66,5% палякаў крытычна ставяцца да палітыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з пункту гледжання інтарэсаў Польшчы. 19,4% рэспандэнтаў ацанілі яе станоўча, пра гэта сведчаць вынікі апытання IBRiS, якое публікуе «Rzeczpospolita».
На пытанне, ці лічаць яны, што палітыка Дональда Трампа спрыяльная для Польшчы, 36,9% адказалі »безумоўна, не«, а 29,6% — «хутчэй, не». 15% адказалі «хутчэй, так», а 4,4% — «безумоўна, так». 14,1% рэспандэнтаў адказалі: «не ведаю».
У прыватнасці, ажно 87,2% апытаных прыхільнікаў урадавай кааліцыі, 49% выбаршчыкаў апазіцыі і 71,3% тых, хто не галасаваў або канкрэтна не вызначыўся са сваімі палітычнымі поглядамі, лічаць адмоўным уплыў палітыкі прэзідэнта ЗША на інтарэсы Польшчы.
Супрацьлеглага меркавання прытрымліваліся 36,3% прыхільнікаў апазіцыі, 7,9% тых, хто не мае канкрэтных палітычных поглядаў і 4,5% прыхільнікаў партый, якія фарміруюць польскі ўрад.
У прыватнасці станоўчыя ацэнкі палітыкі прэзідэнта ЗША пераважаюць сярод тых, хто ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў 2025 года падтрымаў Караля Наўроцкага («так» — 45,8%; «не» — 37,2%) і Гжэгажа Браўна («так» — 53,1%; «не» — 46,9%).
У сваю чаргу, у тым, што палітыка амерыканскага прэзідэнта не адпавядае інтарэсам Польшчы перакананыя тыя, хто галасаваў за Рафала Тшаскоўскага (82,6% адказаў «не», 6,4% адказаў «так»), Славаміра Ментцэна («не» — 85,1%; «так» — 12,6%), Шымона Галоўню («не» — 77,9%; «так» — 6,9%) і Адрыяна Зандберга («не» — 100).
Паводле выдання, на падставе вынікаў апытання можна зрабіць выснову, што чым вышэйшая адукацыя, тым горшая ацэнка дзеянняў Дональда Трампа.
— Найбольшая падтрымка яго палітыкі зафіксаваная сярод людзей ва ўзросце 60-69 гадоў, а найменшая — сярод самых маладых, — адзначае газета.
Апытанне Інстытута рынкавых і сацыяльных даследаванняў (IBRiS) для газеты «Rzeczpospolita», было праведзенае метадам CATI на выбарцы з 1 068 рэспандэнтаў 16-17 кастрычніка 2026 года.
аз