На гэтае пытанне ў сваім навуковым даследаванні адказвае беларускі даследчык Антон Дзінерштайн, звязаны з Інстытутам славістыкі Польскай акадэміі навук.
Лінгвіст прааналізаваў кантэкст выкарыстання ключавых слоў у артыкулах на парталах «Спутнік Беларусь», «Анлайнер» і ў Фэйсбуку. Гэтымі ключавымі словамі з’яўляюцца «народ», «улада», «дзяржава», «Захад», «людзі», «суверэнітэт». Праблемы, звязаныя з выкарыстоўваннем гэтых слоў у размовах пра палітыку, вядуць у мове да такіх праблем, як персаніфікацыя ўлады, кажа даследчык:
- Мы выкарыстоўваем, напрыклад, слова ўлада ў адушаўлёнай форме, а ўлада гэта павінен быць нейкі атрыбут. Чалавек можа валодаць уладай, можна ўладу перадаць, можна ўладу дэлегаваць. Але калі мы размаўляем, часта адбываецца так, што мы кажам: улада робіць нешта, улада супраць народа, альбо ўлада прымае рашэнні. Адпаведна мы персаніфікуем ў дыскурсе гэтую сутнасць, ствараем вось такую ідэнтычнасць. І гэта адна з праблем, якая ўзнікае. Адпаведна далей, калі і СМІ, і эксперты, і людзі звычайна размаўляюць, то яны ўжываюць гэтыя словы менавіта такім чынам. Робіцца адна і тая ж памылка ўвесь час у размовах на любыя палітычныя тэмы. У гэтым і заключаецца праблема, калі мы ствараем ярлык спрашчэння, абагульняем усіх людзей, якія знаходзяцца ў стане кіравання дзяржавай, і замест таго, каб называць канкрэтных людзей, альбо нейкія там міністэрствы, ці яшчэ кагосьці, робім вось гэты ярлык спрашчэння. Тое ж самае з дзяржавай. Кажам: дзяржава робіць нешта, дзяржава супраць народа. А дзяржава, па сутнасці, гэта нешта безасабовае, гэта структура, нейкі набор інстытутаў. А мы маем на ўвазе людзей.
Лінгвіст кажа, што з’ява вельмі масавая, выкарыстоўванне названых ключавых слоў з’яўляецца ўжо звычкай, мы нават не задумваемся аб мове, якую мы выкарыстоўваем, і які сэнс ёй надаем. Якую праблему ў гэтым бачыць лінгвіст?
- Праблема заключаецца ў тым, што такім чынам мы самі ж умацоўваем гэты статус-кво. Па сутнасці, калі ў нас улада роўна чалавек, і яна не падзяляецца ў мове, а дзяржава роўна група людзей, зноў жа, не падзяляецца, то мы проста ўмацоўваем той жа спосаб думаць пра палітыку.
На мой погляд, трэба рабіць над сабой намаганне, спрабаваць размяжоўваць атрыбут ад людзей, каб не ствараць гэтую праблему, і, магчыма, тады з'явіцца альбо новы спосаб думаць ці казаць пра палітычныя працэсы, альбо, магчыма, новы слоўнік, нейкі альтэрнатыўны.
Калі такі дыскурс проста прыняць і нічога не мяняць, то і мы не пачнём думаць пра палітыку інакш, кажа даследчык. Магчыма, калі гаварыць пра палітыку інакш, то і памяняецца спосаб мыслення пра яе.
На патрэбы бягучага даследавання Антон Дзінерштайн параўноўвай «Спутнік Беларусь», «Анлайнер» і Фэйсбук. Аўтар расказвае пра розніцы і падабенствы, а таксама пра тое, што ён не спадзяваўся высветліць:
- Мне трэба было знайсці два медыя з прыкладна супастаўнай анлайн-аўдыторыяй, рускамоўныя і якія функцыянавалі ад пачатку перадвыбарнай кампаніі ў 20-м годзе да рэферэндуму ў 22-м. Больш-менш параўнальныя, хацелася паглядзець, ці будуць адрозненні нейкія паміж імі.
Адрозненні некаторыя былі, але, у прынцыпе, вось гэтае асноўнае выкарыстанне слоў «улада», «дзяржава», яны былі падобныя насамрэч. Па сутнасці, цытаты адных і тых жа людзей прысутнічалі часта і ў адным, і ў іншым. Калі браць словы «людзі», «народ», то была розніца ў дыскурсе. У Анлайнеры «людзі», «народ» выкарыстоўваліся ў якасці актыўнай часткі. На Спутніку наадварот. У Фэйсбуку ізноў жа адушаўлёнае выкарыстанне гэтых тэрмінаў. Я для гэтага і спрабаваў параўнаць, узяць адно больш «незалежнае», іншае больш «залежнае», і ў Фэйсбуку менавіта аналізаваў пасты людзей, якія не звязаныя з журналісцкай дзейнасцю, з экспертнай часткай, альбо з нейкімі палітычнымі актыўнасцямі, а проста звычайныя грамадзяне.
Сярод нечаканасцяў даследчык называе вынік, што супастаўленне тэрмінаў «улада» і «народ» або «дзяржава» і «народ» больш выкарыстоўвалася ў незалежных СМІ. «Атрымліваецца, што мы самі больш алею падліваем у агонь», - гаворыць Антон Дзінерштайн.
Слухайце аўдыё, каб даведацца і пра іншыя высновы даследчыка.
ав