Беларуская Служба

Лепшыя спектаклі Купалаўскага тэатра пастаўлены паводле твораў беларуска-польскіх пісьменнікаў

10.09.2020 10:03
Варшаўскі беларусіст Андрэй Масквін раскрывае беларуска-польскія матывы ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Масквін пра 100-годдзе Купалаўскага тэатра.
      . . . .
Андрэй Масквін з альбомам “Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі”.Viktar Korbut

Мінскі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адмяніў усе спектаклі да канца лістапада. Гэта адбылося напярэдадні стагоддзя адкрыцця тэатра — пасля таго, як большасць акцёраў пакінулі працу ў тэатры ў знак салідарнасці са звольненым уладамі дырэктарам Паўлам Латушкам. Акцёры, дырэктар і мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін выказаліся супраць гвалту ўлад на вуліцах Мінска ў адносінах да людзей, якія выйшлі на мірныя акцыі пратэсту пасля фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Беларусі, што адбыліся 9 жніўня. Купалаўскі тэатр адыграў значную ролю ў беларуска-польскім культурным дыялогу.

14 верасня 1920 года ў Менску, сталіцы Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, адбылося адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра. Ён заняў будынак Менскага гарадскога тэатра, які быў адкрыты яшчэ ў 1890 годзе.

У першым тэатральным сезоне  беларуская трупа БДТ паставіла твор класіка польскай літаратуры, ураджэнкі Беларусі Элізы Ажэшка — «Рысь».

Беларуская мова на сцэне Мінскага гарадскога тэатра прагучала ўпершыню бадай 1 мая 1917 года, калі артысты Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, створанага акцёрам і рэжысёрам мінскай польскай сцэны Фларыянам Ждановічам, упершыню прадставілі мінскаму гледачу «Паўлінку» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшка. У другой палове снежня 1917 года ў будынку тэатра адбыўся Усебеларускі з'езд, на якім беларусы ўпершыню заявілі аб жаданні стварыць сваю асобную беларускую рэспубліку.

Доктар філалагічных навук Андрэй Масквін, аўтар шматлікіх даследаванняў па гісторыі і сучаснасці тэатральнай культуры Беларусі і Польшчы, выкладчык кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, адзначае, што з 1990-х гадоў, у працэсе фарміравання беларускай ідэнтычнасці, Нацыянальны акадэмiчны тэатр імя Янкi Купалы адыграў адну з важных роляў. Новы імпульс для развіцця тэатр атрымаў пасля прыходу ў яго рэжысёра, а затым мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна.

Андрэй Масквін: Пастаноўка “Тутэйшых” Янкі Купалы ў 1990 г. у пастаноўцы Мікалая Пінігіна стала сапраўднай падзеяй у культурным і грамадскім жыцці Беларусі. У творы закранута важнае для Беларусі пытанне: хто такія “тутэйшыя людзі”, якія насяляюць зямлю паміж Усходам і Захадам, якая стала зонай спрэчак паміж палітыкамі і вучонымі? Пінігін грунтоўна перапрацаваў структуру Купалавай драмы і адаптаваў яе да папулярнага ў Беларусі жанру батлейкі. У выніку спектакль складаўся з серыі добра пастаўленых інтэрмедый. У цэнтры пастаноўкі — сутыкненне двух розных бачанняў свету і жыцця. Адну прадстаўляе прыстасаванец Мікіта Зносак, а другую — свядомы беларус Янка Здольнік. Здольнік, як свядомы беларус, упэўнены: варта прысвяціць сваё жыццё высакароднай мэце — служэнню народу.

Янка Купала паказаў складаны і пакутлівы працэс фарміравання і пашырэння беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці сто гадоў таму, калі Беларусь знаходзілася ў культурнай і палітычнай залежнасці ад Польшчы і Расіі. Спектакль “Тутэйшыя” ішоў на сцэне Купалаўскага тэатра з перапынкамі да 2010 года. Сёлета Мікалай Пінігін планаваў паставіць яго нанова, але ў сувязі з сыходам трупы і мастацкага кіраўніка з тэатра пастаноўка, мабыць, не адбудзецца.

Андрэй Масквін: У апошнія 30 гадоў мастацкія кіраўнікі тэатра Валерый Раеўскі і Мікалай Пінігін падымалі праблемы ідэнтычнасці беларусаў, вяртання да нацыянальнай культурнай спадчыны.

Тое, што цяпер тэатр пазбаўлены трупы, мастацкага кіраўніка і закрыты да лістапада — гэта падзея, аналагаў якой няма ў гісторыі беларускага нацыянальнага тэатра.

У выдавецтве “Беларусь” выйшаў альбом, прымеркаваны да стагоддзя Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якое прыпадае на 14 верасня, — “Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі”.


Адзін з разваротаў альбома “Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі”. Адзін з разваротаў альбома “Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі”.

Андрэй Масквін з’яўляецца аўтарам двух тэкстаў у юбілейным выданні. Ён на днях атрымаў кнігу з Мінска і дзякуючы яму мы можам убачыць у Варшаве гэты прыгожы альбом з прадмовамі былога дырэктара Паўла Латушкі і былога мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна.

Андрэй Масквін: Мікалай Пінігін прапанаваў мне напісаць два тэксты пра сучасную гісторыю тэатра — з 1991 года да нашых дзён. У выданні гісторыя тэатра разглядаецца ў кантэксце культурнага жыцця Мінска.

Кніга выйшла тыражом 500 экзэмпляраў, яе выданне падтрымаў “Белаграпрамбанк”.

Андрэй Масквін, вяртаючыся да рэпертуару тэатра часоў мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна, адзначае некалькі пастановак, якія важныя і для беларускага, і для польскага гледача.

Андрэй Масквін: Пінігін звярнуўся да твораў класічнай беларускай драмы. Ён паставіў спачатку “Ідылію” Вінцэнта Дуніна-Марцінкеевіча, а потым “Пінскую шляхту”. Па просьбе варшаўскага тэатра Rampa Пінігін паставіў “Пінскую шляхту” на гэтай вядомай польскай сцэне ў 2010 годзе.

У «Выкраданні Еўропы» ў 2011 годзе Пінігін паспрабаваў рэканструяваць тры творы Францішкі Уршулі Радзівіл, жонкі Міхала Казіміра Радзівіла “Рыбанькі” — так з’явіўся спектакль “Выкраданне Еўропы”. Арыгінальныя творы ставіліся ў Альбе, рэзідэнцыі Радзівілаў пад Нясвіжам, у 1740-я гады. Гэта былі пачаткі прыдворнага тэатра на беларускіх землях. У 2012 годзе спектакль быў паказаны ў двары Нясвіжскага замка.

Пінігін невыпадкова паставіў у 2014 годзе эпічную паэму «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, на Навагрудчыне. Гэты твор напісаны ў 1832-1834 гадах, падчас знаходжання паэта ў эміграцыі ў Парыжы. Ён не меў права вяртацца на бацькаўшчыну, ён вельмі тужыў па ёй. Туга па радзіме, па згубленым раі — вось галоўная нітка, якая праходзіць праз увесь спектакль. Пастаноўка павінна была заахвоціць да чытання Міцкевіча, абуджэння патрыятызму, пачуцця адказнасці за краіну і нацыю. Спектакль быў паказаны ў Парыжы, дзе меў вялізны поспех.

Яшчэ адзін важны твор, які з'явіўся на сцэне Купалаўскага тэатра па ініцыятыве Мікалая Пінігіна, — гэта «Местачковае кабарэ». Асновай стаў кампакт-дыск з песнямі львоўскага яўрэя Мар'яна Хэмара. У 1925 г. ён пераехаў у Варшаву, супрацоўнічаў з паэтам Юльянам Тувімам. Яго літаратурная прадукцыя велізарная: больш за 3000 надзвычай папулярных песень, для якіх ён сам напісаў музыку, сотні вершаў, дзясятак п'ес і радыёп'ес. «Местачковае кабарэ» — гэта фантазія, спроба паказаць жыццё беларусаў у даваеннай Польшчы. У спектаклі гучаць тры мовы: беларуская, польская і ідыш.


Вокладка альбома “Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі”. Вокладка альбома “Гісторыя Купалаўскага тэатра. Эпоха. Горад. Людзі”.

Андрэй Масквін, аналізуючы рэпертуар Купалаўскага тэатра часоў Мікалая Пінігіна, рэзюмуе, што ў гэты час мастацкі кіраўнік беларускага храма Мельпамены на сцэне спрабаваў ажлюстраваць “беларускі нацыянальны код”.

Андрэй Масквін: — Пры Пінігіну быў зроблены акцэнт на класіку. Сам ён паставіў твор “Дзве душы” Максіма Гарэцкага, а Аляксандр Гарцуеў — “Хам” Элізы Ажэшка і “Людзі на балоце” Івана Мележа. Можна з упэўненасцю сказаць, што Мікалаю Пінігіну за адносна кароткі прамежак часу ўдалося стварыць сучасны тэатр еўрапейскага ўзроўню. Падбор рэпертуару і людзей быў зроблены з вялікай дакладнасцю.

Віктар Корбут

Слухайце гукавы файл

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост