Беларуская Служба

«Мы ўжо сябе тут адчуваем як дома»: гісторыя беларускага эмігранта ў Польшчы

02.12.2025 07:12
Беларус Вадзім разам з жонкай ужо чацвёрты год жыве ў Польшчы. За гэты час яны паспелі паспрабаваць розныя працы, абжыць новае месца, звыкнуць да іншых правілаў і рытмаў жыцця. 
Аўдыё
  • "Без польскай мовы не ўсё проста, але ў Польшчы яны ўжо адчуваюць сябе дома"
Старая частка польскага гораду Познаньфота: Павел Залескі/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Як і ўсе эмігранты, паскіталіся трохі…

Спадар Вадзім разам з жонкай ужо чатыры гады жывуць у Польшчы. У Беларусі ён працаваў электрыкам і ў новай краіне таксама працуе па сваёй спецыяльнасці. Праўда, згадвае, што пачынаць давялося, змяняючы самыя розныя працы.

— Як і ўсе эмігранты, паскіталіся трохі. Я працаваў на мантажы аптавалаконных кабеляў. А жонка, калі ёй удалося выехаць з Беларусі, пачала працаваць на складзе адзення Zara. Месяц папрацавала і сказала, што дае рады. Тады і я кінуў сваю працу і паехаў да яе. Год там разам адпрацавалі. Досвед не самы лепшы на тым складзе: працавалі па 12 гадзін, графік нерэгулярны. Ты нешта плануеш, але ў любы момант усё можа змяніцца: у цябе выходны, а табе тэлефануюць і кажуць, што трэба выходзіць на змену. Ты ўжо стаіш на прыпынку, каб ехаць на працу, а табе кажуць, што сёння маеш выходны…

Працую па спецыяльнасці, але для росту патрэбна мова

Пасля Вадзім уладкаваўся электрыкам. Кажа, што праблем з гэтым не было, бо прафесія запатрабаваная. Аднак здаць экзамен, каб працаваць самастойна, не атрымалася — замінала слабое валоданне польскай мовай.

— Уладкаваўся па спецыяльнасці электрыкам спачатку праз агенцтва, а потым самастойна. Паколькі дрэнна валодаю польскай мовай, допуску на самастойную працу не маю, бо трэба здаваць экзамен. На рускай мове я б яго здаў, а на польскай — не. Таму працую электрыкам будаўнічым.

Проста працаваць і жыць у Польшчы без ведання мовы можна

Суразмоўца адзначае, што ніколі не меў праблем з-за мовы — ні на працы, ні па-за ёй.

— Так складваецца, што з мовай вялікіх праблем няма. Праўда, без польскай мовы няма магчымасці росту. Але проста працаваць і жыць у Польшчы без мовы можна. За чатыры гады ўжо з’явіліся камунікатыўныя навыкі — магчыма, не вельмі чыста размаўляю, але паразумецца заўсёды можна. Ды і працую ў калектыве пераважна расійскамоўным.

— А чаму з вывучэннем мовы так не атрымалася?

— Магчыма, лянота… Спрабаваў займацца на анлайн-курсах, але не паспяваў. Тры разы на тыдзень заняткі, на хатняе заданне сыходзіла да чатырох гадзін. А з працы прыходзіш стомлены: трэба прыгатаваць вячэру, яшчэ нешта зрабіць — і я сядзеў як на іголках. Каб прасоўвацца ў Польшчы, трэба ведаць мову і ўвесь час шавяліцца. А жыць проста, як сярэднестатыстычнаму грамадзяніну, — цалкам нармальна.

У Беларусі мог адкласці да 200 долараў, тут — да тысячы

У Беларусі Вадзім працаваў дзяжурным электрыкам. Графік дазваляў падпрацоўваць на рамонце кватэр. Але розніца ў заробках паміж дзвюма краінамі істотная.

— У Беларусі я зарабляў ад 600 да 1000 долараў у залежнасці ад колькасці заказаў на кватэры. Адкласці атрымлівалася 100–150 долараў у месяц. І гэта пры тым, што жылі ў сваёй кватэры. Тут я здымаю кватэру за 570 долараў, няхай і невялікую, але мы з жонкай можам беспраблемна адкласці каля тысячы долараў у месяц. Пры гэтым наш лад жыцця застаецца такім самым, як у Беларусі.

«Наогул мы Польшчай задаволены»

На пытанне, ці задаволены яны жыццём у Польшчы, Вадзім думае некалькі секунд і ўпэўнена адказвае:

— У прынцыпе, мы задаволены. Думалі, ці можам тут застацца, але пакуль адклалі гэтае пытанне. Магчыма, калі на нас зваляцца аднекуль вялікія грошы, то гэта рэальна. Але жыць на пенсіі на здымнай кватэры — нерэальна. Каб я прыехаў сюды ў 30 гадоў, то назбіраць на сваю кватэру можна было б, але я прыехаў у 50. Да таго ж, у нас з жонкай у Беларусі мамы ва ўзросце — яны нікуды не хочуць ехаць. І, магчыма, іх давядзецца даглядаць, таму мы не разглядаем варыянт застацца тут канчаткова.

— Вадзім, а вы самі сумуеце па доме?

— Не. Часам жонку хвалі настальгіі накрываюць. Мы былі дома ў чэрвені, і такое ўражанне, што прыехалі ў госці. І што? Пабылі, пабачылі блізкіх — і паехалі дадому… Мы ўжо сябе тут адчуваем як дома. Пабылі, добра, адзначыліся…

Павел ЗАЛЕСКІ