Беларуская Служба

Студэнтка сацыёлаг даследавала, як выглядае ўдзел беларусаў у развіцці іх культуры ў варунках эміграцыі

23.03.2024 10:36
Адметным чыннікам, які ўплывае на беларусаў ва ўдзеле ў культурніцкіх імпрэзах, з’яўляецца беларуская мова. Да такіх высноваў прыходзіць студэнтка ўніверсітэту імя Адама Міцкевіча, якая займаецца даследаваннем беларускай эміграцыі ў Польшчы.
Аўдыё
  • Студэнтка сацыёлаг даследавала, як выглядае ўдзел беларусаў у развіцці іх культуры ў варунках эміграцыі
 -2024,
Стральцоўскі фестываль-2024, ВільняБСПР/Я.Іванюк

Беларускія эмігранты імкнуцца аб’яднацца ў супольнасць

Дар’я вучыцца ў магістратуры на сацыёлага. Кажа, што ёй вельмі падабаецца працаваць з людзьмі, даследаваць розныя групы, структуры людзей, варункі, якія ўплываюць на чалавечыя паводзіны. Па сканчэнню бакалаўрыяту напісала працу, у якой даследавала, як выглядае ўдзел беларусаў у развіцці іх культуры ў варунках эміграцыі.

Дзяўчына прызнаецца, што тэма яе паглынула і яна шмат часу аддавала таму, каб знаходзіцца на самых розных культурніцкіх імпрэзах, якія ладзіліся беларускімі эмігрантамі. Адна з высноў яе працы палягала на тым, што адметным чыннікам, які ўплывае на беларусаў ва ўдзеле ў культурніцкіх імпрэзах, з’яўляецца беларуская мова.

-Апроч таго, што беларускамоўныя беларусы актыўна наведваюць свае імпрэзы, яны ж актыўна і ствараюць гэтую культуру вакол сябе, а не толькі пасіўна ў гэтым удзельнічаюць. Самі ў сваіх суполках ладзяць культурніцкія альбо навуковыя імпрэзы, адзначаюць народныя святы. Імкнуцца распаўсюджваць беларускую культуру.

Дарэчы, цікавае назіранне ў Дар’і адносна таго, як розніцца захаванне беларусаў у эміграцыі ад таго, як трымаюцца тут украінцы.

-Беларусы ў эміграцыі імкнуцца аб’яднацца ў супольнасць у адрозненні ад украінцаў у якіх вельмі вялікая дыяспара, але яны жывуць больш індывідуальна. Магчыма ім цяжэй ствараць такія супольнасці. І нават, калі яны іх і ствараюць, то, як правіла, гэта такая закрытая прастора.

У 20-м беларусы асэнсавалі вартасць з’яднанасці

Паводле Дар’і, у такім імкненні да калектывізму беларусаў ёсць шмат чыннікаў пра якія яна здагадваецца, але ўпэўнена, што і падзеі 20-га году маюць свой уплыў на гэта.

-Думаю, што тут таксама прысутнічаюць наступствы 2020-га году, бо тады мы асэнсавалі вартасць нашай з’яднанасці. Тады зразумелі, што супольныя намаганні прыносяць вынік і пачалі цаніць сэнс супольных каштоўнасцяў.

У жніўні 20-га году Дар’я знаходзілася ў Беларусі і ўсё, што тады адбывалася на вуліцах беларускіх гарадоў і мястэчак бачыла на свае вочы. Ужо тады яна зразумела, што еднасць людзей – гэта вялікая сіла.

-Асабліва мяне тады ўразіла сіла задзіночання беларускіх жанчын, калі пачаліся пратэсты супраць гвалту. Іх можна назваць – чыстыя пратэсты. На іх з цягам часу збіралася ўсё больш і больш людзей і што цікава – на іх можна было сустрэць людзей самых розных пакаленняў.

Цяжка казаць пра тыя здзекі і катаванні…

У 20-м многія яе знаёмыя і блізкія патрапілі за краты, пацярпелі ад здзекаў і катаванняў. Дзяўчына кажа, што і цяпер не знаходзіць словаў, каб пра гэта гаварыць.

-Вельмі жудасна, а таму цяжка аб гэтым гаварыць. Нават не ведаю, што сказаць. Проста жудасна, балюча і не справядліва. Нават не тое, што не справядліва – не гуманна. Так папросту не павінна быць…

Згадваючы той час яна прызнаецца, што ўнутры ў душы ўсё кіпела, хацелася дзейнічаць, а не проста спачуваць.

-Было такое заахвочванне да дзеянняў. Было шмат ахвоты нешта рабіць, дапамагаць людзям, якія пацярпелі або працягваюць актыўна змагацца, чым проста сесці і плакаць.

Вучуся і працую – часу на ўсё хапае

А вось распавядаючы пра жыццё ў Польшчы, Дар’я асабліва не кажа пра нейкія праблемы і складанасці. Пачала вучыцца, не адразу паступіла туды, дзе падабалася, але з часам усё змяніла так, як хацела. Надакучыла жыць у інтэрнаце, а, каб здымаць кватэру, пачала падпрацоўваць. Але гэта таксама не было нечым звыш складным у яе юным узросце.

-Я практычна адразу пачала падпрацоўваць, праводзіла і правожу заняткі польскай мовы для іншаземцаў. Калі пачалася вайна, пайшла валанцёрыць – выкладала польскую мову ўкраінскім дзеткам. Пазней мяне туды запрасілі працаваць і гэта таксама дадатковы заробак. Да ўсяго, я індывідуальна займалася рэпетытарствам па польскай мове.

-А як жа тады вучоба? Ці хапала вам часу на ўсё?

-Так, часу хапала, бо расклад заняткаў быў такі, што іх можна было наведваць тры дні на тыдзень.

Таксама стаю перад выбарам

З часам, паводле суразмоўцы, калі пачала задумвацца аб кар’еры, з’явіліся новыя магчымасці пры выбары працы. Але, як заўважае дзяўчына, цяпер стала вельмі складана выбраць чым канкрэтна заняцца ў будучыні.

Да ўсяго, Дар’я кажа, што пачала актыўнічаць і ў беларускіх арганізацыях - гэта ёй таксама цікава. Паводле дзяўчыны, яе жыццё ў Польшчы складваецца вельмі цікава. Плануе застацца жыць тут, будаваць кар’еру і ўладкоўваць асабістае жыццё.

-У сваёй магістарскай працы хачу даследаваць тое, як выбары ў мінулым жыцці да эміграцыі паўплывалі на выбар беларусаў у эміграцыі – ці плануюць яны застацца ў Польшчы, як радзяць сабе з эміграцыяй, як выглядае іх інтэграцыя ў іншае грамадства.

Крыўдна за беларускую мову

Сама прызнаецца, што па радзіме таксама сумуе. Бо хочацца пабачыць родных, сяброў, пахадзіць па нейкіх сваіх мясцінах, наведаць гістарычныя помнікі.

Яшчэ адна цікавая дэталь з Дар’інага досведу. У Беларусі яна наагул не размаўляла на беларускай мове. Кажа проста - там не мела такой патрэбы. Але ўсё змянілася ў Польшчы, калі пачала даследаваць беларускую эміграцыю. І стаўленне да мовы змянілася прынцыпова.

-Гэта не справядліва, што наша беларуская мова так ляжыць і крычыць ад болю. А беларусы папросту абыходзяць яе бокам, маўляў, нам яна не патрэбна, хай ляжыць і пакутуе…

-Вам не крыўдна за мову?

-Вельмі крыўдна. І несправядліва, што такое мае месца менавіта ў Беларусі…

Павел ЗАЛЕСКІ 

Беларускі хор у Познані: Пачыналі спяваць у парку

13.03.2024 12:11
Хор «Познаньскі спеўны сход» лічаць візітоўкай мясцовай беларускай эміграцыйнай супольнасці.