Беларуская Служба

За суткі Украіна перажыла дзясяткі ракетных абстрэлаў з боку расійскіх агрэсараў

04.06.2023 08:15
Праціўнік засяроджвае намаганні на спробах поўнага захопу Луганскай і Данецкай абласцей.
.
Ілюстрацыя. Расійскі комплекс "Іскандэр" фота: Shutterstock/ID1974

За апошнія суткі расіяне нанеслі 30 ракетных і авіяўдараў па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў і населеных пунктах, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны.

«Мінулай ноччу праціўнік нанёс два ракетныя ўдары па Данецкай і Днепрапятроўскай абласцях, у прыватнасці з выкарыстаннем ракет «Іскандэр». Адна з іх упала ў прыгарадзе Дняпра – пашкоджаны двухпавярховы жылы дом. Больш за 20 мірных жыхароў атрымалі раненні сярэдняй і цяжкай ступені, у тым ліку дзеці. Акрамя таго, праціўнік нанёс 30 авіяўдараў і 56 ракетных абстрэлаў пазіцый нашых вайскоўцаў і населеных пунктаў», – гаворыцца ў зводцы.

У выніку абстрэлу жылога дома ў Дняпры загінула двухгадовая дзяўчынка, паведаміў губернатар Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак. Колькасць пацярпелых у выніку нападу ўзрасла да 22 чалавек. 17 чалавек шпіталізаваныя. Спачатку паведамлялася, што сярод пацярпелых пяць дзяцей, у тым ліку трое ў цяжкім стане. У выніку суботняга абстрэлу часткова абрынуўся двухпавярховы дом, таксама пашкоджаныя 10 прыватных дамоў, крама і газаправод.

Верагоднасць ракетных абстрэлаў Украіны застаецца высокай.

У Генштабе таксама адзначылі, што за мінулыя суткі авіяцыя ўкраінскай арміі нанесла 11 удараў па раёнах канцэнтрацыі акупантаў і 6 удараў па зенітна-ракетных комплексах.

Паводле паведамлення, праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнага захопу Луганскай і Данецкай абласцей. За мінулыя суткі там адбыліся 23 баявыя сутычкі.

IAR/нг