Беларуская Служба

У Варшаве можна набыць беларускія літары ў мастацкім афармленні

22.06.2022 19:02
Яна аформіла ўсе беларускія літары тэхнікай, якая нагадвае макрамэ.
Аўдыё
  • Кацярына Пікірэня пра свае літары
Кацярына Пікірэня са сваімі працаміфота: Наталля Грышкевіч/БСПР

Незвычайная выстава працуе ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. Гэта праект беларускай мастачкі, дызайнеркі Кацярыны Пікірэні. Яна аформіла ўсе беларускія літары тэхнікай, якая крыху нагадвае макрамэ. Аўтарка таксама дадала ў свой алфавіт украінскую літару ї (й), каб падтрымаць украінцаў, калі пачалася вайна. 


Адзіная ўкраінская літара Адзіная ўкраінская літара

- 32 літары беларускага альфабэту і адна ўкраінская. Вырас гэты праект з дызайну для кнігі Вальжыны Морт «Песні мёртвых і васкрослых». Я зразумела, што я не магу спыніцца, буду працягваць вывучаць форму нашых літар, яе метафізіку. А калі пачалася вайна, я ўжо не магла думаць пра беларускія літары і вырашыла дадаць адну ўкраінскую ї, каб падтрымаць духоўна ўкраінцаў.


Літара Ў Літара Ў

Цяпер беларускі алфавіт кірылічны, але калісьці адбывалася дыскусія, ці не варта было б прыняць лацінскі алфавіт. Як вам такая ідэя?

- Мне больш падабаецца кірыліца, яна лепш адпавядае гукавой сістэме нашай мовы, тут ёсць такія літары, як ч і ж. Кірыліца не мусіць спыняцца ў сваім развіцці, мадыфікавацца. Цяпер сітуацыя беларускай мовы складаная, але пасля ўсіх гэтых падзей, калі я прыехала ў Беларусь, заходзіла ў краму, то людзі ўсміхаліся, калі чулі мову. Можа, гэта адкрыццё беларусаў, якія раней не задумваліся над гэтымі пытаннямі, а цяпер, калі яны нават самі не размаўляюць па-беларуску, яны чуюць пашану і радасць, калі чуюць гэтую мову ад кагосьці.

Кацярына Пікірэня выставіла свае працы на продаж і ў размове з намі абяцала, што даход будзе прызначаны на падтрымку беларусаў, якія былі прымушаныя выехаць ва Украіну з Беларусі ў выніку рэпрэсіяў, а цяпер ім прыйшлося збегчы і з Украіны.

поўная гутарка ў далучаным аўдыё

нг