Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы

11.07.2019 16:46
Асцярожна, гэта сэрца Наталлі Сікоры. 
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Гераіня нашай сённяшняй перадачы – хутчэй акторка, чым пяснярка. Канешне, яна запісвае кружэлкі, выступае на канцэртах, але працуе галоўным чынам у тэатры, адукацыя ў яе таксама звязаная з тэатральным майстэрствам.

Музыкантку і акторку завуць Наталля Сікора, яна нарадзілася ў 1986 годзе ў Слупску на поўначы Польшчы. У Варшаве закончыла Тэатральную акадэмію, а музычную кар’еру пачала ва ўзросце 13 гадоў, выступаючы ў Моладзевым цэнтры культуры ў сваім родным горадзе. Лаўрэатка шматлікіх конкурсаў і музычных праглядаў. Ужо шмат гадоў яна супрацоўнічае з піяністам і кампазітарам Пятром Пранюком, з якім Наталля стварыла праект пад назвай «Сікора Пранюк Дуо», Польскае радыё выдала іх сумесны альбом. Наталля была членам некалькіх музычных гуртоў, цяпер яна з’яўляецца вакалісткай калектыву пад назваю Цягліцы (Mięśnie).

У 2013 годзе Сікора перамагла ў фінале музычнага тэле-шоў The Voice of Poland (Голас Польшчы). Заваявала таксама першае месца падчас фестывалю Польcкай песні ў Аполі за выкананьне песні Ўладзіміра Высоцкага «Коні». А вось на фестывалі расейскай песні ў Зялёнай Гуры атрымала сярэбраны самавар за кампазіцыю «Ясны сокал» з рэпертуару гурту Любэ.

А я выбрала ў сённяшнюю перадачу кампазіцыю Наталлі Сікоры, якая называецца «Ostrożnie to moje serce» – Асцярожна, гэта маё сэрца. Аўтар тэксту Марэк Гашыньскі, музыку напісалі Наталля Сікора і Павел Станкевіч.

Ostrożnie, to moje serce,
Łatwo się wypala, płonie.
Łatwo komuś wierzy, pragnie coś przeżyć,
Normalne serce dziewczęce.

Ostrożnie, to moje serce,
Więc nie odchodź, nie zostawiaj.
Kiedy coś zabierasz to ono
Umiera rozdarte, tak jak w piosence.

Ostrożnie, to moje serce
Zakochane, zagubione, podzielić się nie da
Choć je zżera bieda, więc nadziei
Daj mu więcej.

Ostrożnie, to moje serce
Chodź posłuchaj tego serca.

Gdy dla ciebie bije wiem, że znowu żyję
Ostrożnie, serce w rozterce

Асцярожна, гэтае мае сэрца, лёгка выгарае, гарыць. Лёгка камусьці верыць, жадае нешта перажыць. Нармальнае дзявочае сэрца.

Асцярожна, гэта маё сэрца, тут выхаванае, беднае, таму не адыходзь, не пакідай. Калі ты нешта забіраеш, яно памірае, разарванае, як у песні.

Асцярожна, гэта маё сэрца. Закаханае, яно страціла арыентацыю, падзяліць яго нельга. Яго пажырае бяда, таму надзеі дай яму больш.

Асцярожна, гэта маё сэрца. Хадзі, паслухай гэтае сэрца. Калі для цябе б’ецца, я ведаю, што зноў жыву. Асцярожна, сэрца ў дылеме.

Ostrożnie – гэты выраз, канешне, зразумелы для ўсіх беларусаў. Гэта беларускае асцярожна, якое, думаю, ва ўсіх, хто жыве або бывае ў Менску, атаясамліваецца з фразай «Асцярожна, дзверы зачыняюцца» з менскага метро. Дарэчы, не толькі метро, таксама з іншага грамадскага транспарту. На польскай мове ёсць слова ostrożnie ў дадзеным значэнні, інакш – bądź ostrożny, але часцей палякі карыстаюцца адным кароткім словам «uważaj», што таксама азначае «будзь асцярожны, беражыся».

Pragnie coś przeżyć – жадае нешта перажыць, нейкія пазітыўныя падзеі, прыгоды. Pragnąć можна вельмі шмат розных рэчаў, ад матэрыяльных па абстрактныя, а таксама часта людзі pragną іншых людзей, як у сексуальным плане, так і можна pragnąć (моцна жадаць), напрыклад, пазнаёміцца з кімсьці або нешта з кімсьці зрабіць.

Pragnę kiedyś pojechać w rejs dookoła świata – я жадаю (я вельмі хацела б) калісьці адправіцца ў рэйс вакол свету.

Tak, jak w piosence – так у песні. Звычайная песня – гэта па-польску piosenka, а выраз pieśń называе акрэслены від музычнай творчасці. Гэта гатунак літаратурнай лірычнай паэзіі, яго генезіс звязаны з народнымі абрадамі і музыкай. Так што звычайную папулярную музыку нельга назваць па-польску песняй (pieśń), гэта piosenka.

Zżera je bieda – пажырае яго бяда. Як я ўжо калісьці тлумачыла, ёсць семантычнае адрозненне паміж беларускай бядой і польскай biedą. Польская bieda – гэта матэрыяльная нястача, адсутнасць дастатковых фінансавых ці матэрыяльных сродкаў на жыццё. У беларускай мове бяда азначае хутчэй нешчаслівае здарэнне, нейкую трагедыю.

Posłuchaj tego serca – паслухай гэтае сэрца. На польскай мове дзеяслоў слухаць спалучаецца з назоўнікамі ў родным склоне – напрыклад, słuchać radia, słuchać głosu z odbiornika radiowego – слухаць радыё, слухаць голас з радыёпрымача.

Serce w rozterce – гэтае словазлучэнне прыгожа гучыць на польскай мове, цяжка яго гарманічна перакласці на беларуску. Serce w rozterce азначае «сэрца, якой стаіць перад нейкім важным пытаннем, дылемай» і не можа выбраць, якое прыняць рашэнне. Таксама на польскай мове ёсць выраз dylemat, які азначае дылему, але жыхары Польшчы любяць мець свае варыянты розных слоў замежнага паходжання, не выключэнне і дылема.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы