Беларуская Служба

Сітуацыя на фронце: у расіян ва Украіне няма значных поспехаў

19.05.2022 08:49
Асноўныя ваенныя дзеянні адбываюцца на Данбасе.
Ілюстрацыйны здымакфота: УНІАН/Dynamit Nobel Defence

Сітуацыя на фронце. Расіяне беспаспяхова атакавалі ў Данецкай і Луганскай вобласцях. Яны таксама абстрэльваюць пазіцыі ўкраінскай арміі на поўдні краіны. Раніцай Генштаб Узброеных сіл Украіны не паведамляе аб сітуацыі ў Марыупалі. Раней у расійскі палон здаліся сотні абаронцаў заводу «Азоўсталь».

Асноўныя ваенныя дзеянні адбываюцца на Данбасе. У ваколіцах Славянска ішлі баі за вёску Вялікая Камышаваха. Расіяне яе не здабылі. Па інфармацыі ўкраінскага генштаба, расійскія штурмы ў напрамках Бахмута, Аўдзееўкі і Курахава таксама аказаліся неэфектыўнымі. Пад Севераданецкам у Луганскай вобласці ідуць інтэнсіўныя баі. На паўднёвым участку фронту – па межах Херсонскай вобласці расіяне абстрэльвалі пазіцыі ўкраінскай арміі.

Надоечы расіяне з тэрыторыі РФ атакавалі з артылерыі населеныя пункты, размешчаныя каля мяжы ў Чарнігаўскай і Сумскай вобласці. У ваколіцах Харкава агрэсары абстрэльвалі пазіцыі ўкраінскай арміі пры дапамозе артылерыі.

Генштаб УСУ/нг