Спадарыні Ілоне давялося жыць у эміграцыі напачатку ў Грузіі, а цяпер у Польшчы. Яна прыходзіць да высновы, што эміграцыя не аддаляе чалавека ад радзімы, хіба што толькі фізічна. Але яна змяняе яго.
Мары не заўсёды супадаюць з рэальнасцю
Ілона распавядае, што з дзяцінства марыла стаць пісьменніцай. Шмат чытала, з шостага класа пачала займацца ў розных літаратурных кружках. Ужо ў старэйшых класах яе цікавасць да творчасці пашырылася і дзяўчынка зацікавілася жаночымі ўпрыгожаннямі, нават спрабавала разам з сяброўкамі нешта сама рабіць.
Тым не менш, сваю дзіцячую мару – стаць пісьменніцай – вырашыла ажыццявіць і паступіла на журфак. Праўда, як прызнаецца, амаль адразу зразумела, што журналістыка гэта не тое, аб чым яна марыла.
- Свабодных медыя ў нашай краіне было вельмі мала, а ўся астатняя журналістыка нагадвала прапаганду. І як ты не круціся, але для мяне было вельмі мала свабоды там. Гэта не маё і ў мяне не было шмат жадання, каб займацца гэтым. Я хацела пісаць, але пісаць літаратуру, а не прапагандысцкую журналістыку. Я проста памылілася пры паступленні. І на журфаку вучыцца мне было даволі сумна. А таму я толькі чытала кнігі, а ўсё астатняе для мяне было сумна.
Ілона працягвала свой пошук у творчасці, ёй падабалася, калі яна нешта робіць рукамі і хутка бачыць вынік сваёй працы. Аднойчы, падарожнічаючы па Беларусі, на прыгожым квітнеючым лузе паклала ў кніжку закладку з кветак, а праз нейкі час, адкрыўшы яе, пабачыла цудоўны матэрыял для творчасці – сухую кветку.
- О, а што можна з імі зрабіць? І так пачалася мая рамесніцкая дзейнасць. Мяне гэта вельмі захапіла і я пачала рабіць з кветак усё, што толькі можна было зрабіць. Карціны можна было зрабіць. Я залівала іх смалой і на тканіну, і на адзенне, рабіла са скуры бранзалетку і з кветак залівала туды іх. Эксперыментавала і гэта мяне вельмі захапляла, бо адразу бачыла вынік сваёй працы.
Дарэчы, як канстатуе мая суразмоўніца, праца гэта была даволі няпростая, падчас вельмі складаная, але яна вырашыла, што працягне гэтым займацца. Пасля сканчэння ўніверсітэту працавала ў выдавецтве, але ўжо галоўным сваім заняткам лічыла рамесніцтва. Удзельнічала ў рамесніцкіх кірмашах і прадавала свае вырабы.
Тады перавярнуўся свет
Жыццё наладжвалася, праца падабалася і атрымлівалася, але прыйшлі падзеі 20-га году.
- Для мяне гэта быў вельмі пераломны момант у жыцці. Я адчула, што ў мяне ёсць права голасу. Я адчула, што магу нешта змяніць. Адчула, у якім кашмары мы жылі і не хацелі яго бачыць. А раней была як большасць, маўляў, што мне гэта палітыка, я жыву сваім жыццём і займаюся творчасцю…
Трохі задумаўшыся дзяўчына працягвае.
- 2020-ы год - гэта самыя моцныя перажыванні ў жыцці. Тады перавярнуўся сусвет, тады адкрыліся вочы, адкрылася сэрца, з’явіўся голас, з’явілася нейкае разуменне сябе, разуменне, дзе я жыву, як жыву, навошта жыву. Жыццё падзялілася: да гэтага і пасля гэтага. І ўсё здарылася літаральна ў адзін дзень і назад ужо нічога не вернецца.
Яна згадвае, што нягледзячы на рэпрэсіі, не хацела нікуды з’язджаць. Наадварот, было жаданне заставацца, каб нешта рабіць у Беларусі. 23 лютага 2022 года нават паляцела з мужам на адпачынак у Грузію.
- Мы сустрэлі вайну ў Тбілісі. Муж сказаў, што ў Беларусь ён не вернецца, а ў мяне там майстэрня, усё маё жыццё там. Я паехала дадому, сабрала рэчы і вярнулася ў Тбілісі. Я вельмі хвалявалася, там было небяспечна і я разумела, што гэта пачатак канца…
Эміграцыя пачалася ў Грузіі…
Ілона згадвае, што рашэнне аб пераездзе ёй вельмі цяжка далося, бо яна ніколі не хацела пакідаць Беларусь. Не будавалі з мужам ніякіх планаў, проста жылі нейкі час, каб жыць, бо здавалася, што хутка ўсе гэтыя кашмары скончацца. Недзе праз месяцы чатыры прыйшло разуменне, што знаходзіцца ў эміграцыі.
