Беларуская Служба

Беларускі следчы, які напісаў рапарт пра злачынствы сілавікоў, пачынае новае жыццё ў Польшчы

14.09.2020 21:09
Андрэй сваімі вачыма бачыў, як пасля затрыманняў людзей жорстка збіваюць, гвалтуюць, падаўляюць у маральным плане.
Аўдыё
-
Прэс-канферэнцыя Андрэя Астаповіча ў Варшавефота: Н. Грышкевіч/БСПР

Былы старэйшы следчы з Мінска Андрэй Астаповіч пачынае новае жыццё ў Польшчы ў якасці палітычнага ўцекача. Яго гісторыя падобная на сапраўдны дэтэктыў.

16 жніўня старэйшы следчы Партызанскага раённага аддзелу Следчага камітэту Беларусі Андрэй Астаповіч падаў у адстаўку, паколькі не жадаў «выконваць злачынныя загады» ды ўдзельнічаць у прыхоўванні злачынстваў сілавікоў. Ён бачыў, як збітыя асобы падавалі заявы аб катаванні, а пракуратура не ўзбуджала следства. Бываў на мітынгах, бачыў, што адзінымі правакатарамі там былі супрацоўнікі АМАПу, якім выдалі злачынныя загады.

Андрэй сваімі вачыма назіраў, як пасля затрыманняў людзей жорстка збіваюць, гвалтуюць, падаўляюць у маральным плане. Андрэй Астаповіч напісаў пра гэта рапарт. Цэлую ноч думаў, ці варта яго публікаваць. У Варшаве ён расказаў, што яго прымусіла прыняць адважнае рашэнне.

- У мяне вокны выходзілі на Каменную горку, дзе пастаянна адбываўся жаночы пікет. Я бачыў, як людзі змагаюцца, бачыў, як яны адстойваюць свае правы. І я зразумеў, што я не буду ў гэтай краіне, але рапарт выкладу.

«За выбітыя вочы, за адарваныя пяткі, за згвалтаванні дзеўчын і мужчын, за дзяцей у коме, за катаванні і здзекі не было ўзбуджана ніводнай справы. Дзе абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян!?», – напісаў між іншым Андрэй Астаповіч у рапарце.

Ён разумеў, што ў Беларусі яму пагражае ў лепшым выпадку арышт. Таму выехаў у Расію, аднак там быў затрыманы і прывезены назад у Беларусь. Адтуль яму ўдалося дабрацца да Польшчы, хаця не адразу, а праз іншыя дзяржавы. У Польшчу ён прыехаў з двума камплектамі адзення, нават тэлефонны апарат прыйшлося выкінуць. Мясцовыя беларусы і польскія арганізацыі аказалі яму падтрымку, сабралі грошы на першы час жыцця ў краіне.

У Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя, на якой польскім СМІ ды прадстаўнікам дзяржаўных структур улады распавялі гісторыю Андрэя Астаповіча. Прысутны на сустрэчы ў Цэнтры беларускай салідарнасці дэпутат польскага Сейму (ніжэйшай палаты парламенту) Міхал Шчэрба адзначыў, што пытанні палітычных бежанцаў з Беларусі закранаюцца на сустрэчах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага з прадстаўнікамі апазіцыйных фракцыяў, якія адбываюцца рэгулярна.

Важна змяніць польскае заканадаўства такім чынам, каб людзі не атрымлівалі толькі так званую гуманітарную візу, паколькі на дадзены момант права забараняе працаваць асобам, якія атрымалі гуманітарную візу, – мяркуе Міхал Шчэрба.

- Польская дзяржава можа падтрымліваць уцекачоў, можа падтрымліваць асоб, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, а таксама параненых людзей, якія прайшлі праз катаванні. Такія асобы таксама прыязджаюць на тэрыторыю Польшчы. На сустрэчах з прэм’ер-міністрам мы будзем закранаць пытанні візаў, пра якое тут згадалі. Нельга абмяжоўвацца толькі да гуманітарных візаў, неабходна выкарыстоўваць больш шырокі спектр візаў. Гэта неабходна дзеля таго, каб людзі, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў з Беларусі ў Польшчу, маглі тут працаваць, маглі нармальна жыць, каб іх статус быў для іх карысны і зразумелы.

Неабходна вырашаць фармальныя пытанні на дзяржаўным узроўні, каб да такіх людзей ставіліся ў Польшчы інакш, чым да звычайных, эканамічных бежанцаў, – мяркуе намеснік польскага амбудсмена (абаронцы грамадзянскіх правоў) Ганна Махіньска.

- Хочацца верыць, што палітыка адкрытасці Польшчы паўплывае таксама на змяншэнне маштабу бюракратыі на ніжэйшым узроўні дзяржаўных структур у Польшчы, каб да такіх людзей, як Андрэй, не ставіліся як да шматлікіх іншых замежнікаў, якія хадайнічаюць за статус уцекача ў Польшчы. На маю думку, прыйшоў час адкрыць межы Польшчы для іншых.

На думку Ганны Махіньскай, пытанні такіх людзей, як Андрэй Астаповіч, неабходна вырашаць на ўзроўні ўстаноў Еўрапейскага Саюзу. Гэтая праблема закранаецца на форуме Еўрасаюзу, у прыватнасці, падчас размоваў у Радзе Еўропы.

- Мы размаўлялі пра стварэнне спецыяльнай пасады – упаўнаважанага генеральнага сакратара па пытаннях Беларусі. На нашу думку, цяпер Рада Еўропы мае вялізнае значэнне – гэта першая арганізацыя, якая магла б у дадзеным напрамку нешта зрабіць. У сваю чаргу, на сустрэчы ў Швецыі ішла гаворка пра заснаванне Цэнтру ідэнтыфікацыі ахвяр катаванняў.

Праблема палітычных бежанцаў з Беларусі ўздымалася ўчора таксама на сустрэчы прэм'ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага з прадстаўнікамі польскай апазіцыі.

нг