Беларуская Служба

Польшча і Данія пашыраюць энергетычную супрацу

26.11.2019 12:11
Візіт манаршай пары Даніі ў Варшаве – гэта частка святкавання 100-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Даніяй.
Аўдыё
  • Польшча і Данія пашыраюць энергетычную супрацу.
      .
Прэзідэнт Анджэй Дуда і кронпрынц Даніі Фрэдэрык.PAP/Leszek Szymański

Прэзідэнт Анджэй Дуда і кронпрынц Даніі Фрэдэрык падтрымліваюць развіццё польска-дацкага энергетычнага супрацоўніцтва. Згаданая тэма стала адной з галоўных падчас афіцыйнага візіту дацкай манаршай пары ў Варшаве.

Галоўным польска-дацкім энергетычным праектам з'яўляецца газаправод Baltic Pipe (Балтыйская труба), які праз дацкія тэрытарыяльныя воды дазволіць Польшчы атрымліваць газ з нарвежскага шэльфа.

Прэзідэнт Анджэй Дуда падкрэсліў, што гэта дазволіць краіне дыверсіфікаваць крыніцы паставак газу, якія доўгі час засяроджваліся на расійскім напрамку.

- У выніку раней заключаных дамоваў цяпер мы плацім за расійскі газ больш, чым Германія. Тут выснова адна: гэта выдатны прыклад таго, што можа адбывацца, калі нехта не мае магчымасці скарыстацца канкурэнтнай прапановай.

Анджэй Дуда заявіў, што, дзякуючы Baltic Pipe, Польшча хоча стаць газавым хабам, то бок вузлом, праз які газ будзе распаўсюджвацца ў іншыя краіны, залежныя ад паставак расійскага газу. Гаворка ідзе пра Літву, Славакію і Украіну.

- Мы хочам, каб у будучыні Польшча стала хабам, з якога можна будзе пастаўляць газ у розныя краіны. Менавіта таму мы будуем інтэрканектары паміж Польшчай і Літвой, Славакіяй і Украінай. Мы будуем газаправод праз Польшчу ва Украіну менавіта таму, каб 1 мільярд кубаметраў газу, які цяпер польская сістэма пастаўляе ва Украіну, мог быць павялічаны да 6 мільярдаў кубічных метраў газу ў год.

Нагадваем, газаправод Baltic Pipe павінен злучыць нарвежскія радовішчы прыроднага газу з Даніяй, Польшчай, а таксама з Літвой, Славакіяй і Украінай. Анджэй Дуда спадзяецца, што гэтая інвестыцыя будзе рэалізавана да 2021 года.

Прэзідэнт выказаў перакананне, што яшчэ адной сферай польска-дацкага энергетычнага супрацоўніцтва могуць стаць марскія ветраныя фермы.

- Мы мелі і надалей маем праблемы з ветранымі электрастанцыямі ў суседстве з населенымі пунктамі. Яны выклікаюць супраціў грамадства. Цягам апошніх гадоў даходзіла нават да пратэстаў. Гэткіх сумневаў і супраціваў няма, калі гаворка ідзе пра падобныя інвестыцыі на Балтыйскім моры. У сувязі з гэтым, гэта нашая будучыня.

У сваю чаргу прынц Фрэдэрык падкрэсліў, што ў галіне энергетыкі Польшча і Данія не пачынаюць супрацы „з нуля”, а Baltic Pipe з’яўляецца добрым гэтага прыкладам. Як адзначыў кронпрынц Даніі, кампаніі з абедзвюх краін ужо распрацоўваюць тэхналогію марскіх ветраных ферм.

- Падмуркі ветраных турбін вырабляюцца ў Польшчы, падобным чынам як вежы і прапелеры. Турбіны, якія вырабляюцца ў Даніі, ва ўсім свеце кантралюе аператыўны цэнтр у Польшчы. Мы абменьваемся вопытам таксама ў галіне біягазу, сонечнай энергіі і шырока зразумелай энергаэфектыўнасці.

Прынц Фрэдэрык падзякаваў Польшчы за ўклад у глабальныя кліматычныя перамовы. Ён нагадаў, што падчас леташняга кліматычнага саміту ў горадзе Катавіцы (Katowice) можна было выпрацаваць шэраг правілаў па рэалізацыі Парыжскага пагаднення. Гаворка ідзе, між іншым, пра першае міжнароднае пагадненне, якое абавязвае ўсе краіны свету дзейнічаць на карысць аховы клімату.

Прэзідэнт Анджэй Дуда і дацкі кронпрынц Фрэдэрык сустрэліся таксама з ветэранамі польскіх і дацкіх замежных місій у Цэнтры ветэрана за межамі краіны. У сваю чаргу жонка дацкага кронпрынца Марыя Эльжбета адкрыла мемарыяльную дошку ў памяць дацкага скульптара Бертэля Тарвальдсена. Мемарыяльная дошка змешчаная перад уваходам у палац Сташыца, які з’яўляецца сядзібай Польскай акадэміі навук.

Візіт манаршай пары Даніі ў Варшаве – гэта частка святкавання 100-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Даніяй.


аз