Расія разбурае лініі электраперадач ва Украіне, каб выклікаць гуманітарную катастрофу. Гэта можа быць самая цяжкая зіма з пачатку вайны, перасцерагаюць суразмоўцы газеты «Rzeczpospolita».
Расійскія атакі на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру могуць прывесці да масавага прытоку бежанцаў у Польшчу гэтай зімой. Гаворка ідзе нават пра 2,5 мільёна чалавек, лічаць эксперты.
Атакі на цепла- і электрасеткавую інфраструктуру, лініі электраперадачы, а таксама каналізацыйныя і водазабеспячальныя сістэмы могуць зрабіць жыццё ў буйных гарадах невыносным, кажа Кшыштаф Нечыпар з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Паводле былога афіцэра Службы ваеннай разведкі падпалкоўніка Мацея Каровая, патэнцыйны адток гарадскога насельніцтва можа быць большым, чым хваля бежанцаў на пачатку вайны. Паводле яго, з Адэсы і Кіева, дзе пражывае каля 4,5 мільёна чалавек, у Польшчу могуць з’ехаць да 2,5 мільёна бежанцаў.
Менавіта таму, паводле выдання, Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі разглядае тры сцэнарыі: адсутнасць прытоку бежанцаў, прыток украінцаў, у якіх у Польшчы ўжо ёсць члены сям’і і масавая міграцыя ў Польшчу.
Паводле звестак газеты, ваяводы правялі інвентарызацыю інфраструктуры і рэсурсаў, якія ёсць у іх распараджэнні, а Памежная служба сочыць за сітуацыяй на мяжы.
Намеснік міністра польскага МУС Мацей Душчык лічыць, што найбольш верагодны варыянт – прыбыццё ўкраінцаў, у якіх у Польшчы ўжо ёсць члены сям’і. Як кажа палітык, «ужо паступаюць асобныя пытанні аб магчымасці прытулку ў Польшчы на зіму», але ён падкрэслівае, што «на дадзены момант надзвычайнай сітуацыі няма».
Між тым, «Rzeczpospolita» нагадвае, што Польшча закрыла большасць пунктаў прыёму і цэнтраў масавага размяшчэння бежанцаў, створаных у 2022 годзе. У цяперашні час працуюць толькі два: у Пшэмыслі і Любліне.
аз