Беларуская Служба

Вучань хоча вывучаць – дайце магчымасць. У Стакгольме пачалі выкладаць беларускую мову ў рамках школьнай праграмы

18.03.2024 15:29
У Стакгольме пачалі выкладаць беларускую мову ў рамках школьнай праграмы. Як атрымалася дабіцца такога падыходу ў адукацыі, паразмаўлялі з прадстаўніцаю Згуртавання беларусаў Швецыі.
.
.facebook.com/svbelarusier

Важна тое, што гэта не дадатковыя факультатыўныя заняткі. Беларуская мова вывучаецца як школьны прадмет, адзнака пойдзе ў атэстат. У Швецыі заканадаўствам прадугледжана, што дзеці, чыёй роднай мовай з'яўляецца не шведская, або не толькі шведская, напрыклад, са змяшаных семʼяў, маюць права на вывучэнне ў школе мовы сваёй нацыянальнасці. Але ёсць некаторыя патрабаванні: раённая адміністрацыя мусіць знайсці адпаведнага настаўніка, памяшканне для заняткаў, і галоўнае – мусіць быць не менш за пяць вучняў у раёне, дзе плануецца арганізаваць такое навучанне. То бок у тэорыі шукаць настаўніка для аднаго вучня не будуць.

І ўсё ж Згуртаванне беларусаў Швецыі атрымала станоўчае рашэнне для навучання двух вучняў у адным з раёнаў Стакгольму.

«Наша праца як арганізацыі заключалася ў тым, аб пераканаць прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі, што беларуская мова цяпер зведвае ўціск, і нават калі ёсць у раёне хоць адзін вучаць з жаданнем яе вывучаць, то трэба вылучыць на гэта рэсурсы», – кажа прадстаўніца Згуртавання беларусаў Швецыі Вікторыя.

Якія патрабаванні да адукацыйнага працэсу?

«Чалавек мусіць мець дыплом педагога, можа, не абавязкова па беларускай мове. Досвед павінен быць. Урок робіцца па-беларуску, але, калі дзеці не разумеюць беларускую мову ці кепска разумеюць – напрыклад, у змяшанай сям’і, калі маці беларуска, а бацька швед, у сям’і больш гавораць па-шведску. Дзеці ходзяць у шведскую школу і, канешне, шведская для іх першая. Таму настаўніца мусіць творча падыходзіць да працэсу, тлумачыць словы, можа быць, па-шведску, па-руску, бо рускую мову, на жаль, ведаюць лепш», – апісвае суразмоўца сітуацыю.

Вікторыя кажа, што шмат што залежыць і ад чыноўнікаў у мясцовых адміністрацыях. Але найперш, паводле яе словаў, у лабіяванні такіх пытанняў трэба абапірацца на жаданне дзяцей вывучаць беларускую мову. «Вучань хоча вывучаць – дайце магчымасць», – так гучыць галоўны аргумент тых, хто дамагаецца арганізацыі падобных заняткаў.

«Вучань хоча вывучаць – дайце магчымасць», – так гучыць галоўны аргумент

Размаўляем пра міграцыйныя працэсы апошніх гадоў. Вікторыя кажа, што вялікага наплыву беларускіх мігрантаў у гэтай краіне пасля падзей 2020-га не было, бо Швецыя не надта ахвотна дае віды на жыхарства. Таму Згуртаванне, сярод іншага, займаецца лабіяваннем інтарэсаў дыяспары, праводзіць тлумачальную працу з чыноўнікамі, каб яны на запыты беларусаў аб прытулку не давалі адказу, што Беларусь – дэмакратычная краіна і там няма пагроз.

Магчыма, агульны актыўны настрой сярод беларусаў паўплываў на тое, што да Згуртавання далучылася больш людзей.

«Да 2020-га арганізацыя была зусім маленькай, недзе каля 20 чалавек. І гэта былі людзі, якія факусаваліся на культурніцкіх мерапрыемствах. Пасля 20-га арганізацыя вырасла моцна, у 21-ым было каля 150 сябраў арганізацыі. Потым актыўнасць зменшылася, бо людзі пачалі баяцца: прыходзіць лета, усім трэба ў Беларусь, пачынаюць забываць, што трэба быць актыўнымі, падтрымліваць адзін аднаго. Ёсць і тыя, хто займаецца палітычнымі пытаннямі, звязанымі з Беларуссю», – расказвае Вікторыя.

вх