Беларуская Служба

Еўрапейскі саюз працягнуў санкцыі супраць Беларусі

17.02.2020 11:07
Такое рашэнне прынялі міністры замежных спраў 27 краін на сустрэчы ў Бруселі.
Паседжанне Рады замежных спраў ЕЗ у БруселіEPA/OLIVIER HOSLET

Абмежаванні ўключаюць у сябе эмбарга на зброю і тэхніку, якая можа выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў, а таксама датычаць чатырох чалавек з атачэння беларускага прэзідэнта.

Дыпламатычныя санкцыі супраць большасці беларускіх палітыкаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, былі зняты ў 2016 годзе. Тады 170 чалавек былі выдаленыя з чорнага спісу, але 4 асобы засталіся.

Падаўжэнне санкцый азначае, што да 28 лютага наступнага года чатыром асобам з чорнага спісу, якія падазраюцца ў пераследзе палітычных апанентаў, будзе забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і будуць заблакаваныя іх актывы ў еўрапейскіх банках.

Што тычацца эмбарга на ўзбраенне, тры гады таму былі ўведзены льготы, якія дазвалялі экспартаваць у Беларусь біятлонныя стрэльбы, абмежаваную колькасць спартыўных вінтовак і пісталетаў. Аднак кожны раз краіны ЕЗ павінны даць дазвол на продаж.

Еўразвяз упершыню ўвёў санкцыі супраць Беларусі ў 2004 годзе, якія пазней былі пашыраныя ды ўзмоцненыя. Пасля расейскай агрэсіі ва Украіне беларускі прэзідэнт пачаў рабіць прымірэнчыя жэсты супраць Захаду, Еўразвяз прыняў рашэнне адмяніць часткова абмежаванні.

Тады загучалі крытычныя галасы, што рашэнне было заўчасным і пазбавіла Захад магчымасці ціснуць на Беларусь у справе дэмакратычных рэформаў.

ПР/юл