Беларуская Служба

Мільён злотых за афармленне візаў – ідзе следства па справе «візавага скандалу» ў Польшчы

27.02.2024 14:15
У карупцыйным працэсе ўжо ідэнтыфікаваныя 607 чалавек, якія атрымалі візу з дапамогаю Эдгара К. і Пятра Ваўжыка, заявіў у інтэрв'ю TVN24 кіраўнік следчай камісіі па расследаванні «візавага скандалу» Міхал Шчэрба.
Współpracownik byłego wiceszefa MSZ Piotra Wawrzyka, Edgar Kobos.
Współpracownik byłego wiceszefa MSZ Piotra Wawrzyka, Edgar Kobos.PAP/Albert Zawada

У панядзелак, 26 лютага, перад камісіяй па расследаванні візавага скандалу паўсталі былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Пётр Ваўжык, які адмовіўся даваць паказанні, і яго экс-калега Эдгар Кобас. Ён падчас публічнага пасяджэння заявіў, што што правыя палітыкі спрабуюць замяць візавы скандал. Ён таксама казаў пра факты злоўжыванняў, нядбайнасці і хібаў у легалізацыі замежнікаў у Польшчы і сістэме выдачы візаў, якую курыравалі Збігнеў Раў і Пётр Ваўжык.

«Грамадскасць павінна ведаць праўду пра скандал. Гэты скандал – факт», – пачаў свой выступ Эдгар Кобас.

У сваіх паказаннях Кобас таксама казаў пра Цэнтр візавых рашэнняў Міністэрства замежных спраў, які знаходзіцца ў Лодзі. У той час цяперашні кандыдат ад ПіС у прэзідэнты Варшавы Тобіяш Бачэньскі і тагачасны супрацоўнік міністра Збігнева Рау быў ваяводам лодзінскім. У сваю чаргу яго жонка Эльжбета мела ключавы ўплыў на рашэнні, якія прымаў міністр. Пасля паказанняў былога калегі Ваўжыка ўзрастае рызыка таго, што Тобіяш Бачэньскі або яго жонка апынуцца перад следчай камісіяй.

Кобас на закрытым паседжанні прызнаўся, што, у тым ліку, атрымліваў хабар у абмен на візы для замежнікаў з Афрыкі і Азіі. Ён сказаў дэпутатам, што не плаціў Ваўжыку за дапамогу ў афармленні віз, а рабіў яму падарункі.

Старшыня парламенцкай следчай групы Міхал Шчэрба падкрэсліў, што матэрыялы пракуратуры па гэтай справе сведчаць, што гэта была «шакуючая практыка». Ён заявіў, што польская дзяржава і службы застаюцца пасіўнымі. «У мяне склалася ўражанне, што нават была згода на такую ​​практыку», – сказаў Шчэрба.

«Сустрэча была цікавая, часта шакавальная, таму што ён распавядаў пра карупцыйныя механізмы, у якія ўцягнуты ён сам і людзі, якія з ім супрацоўнічалі. Але не менш важна і тое, пра што не сказаў Эдгар К. – ён неаднаразова хацеў даць паказанні ў якасці сведкі, але пракуратура яму не дазваляла гэта зрабіць», – адзначыў Шчэрба.

«Увесь візавы скандал не складаецца толькі з гісторыі Эдгара Кобаса і Пятра Ваўжыка, – адзначыў Шчэрба. – У гэтым карупцыйным працэсе Эдгара К.-Пятра Ваўжыка па імені і прозвішчы ўжо ўстаноўлена 607 чалавек, якія атрымалі візы».

Шчэрба таксама паведаміў, што з-за карупцыйных працэдур за час выдачы візаў на рахункі Кобасы магло паступіць да 1 мільёна злотых.

«Эдгар Кобас збіраў вялізныя хабары за кожную візу, якую набіваў Ваўжык, і ўсе пра гэта ведалі, – таксама сказаў Шчэрба. – Пётр Ваўжык нават ведаў тарыфы, якія спаганяе Кобас за гэтую дамоўленасць».

«Вакол Пятра Ваўжыка, безумоўна, было больш такіх людзей, як Эдгар Кобас, – сказаў Шчэрба. – Польшчу павінны былі наводніць замежнікі з краін Азіі і Афрыкі».

Паралельнае расследаванне вядзе пракуратура.

Усяго ў візавым скандале абвінавачанні выстаўленыя дзевяці асобам. Расследаванне датычыць парушэнняў пры выдачы некалькіх сотняў візаў. Размова пра польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Ганконгу, Тайвані, Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, Індыі, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры, Філіпінах і Катары.

Паводле Rzeczpospolita/вх