Пра Грузію суразмоўніца згадвае ўсміхаючыся. Паводле яе, там даволі своеасаблівае жыццё і самі людзі. Яе занятак пачаў хутка прыносіць ёй грошы, паколькі ў краіне не вельмі строгая падаткавая сістэма, самі людзі даволі разняволеныя і не напружваюцца асабліва ў жыцці. Праўда, клімат, ландшафты для Ілоны не вельмі пасавалі.
- Клімат, прырода – усё гэта вельмі прыгожа, але гэта не маё. Беларусь - паўночная краіна і мне тут было за горача. Потым, я не люблю горы, мяне вабяць палі, лясы, балоты…
…Працягнулася ў Польшчы
Але з часам мужу прапанавалі працу ў Польшчы і яны пераехалі.
- Тут мне лепш, чым у Грузіі і ёсць адчуванне, што я бліжэй да Беларусі. Я ў сваёй прыродзе, тут адчуваецца большая сувязь з Беларуссю.
Праўда, з іншага боку, тут складаней з мовай, якую яшчэ толькі вучыць, падаткавая сістэма таксама розніцца ад грузінскай, ды і наагул, паводле Ілоны, у Польшчы практычна іншая цывілізацыя ва ўсіх адносінах.
- Польская мова даецца мне цяжка – я яе вучу, але размаўляць так і не пачала. Кошты за ўсё іншыя: і за маркеты, і падаткі другія, а таму ў гэтым сэнсе складаней. Але я адчуваю, што тут больш магчымасцяў, чым у Грузіі.
Яшчэ дзяўчына прыводзіць цікавае параўнанне, маўляў, у Польшчы не прынята звяртаць на іншага чалавека ўвагу на вуліцы ці ў транспарце, у Грузіі пакуль дойдзеш да прыпынку, то цябе некалькі чалавек запыніць і пацікавіцца тваім жыццём.
- Там усе табой цікавяцца, усе з табой размаўляюць, яны ўсе такія адкрытыя. Яны не могуць размаўляць ні па-расійску, ні па-англійску, але будуць на пальцах з табой размаўляць. Ім усё цікава. Гэта такі вельмі дзіцячы і шчыры інтарэс.
Жыць толькі дома
І ў той самы час Ілона кажа, што ў галаве думкі толькі пра вяртанне дамоў у Беларусь.
- Я хачу дахаты і гэта нармалёва, думаю.
- Гэта значыць, калі сітуацыя ў краіне зменіцца, то вы вернецеся?
- Так, канешне, вярнуся. Мне цікава паглядзець свет, але жыць бы я хацела на радзіме.
- А чым вас цягне так Беларусь, што вы там пакінулі?
- Гэта мая зямля. Я так адчуваю. А калі ты на сваёй зямлі, больш моцы, больш сэнсу ў жыцці. Я ў Беларусі шмат падарожнічала і заўсёды, дзе б ні была, адчувала сябе ў бяспецы. Не важна, ці ты ў нейкіх лясах, дзе розныя звяры, але табе добра і ты адчуваеш сябе бяспечным. Я заўсёды ведаю, што магу дайсці да людзей і ўсе беларусы (смяецца), ну не ўсе канешне, але ўсё роўна свае, якія б яны там не былі.
Параўноўваючы эміграцыйнае жыццё ў Грузіі з эміграцыяй у Польшчы, мая суразмоўніца кажа, што ў Грузіі беларусы не імкнуцца інтэгравацца ў тое грамадства. А вось, што датычыць Польшчы, паводле яе, то тут сярод беларусаў існуе меншае згуртаванне паміж сабой.
На развітанне я пацікавіўся ў Ілоны – што для яе значыць эміграцыя і як яна гэта тлумачыць.
- Гэта зусім нейкае іншае адчуванне сябе. Паспрабую патлумачыць. Гэта вельмі цяжкае выпрабаванне ў жыцці, гэта ўсё змяняе. Я, калі сустракала сяброў, якія не эмігранты – мы з імі ўжо розныя і гэта адчуваецца. Я, калі нешта пачую пра Мінск, Беларусь – я плачу. Эмігранцкая музыка, эмігранцкія стасункі. І ты проста на вуліцы пазнаеш беларуса, бо ў эміграцыі яны адзначаюць сябе. Я магу адразу адрозніць беларуса ад расейца, украінца. І вось ты ідзеш па вуліцы, бачыш беларуса і ў цябе адразу сэрца адкрыта – вось мой сябра. У Беларусі такое я адчувала толькі ў 20-м годзе. Эміграцыя не аддаляе ад радзімы, хіба толькі фізічна. Наадварот, хочацца больш чытаць беларускае, гаварыць па-беларуску. Эміграцыя – гэта тое, што змяняе чалавека…, наагул, цікавае пытанне…
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё