Як ставіцца да Дня Перамогі ва ўмовах палітычнага маніпулявання ім? Шмат гадоў гэта было дзяржаўнае і ў пэўным сэнсе народнае свята, хаця браваду людзі, якія перажылі вайну, акурат не падтрымлівалі. Цяпер жа рэальных сведкаў тых падзей усё менш, а Дзень Перамогі і сама Вялікая Айчынная вайна выкарыстоўваюцца як сімвалічны рэсурс для апраўдання барацьбы з «украінскімі фашыстамі» і нават з заходнееўрапейскім светам.
Рэжым Лукашэнкі таксама выкарыстоўвае гэтую гістарычную падзею, каб атаясамляць сваіх апанентаў з калабарантамі, называе спадчыннікамі нацызму, а тэма «генацыду беларускага народа» стала дамінантнай у публічным дыскурсе. Да 80-годдзя перамогі над нацысцкай Германіяй Беларускі інстытут публічнай гісторыі правёў дыскусію, чым ёсць Дзень Перамогі ў памяці ў публічнай палітыцы, як яго адзначаць і пра што забыліся палітыкі.
Гісторык Ірына Кашталян кажа, што для яе няма пытання, ці важна памятаць гэтую дату. Але даследчыца звяртае ўвагу таксама на тое, што палітыкі выкарыстоўваюць юбілейныя даты ў сваіх мэтах, што прыводзіць да скажэння сутнасці.
— Для мяне, як гісторыка, якая ўжо шмат гадоў працуе па тэме культуры памяці пра вайну, не стаіць пытання ў прынцыпе, пра адмену гэтай даты, — кажа Ірына Кашталян. — Іншае пытанне, як гэта выглядае ў грамадскім дыскурсе. У гэтым годзе асабліва вострая ўвага звязана з круглай датай. У наступным годзе такой увагі ўжо не будзе. І для розных сіл, якія інструменталізуюць такія даты, будзе пытанне, што паказаць у наступным годзе. Для мяне тэма вайны больш шырокая — гэта рэфлексія пра тое, чаму мы вучымся з гэтай тэмы і куды мы далей пойдзем.
Для мяне бліжэй вымярэнне даты памяці, даты прымірэння. Восьмага ці дзявятага траўня — тут ужо не так важна, калі гэтая дата не інструменталізуецца ў кантэксце вайны ці прапаганды новай вайны.
А мы бачым гэтыя штучныя прывязкі да сучаснасці, калі адукацыйны эфект фактычна выглядае наадварот, калі тое, што павінна нас вучыць і заміраць, выкарыстоўваецца, каб паказаць «мы можам паўтарыць». Гэта абсалютнае скажэнне.
Гістарычная рэканструкцыя ў Празе да заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе/EPA/MARTIN DIVISEK/PAP
Гісторык Павел Церашковіч звяртае ўвагу на аднабаковасць падачы інфармацыі пра вайну на постсавецкай прасторы.
Гісторык Павел Церашковіч.
— На мой погляд, адзначаць гэтую дату трэба па той простай прычыне, што гэта была самая маштабная, самая вялікая і самая страшная вайсковая трагедыя. І звяртацца трэба да яе, асабліва ў Беларусі. Я лічу, што да гэтага часу няма цэласнага ўяўлення пра тое, што адбывалася на нашых землях з першага верасня 1939-га года і да завяршэння Другой сусветнай вайны.
Да гэтага часу ў нас усё ж такі аднабаковы падыход, яго трэба пераадолець, каб мы ведалі пра вайну ўсё. Не толькі пра подзвігі савецкіх партызан, але і пра другі бок партызанкі.
Ёсць шмат яшчэ ёсць эпізодаў Другой сусветнай вайны, пра якія мы ведаем мала. І самае галоўнае — адсутнічае цэласная карціна Другой сусветнай вайны, — падкрэслівае гісторык.
Уладзіміра Пуціна (у цэнтры) на вячэры ў гонар кіраўнікоў замежных дэлегацый, якія ўдзельнічаюць ва ўрачыстасцях з нагоды 80-годдзя перамогі над нацысцкай Германіяй у Другой сусветнай вайне ў Крамлі ў Маскве.
Разам з тым гісторык і дырэктар Інстытуту публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі перасцерагае ад памкненняў пайсці выключна ў контрпазіцыю да дзяржавы:
— Другая сусветная вайна была падзеяй сусветнага маштабу. І быў маральны кансенсус па тым, што нацызм — гэта страшэннае зло. Перамогу над ім святкуюць як нейкі трыумф чалавечай цывілізацыі. Для беларусаў, для беларускага народа гэтая вайна была страшэннай падзеяй, якую нашы продкі перажылі. Больш за тое, не ўсе перажылі. Іншая рэч — як гэта азначаць. Так ці інакш, 9-га траўня ўжо стала падзеяй, якая ў практыцы, у народнай памяці, вытравіць яе будзе цяжка.
Для многіх гэтая дата — сувязь з дзядамі. Таму дэканструяваць гэта было б без мэты, і выклікала б вялікае супраціўленне ў грамадстве.
Гісторык, антраполаг Уладзімір Лобач.
Гісторык, этнограф Уладзімір Лобач пагаджаецца з тым, што Дзень Перамогі — важная дата для грамадства, але ў зусім іншым кантэксце:
— Гэтую дату адмяніць немагчыма, бо яна мае глыбокі змест, вельмі важны і для калектыўнай памяці, і для памяці індывідуальнай.
Але калі мы гаворым пра народнае ўспрыманне гэтай падзеі, то само слова «перамога» ва ўспамінах у прынцыпе не гучыць. Гаворыцца пра страх, пра жах, пра трагедыю. І ў гэтым сэнсе, напэўна, было б больш зразумела і аб'ектыўна, па праўдзе, каб гэта быў дзень памяці і смутку. Бо ў народнай свядомасці гэта жудасная трагедыя, дзе няма месца фанфарам і парадам. А ёсць памяць пра жудасныя ахвяры, пра гэтую зямлю, якую Цімаці Снайдэр так і назваў — «Крывавыя землі», а Беларусь — эпіцэнтр.
Ірына Кашталян выказала сваю думку, што рэвізіянізм, пераасэнсаванне гісторыі і падзей — нармальны працэс, але ён не мусіць ісці за палітычнай кан’юнктурай. Яна закранула дамінаванне савецкай спадчыны на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якая таксама патрабуе дэкадавання і пераасэнсавання.
Пры гэтым гісторык Уладзімр Лобач падкрэслівае, што месцы пахаванняў не трэба кранаць ні ў якім выпадку — ці гэта былі савецкія салдаты, ці жаўнеры Арміі Краёвай, бо людзі загінулі ў змаганні з нацызмам.
«Пры вызваленні Польшчы ў польскую зямлю палеглі каля паўмільёна савецкіх салдат, а пры бліжэйшым разглядзе мы бачым, што гэта людзі і з-пад Баранавіч, і з-пад Браслава, з-пад Барысава. То бок нашыя землякі, — кажа Лобач. — Што тычыцца астатніх мемарыялаў, то павінна вырашаць грамадская думка — краіны, рэгіёна. Бо было шмат помнікаў, якія працавалі толькі на ідэалогію, а з памяццю мелі мала агульнага».
Гісторыкі, разважаючы пра тое, што цяпер знішчаюцца помнікі савецкім салдатам, адзначылі, што інфармацыя значна перабольшаная і такія помнікі на месцы пахаванняў застаюцца ў многіх краінах Еўропы, у сталіцах і сёння. Разам з тым з помнікамі як месцамі памяці можна працаваць, змяняючы, напрыклад ідэйныя сэнсы.
Уладзімір Лобач прывёў прыклад помніка ў Карпатах салдатам Першай сусветнай вайны — адзін помнік і рускім войскам, і аўстра-венгерскім. І кароткі подпіс, што гэта памяць пра бессэнсоўнасць той вайны.
вх