Беларуская Служба

У Ізраілі пачалася маштабная папулярызацыйная кампанія на тэму Польшчы

06.12.2019 06:18
Польскі інстытут у Тэль-Авіве распачаў інфармацыйную кампанію, прысвечаную польска-габрэйскім адносінам. 
Аўдыё
Кадр з рэпартажуПольскі інстытут у Тэль-Авіве

Польскі інстытут у Тэль-Авіве распачаў інфармацыйную кампанію, прысвечаную польска-габрэйскім адносінам. Кампанія складаецца з шасці рэпартажаў у фармаце аўдыё-відэа, якія публікуюцца на самым вялікім інфармацыйным інтэрнэт-партале ў Ізраілі Walla!News.

З нагоды пачатку інфармацыйнай кампаніі мы размаўляем з дырэктаркай Польскага інстытуту ў Тэль-Авіве Яаннай Гофман. Яна расказвае, што пры дапамозе гэтых кампаній Інстытут хоча паказаць ізраільцянам сучасную Польшчу з розных бакоў, але і нагадаць кавалак гісторыі:

- Сучасныя ізраільцяне няшмат ведаюць пра Польшчу. Яны выраслі з вобразам Польшчы, які перадалі ім іх бацькі і дзяды, якія выехалі адразу пасля вайны, ці ў 50-60-х гадах, ці пасля 1968 году. У 1967 годзе былі спыненыя дыпламатычныя стасункі паміж Польшчай і Ізраілем. Палякаў у Ізраілі не было да 1990 году. Мы не маглі працаваць над нашым іміджам у гэтай краіне. Пры дапамозе гэтых кампаній мы хацелі паказаць ізраільцянам сучасную Польшчу з розных бакоў, але і нагадаць кавалак гісторыі: постаці, месцы, з’явы. Мы выбралі форму кароткіх рэпартажаў на розныя тэмы – кароткія, жартаўлівыя, але з пакетам ведаў. Мы вырашылі, што ў кожным такім рэпартажы пра Польшчу будзе гаварыць малады ізраільцянін. Кожны артыкул суправаджаецца рэпартажам. Вобраз, які прывезлі сюды бацькі і дзяды маладога пакалення, калі выкарыстаць метафару, гэта вобраз драўнянай Польшчы. Сёння гэта цалкам іншая краіна. Пры дапамозе гэтага інтэрнэт-парталу мы хочам трапіць да шырокага кола адрасатаў у Ізраілі. І важна, што мы папулярызуем Польшчу з удзелам ізраільцянаў.

Першы рэпартаж расказваў пра габрэйскую спадчыну (2 снежня), другі, якія тычацца эканомікі, выйшаў 4 чысла. Яны друкуюцца на самым вялікім інфармацыйным інтэрнэт-партале ў Ізраілі Walla!News. Гэта дае большыя шанцы трапіць да маладых людзей.

- Мы вельмі рады, што гэтая супраца ёсць, што разам з калегамі з Walla!News мы рыхтуем гэтыя рэпартажы. Ужо ёсць першая інфармацыя аб тым, што гэта актыўна каментуюць, што чытачы чакаюць чарговыя гісторыі, што яны хочуць больш ведаць пра Польшчу.

Кожны з шасці рэпартажаў прысвечаны асобнай тэме, але супольнай тэмай з’яўляецца Польшча – гаворыць дырэктарка Яанна Гофман:

- Кожная з тэм, з нашага пункту гледжання, важная, паколькі дае вобраз Польшчы з багатай культурай, вобраз крэатыўных, актыўных палякаў, якія дасягалі і дасягаюць поспех не толькі ў Польшчы, але іх цэняць таксама ў свеце. Кожны аспект сучаснай Польшчы, які разбурае негатыўны стэрэатып, з’яўляецца важным. У гэтых кароткіх рэпартажах маладая ізраільцянка гаворыць пра польскі турызм, пра польскую кухню, прыязную ў тым ліку для веган і вегетарыянцаў. Гэта рэпартажы пра палякаў, якія засталіся на старонках гісторыі, але таксама і пра тых, хто і сёння дасягае поспех у палітыцы, бізнесе, мастацтве і літаратуры. Напрыклад, дасведчаны ізраільскі бізнесмен гаворыць пра гаспадарку, пра прыязны клімат для інвестараў. Ён дзеліцца сваім досведам супрацы з палякамі і ў Польшчы.

Мала хто ведае, што першая ў свеце полька, дырыжор Моніка Валіньска, расказвае Яанна Гофман, была выбраная з шасці жанчын у свеце і запрошаная да супрацы з Сarnegie Hall. Мала хто ведае постаць Гражыны Бацэвіч – кампазітаркі, скрыпачкі. Такія прозвішчы Польскі інстытут у Тэль-Авіве хоча наблізіць ізраільцянам.


Выстава «Мае габрэйскія бацькі, мае польскія бацькі» Выстава «Мае габрэйскія бацькі, мае польскія бацькі»

Польскі інстытут таксама арганізоўвае выставы, якія нагадваюць пра ўдзел палякаў у ратаванні габрэяў у часы Другой сусветнай вайны. На гэтым тыдні адчынілася выстава «Мае габрэйскія бацькі, мае польскія бацькі», якая была натхнёная дзейнасцю таварыства «Дзеці Галакосту» ў Польшчы:

- Выстава расказвае пра габрэйскіх дзяцей, вынесеных з гета, ці знойдзеных, усыноўленых польскімі бацькамі. Удалося запрасіць на адкрыццё дзве гераіні выставы – Яанну Сабалеўску-Пыз і Эльжбету Фіцоўску. Абедзве жанчыны звязаны з таварыствам «Дзеці Галакосту». Абедзве былі выхаваныя ў польскіх сем’ях, а пра сваё паходжанне даведаліся ў дарослым жыцці. Адна з жанчын у прыватнай размове гаворыць, што яна захапляецца польскімі маці, якія, нягледзячы на рызыку, іх узялі, далі дом, любоў і сям’ю. Выстава працуе на поўначы Ізраіля. Ёсць немалая частка настаўнікаў і моладзі, якія ёй зацікаўленыя. Мы хочам расказваць пра гэты ўрывак гісторыі, якая тут, у Ізраілі, часта забытая. Пра палякаў, якія ратавалі габрэяў.

З дырэктаркай Польскага інстытуту ў Тэль-Авіве Яаннай Гофман размаўляла Галіна Остас/ав

Поўная размова таксама на Фэйсбуку.