Беларуская Служба

Беларуская эмігрантка: “Жыццё ў Польшчы нашмат цікавейшае”

08.04.2024 14:36
Асуджаная двойчы за ўдзел у пратэстных акцыях беларуская пенсіянерка вымушана была выехаць у эміграцыю.
Аляксандра Ханевіч.

У новых умовах не разгубілася, пачала весці свой ютуб-канал і распавядаць беларусам пра жыццё ў Польшчы.

Першы заробак атрымала ў 10 год

Спадарыня Аляксандра Ханевіч днямі адзначыла Дзень нараджэння. Ёй 72 гады і яна таксама ў эміграцыі. У яе пазітыўны настрой, вясновы знешні выгляд, вясёлая ўсмешка на твары і побач з ёй пануе прыемная атмасфера. Яна з таго пакалення, якое шмат перажыло, але не схільнае, каб скардзіцца на жыццё.

Першы запіс у працоўную кніжку ёй унеслі, калі мела 16 год. Пачала працаваць на абутковай фабрыцы. Кажа, што не магла пайсці вучыцца, бо вучыўся ўжо брат, а для мамы гэта было б зацяжка. А зарабляць наогул пачала значна раней.

-Першыя грошы зарабіла, калі мне было 10 год – хадзілі ў калгас палоць буракі. І мне заплацілі 10 рублёў 54 капейкі. У мяне канікул не было, бо побач быў кансервавы завод, хадзілі перабіраць туды розную садавіну, гародніну. А калі ўжо ў восьмы клас перайшла, то некалькі месяцаў працавала на птушкафабрыцы.

Усё, як у ва ўсіх

Жыццё падобнае, як у многіх – пайшла працаваць на завод “Хімвалакно”, які толькі пачалі будаваць, скончыла вучылішча хімікаў, стала апаратчыкам, у шкоднай вытворчасці, дзе больш 7 год працаваць не рэкамендавалася - правяла 12 год, завяла сям’ю, атрымала кватэру, адпрацавала на прадпрыемстве агулам 31 год. А агульны стаж склаў 40 год без двух тыдняў…

Урэшце новы начальнік, які быў маладзейшы за яе сына сказаў, што ёй больш няма месца ў яго цэху… Амаль тры гады да пенсіі працавала ў іншым месцы на тым самым прадпрыемстве…

У той самай турме фашысты трымалі яе маму

У першы ж дзень пратэстаў у жніўні 20-га спадарыня Аляксандра патрапіла за краты: кінулася ратаваць маладога хлопца, якога амапаўцы цягнулі галавой па асфальце. Адседзела 15 гадзін у гродзенскай турме і атрымала штраф у 20 базавых велічынь. У гэтай самай турме падчас вайны трымалі яе маму немцы.

-Яе забралі ў 42-м годзе. І я ляжу на нарах і думаю: мама, можа мы на адным і тым самым ложку ляжалі… Мяне, калі прывезлі ў турму, з-за эмацыйнага стану, я не зразумела дзе знаходжуся. Я так крычала, але што крычала, успомніла толькі праз два дні. І мне было тады так страшна. А крычала я: во, паналавілі бандытаў, а што ж вы не злавілі тых, хто Захаранку і Ганчара забілі….


Аляксандра Ханевіч с сынам Аляксандра Ханевіч с сынам

Так быць не павінна…

Другі раз спадарыня з іншымі жанчынамі выйшла ўжо на несанкцыянаваную акцыю. Згадвае, што патрапілі ў міліцэйскую аблаву, спрабавалі ўцячы, але іх атачылі з усіх бакоў. Яна ізноў пачала ратаваць маладзенькага хлопца, якога амапавец папросту душыў сцягам, абвязаўшы яго вакол шыі.

-Гэта быў самы сапраўдны фашыст. На мяне пачаў лаяцца, маўляў, зараз як дам у зубы, то ўсе выплюнеш. Хлопца ўратаваць не ўдалося. А тут дзяўчына была побач з такімі доўгімі валасамі, нейкі мент накруціў іх на руку і цягнуў. Я яму ў руку ўчапілася і дзяўчыне ўдалося выскачыць. АМАП мяне схапіў і павалок. Людзі, якія гэта бачылі, крычалі ім: вы раскрыйце вочы, паглядзіце каго вы цягнеце…

Спадарыня Аляксандра распавядае гэтыя гісторыі абсалютна спакойна, нібы адбываліся яны не з ёю, тым больш у такім узросце. Аказваецца, добрае ўражанне на яе зрабіў і малады міліцыянт, які яе дапытваў.

-Я яму сказала на допыце, што мяне затрымалі ўжо паўторна. У яго былі цэлыя вочы слёз. І ён мне кажа: Аляксандра Мікалаеўна, вы перавярнулі мой светапогляд. Я толькі запытала – у які бок? Адказаў, што ў лепшы. Ну то пажадала яму ўдачы. Гэта быў малады міліцыянт.

Цікаўлюся ў спадарыні, што яе прымусіла ісці другі раз пратэставаць, калі ўжо пабыла на турэмных нарах, калі асудзілі, далі штраф?

-Кіравала мною тое, што так быць не павінна. Многія пенсіянеры з нашай ветэранскай арганізацыі былі ў выбарчых камісіях. Двое з іх мне распавялі, што на іх участках перамагла Ціханоўская, а дадзеныя падалі наадварот. Адна з іх пасля гэтага адразу напісала заяву, што больш ніколі не будзе ўваходзіць у такія камісіі…

Я з’язджала не на доўга

Пасля другога суду добрыя знаёмыя спадарыні Аляксандры, якія працавалі ў выканкаме, параілі з’ехаць, паколькі на яе меліся завесці крымінальную справу. Разам з ёй паехаў і сын на якога ўжо быў складзены адзін пратакол за ўдзел у пратэстах.

-Я не магла тады падумаць, што гэта надоўга. Я верыла ў тое, што праўда павінна перамагчы…

Але час ішоў, а перамогі не было, а таму давялося на новым месцы ў 68 гадоў пачынаць жыццё спачатку.

-Сын меней, як праз два тыдні ўладкаваўся ў мэблевую фірму і працуе там дагэтуль. А я праз два тыдні пайшла прыбіраць дамы. І на працягу трох месяцаў кожны дзень прыбірала пяць двухпавярховых дамоў.

-І як вам гэта давалася, у вас жа ўзрост…

-Неяк давалася. Проста кожны дзень ішла на працу і ўсё. Плацілі мне 12 злотых, а гэта былі зусім невялікія грошы. І сын напачатку таксама няшмат зарабляў, але неяк нам хапала.

Абурыла хлусня на БТ

Але потым здарылася неверагоднае – спадарыня Аляксандра пачала весці свой ютуб-канал. Пачалося з таго, што яе абуралі рэпартажы Беларускага тэлебачання ў якіх распавядалі, што ў Польшчы няма грэчкі і солі, чэргі за харчамі. І яна вырашыла распавядаць найперш людзям, якія жывуць у Беларусі, аб сапраўдным стане рэчаў у Польшчы.

-З чаго я пачала? Распавяла, як пераехалі мяжу, як уладкаваліся. Потым расказала чаму ўзялася рабіць гэты канал, нагадала людзям, як раней мы прыязджалі сюды на закупы, што ўсё тут набывалі і паказвала, што тут нічога не змянілася. Не хавала, што цэны падраслі, алё ўсё што трэба тут ёсць.

Праз тры месяцы працы ў спадарыні на канале было тысячу падпісчыкаў, цяпер больш трох тысяч. Напачатку былі розныя каментары, як згадвае спадарыня – ад абразлівых да вельмі ўдзячных за працу.

-Заўсёды было больш добрых водгукаў. Глядзяць мяне з Расіі, Украіны і Беларусі. Усе мае знаёмыя падпісаныя на канал і таксама пастаянна глядзяць. Праўда, з Беларусі апошнім часам праглядаў меней. Мой асноўны глядач – гэта людзі ва ўзросце ад 40 да 50-ці гадоў.

З часам тэмы перадач Аляксандры Ханевіч пашырыліся. І цяпер яе тэматыка закранае моду, спорт, агляд тавараў і цэн у буйных гіпермаркетах. Асаблівай папулярнасцю, паводле суразмоўцы, карыстаюцца тэмы звязаныя з дэгустацыяй польскай кухні і прыгатаваннем розных страў.

Мы абавязкова вернемся

Праўда, спадарыня прызнаецца, што гэта праца даецца ёй не вельмі проста.

-Я да журналістыкі была заўсёды далёка. А таму даводзіцца ўвесь час вучыцца, бо мая спецыяльнасць – тэхнік-механік абсталявання хімічнай прамысловасці. А таму цяжкавата, не проста ўсё даецца.

Пра сваё жыццё ў Польшчы спадарыня кажа, што яно стала нашмат цікавейшым.

-Шмат чаго пабачыла тут, што можа быць інакш, чым было ў нашай краіне. Аказваецца жыць можна цалкам спакойна, адчуваць сябе ў бяспецы і мець у чужой краіне больш правоў, чым у сваёй, дзе ты нарадзіўся.

А яшчэ суразмоўца дадае, што асаблівыя сілы ёй зараз надае творчасць, праз якую яна пазнаёмілася з вельмі многімі людзьмі. І нават бываюць моманты, калі адчувае сябе маладзей свайго ўзросту.

-Мне часам нехта з падпісчыкаў піша: Аляксандра, мы абавязкова вернемся. І я тады ім адпісваю, што сёння ў мяне дзень удаўся, бо была такая рэакцыя людзей на маю перадачу. Інакш і не можа быць, бо дабро павінна перамагчы зло.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё


 

 

 

 

 

 

 

 

Беларускі эмігрант: “Рэвалюцыя ў Беларусі не скончылася…”

01.04.2024 16:48
Трэці год у эміграцыі. Спачатку Грузія, цяпер Польшча. Паўсюль шмат цікавага, але хочацца ўрэшце займацца любімай справай…