года. Калі калядоўшчыкі па нейкіх прычынах не прыходзілі ў хату, гэта лічылася вялікай непавагай і прадвеснікам розных бед для сямʼі.
Калядныя дні, як распавядаюць суразмоўніцы, лічыліся магічнымі, таму варажба была іх абавязковым атрыбутам. Варажылі ў асноўным маладыя дзяўчыны, каб даведацца, калі пойдуць замуж. Спадарыня Ларыса згадвае, што гаданняў самых розных было шмат, але адно ёй найбольш запомнілася, бо збылося.
- У пакойчыку, куды ты заходзіш, па розных кутах кладуць гаманец, ляльку, хлеб і бутэльку з вадой. І вось у які бок ты пойдзеш, такім і будзе ў цябе муж. Я абрала кут з гаманцом. Некаторыя прыходзілі да бутэлькі. А былі такія, хто трапляў да лялькі і памятаю, што ў іх неяк хутка нараджаліся дзеці. Вельмі цікава.
Калядныя абрады ў Беларусі ў многіх рэгіёнах захоўваюцца, як гісторыка-культурная каштоўнасць. Мае суразмоўніцы звяртаюць увагу на тое, што нават у сучасным фармаце, як святкуюцца цяпер у гарадах, яны збліжаюць людзей. А таму заўсёды існуе надзея, што з часам традыцыя не знікне.
- Думаю, што гэта свята жыве ў народзе. Канешне, залежыць яшчэ ад рэгіёну, але ўпэўнена, што ёсць месца, дзе яно жыве ў Беларусі. А дзе няма, то варта, каб адрадзілася, бо гэта свята насамрэч збліжае народ.
Павел ЗАЛЕСКІ