Беларуская Служба

Расія да мінімуму скарачае пастаўкі газу праз газаправод «Ямал-Еўропа»

23.12.2021 09:31
Магутнасці газаправоду «Ямал-Еўропа», які ідзе праз Беларусь, не задзейнічаныя трэці дзень запар.
Gazprom - zdjęcie ilustracyjne
Gazprom - zdjęcie ilustracyjneshutterstock

Расійскі канцэрн «Газпром» падчас дадатковай сесіі аўкцыёну не забраніраваў на 23 снежня магутнасці газаправоду «Ямал-Еўропа» для транзіту праз Беларусь і Польшчу, сведчаць дадзеныя платформы GSA Platform, паведамляе Свабода.

Расійская кампанія ў асобныя дні замаўляла магутнасці не на рэгулярнай, а на дадатковай сесіі, а таксама выкарыстоўвала кароткатэрміновае браніраванне на некалькі гадзін, паведамляе агенцтва эканамічнай інфармацыі «Прайм».

Аднак прапанова на 23 снежня зноў аказалася незапатрабаванай. Усяго прапаноўваліся магутнасці ў аб’ёме 89 мільёна кубаметраў на пункце ўваходу ў польскі ўчастак магістралі, якая для «Газпрома» з'яўляецца адным з асноўных маршрутаў паставак газу ў Еўропу. Да таго кампанія тры дні запар не браніравала магутнасці газаправоду на сутачным аўкцыёне.

«Газпром» зніжае браніраванне газаправоду ад канца мінулага тыдня. Калі да 17 снежня прапампоўвалася прыкладна 30 мільёнаў кубаметраў газу, то 20 снежня ўсяго 3,8 мільёна з даступных 89 мільёнаў.

Зніжэнне паставак нараўне з іншымі фактарамі ўплывае на настроі ўдзельнікаў газавага рынку. Кошт фʼючэрсаў упершыню ў гісторыі дасягнуў 2190 долараў за тысячу кубаметраў, што паставіла кароткатэрміновыя кантракты на паўзу.

Газаправод «Ямал-Еўропа» разам з газатранспартнай сістэмай Украіны складае адзін з асноўных маршрутаў паставак расійскага трубаправоднага газу на Захад. Ён праходзіць па тэрыторыі Расіі, Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і можа прапампоўваць да 33 мільярдаў кубаметраў газу на год.

Доўгатэрміновая дамова «Газпрома» з Польшчай скончылася летась, пасля чаго кампанія браніравала магутнасці магістралі праз аўкцыён.

яс