Беларуская Служба

«Польская мова без межаў»: Асаблівасці перакладу польскай і беларускай моваў

20.11.2020 18:40
Пра асаблівасці перакладу гэтых двух блізкіх сабе моваў на хвалях Беларускай службы польскага радыё разважала шматгадовая кіраўніца нашай службы, прафесар мовазнаўства Варшаўскага ўніверсітэту Ніна Баршчэўская.
Аўдыё
  • Прафесар мовазнаўства, шматгадовая кіраўніца Беларускай службы Польскага радыё Ніна Баршчэўская распавядала нам пра асаблівасці перакладаў з польскай на беларускую і з беларускай на польскую мовы.
Zdalna nauka
Zdalna nauka Foto: pixabay.com/Domena Publiczna

Сённяшняя перадача з цыклу «Польская мова без межаў» прысвечана перакладу, перакладу з польскай мовы на беларускую і наадварот. Пра асаблівасці перакладу гэтых дзвюх блізкіх сабе моваў на хвалях Беларускай службы польскага радыё разважала шматгадовая кіраўніца нашай службы, прафесар мовазнаўства Варшаўскага ўніверсітэту Ніна Баршчэўская.

Спадарыня прафесар, працуючы з тэкстам, перакладаючы яго, на што ў першую чаргу павінен звяртаць увагу перакладчык?

-Перакладчык мусіць улічваць розныя чыннікі, якія ўплываюць на пераклад. У першую чаргу з якім тэкстам мы маем дачыненне: навуковы, тэхнічны, публіцыстычны, афіцыйны, літаратура і г.д. Напрыклад, падчас перакладу навуковых, тэхнічных тэкстаў вельмі важна перадаваць яго сэнс блізка арыгіналу. У гэтым выпадку перакладчык будзе выкарыстоўваць шмат міжнароднай, запазычанай лексікі – інтэрнацыяналізмы.

З тэхнічным перакладам справа выглядае значна прасцей – ісці за літарай арыгінальнага тэксту. У выпадку літаратурных тэкстаў вялікае значэнне мае сацыяльны, культурны кантэкст.

- Безумоўна, пры літаратурных перакладах вельмі важна, каб перадаць не толькі сам змест, але культурную абстаноўку, дух часу. Пры нагодзе перакладу не павінна знікнуць абстаноўка, якая праяўляецца ў арыгінальным тэксце і якая вядомая яго чытачу. Калі гаварыць пра пераклады польскіх твораў на беларускую мову, маем шмат добрых прыкладаў. Пачнем з класікаў польскае літаратуры, з Адама Міцкевіча. Толькі «Пана Тадэвуша» перакладалі Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Семяжон і Пятро Бітэль; «Дзядоў» перакладалі Серж Мінскевіч, Кастусь Цвірка. На беларускую таксама перакладзеныя некаторыя творы Генрыка Сянкевіча (Quo vadis - пераклад Пятра Татарыновіча) і Стэфана Жаромскага («Верная рака» - пераклад Міхала Дубянецкага). Вялікую складанасць у перакладчыка выклікаюць неалагізмы, спецыфічная лексіка. Гэта добра бачна на прыкладзе твору «Салярыс» Станіслава Лема. Прыгадваецца пераклад твору «Прыгоды Піркса» Анатоля Бутэвіча. Прыклады як Бутэвіч перакладаў спецыфічную лексіку: odległościomierz radarowy – радарны дальнамер, samoczepny bezpiecznik – самачынны бяспечнік, śródgwiezdny lot – міжзорны рэйс. Таксама прыгадваецца цікавы прыклад з перакладу Алеся Пяткевіча «Імператара» Рышарда Капусціньскага: nadkura – звышкурыца, minusowość – адмоўнасць, łupiskury – скуралупы. Як бачым, беларускія перакладчыкі спраўляюцца з гэтым выклікам. (...)

Спадарыня прафесар, вы ўзгадалі неалагізмы, але нярэдка праблемы выклікаюць уласныя назвы, ці тут можа вывесці нейкае ўніверсальнае правіла?

-Я памятаю нават на пачатку працы Беларускай службы падчас перакладу навінных тэксаў здараліся смешныя памылкі, а гэта нават не літаратурны пераклад. Параўноўваючы тапонімы на польскай і беларускай мовах, можна прыйсці да высновы, што фанетычна беларускія адпаведнікі бліжэйшыя да арыгінальных назваў.

Беларуская і польская мовы роднасныя. Гэта дапамагае ці перашкаджае перакладчыку?

-Пераклдчыкі не раз сустракаюцца з «фальшывымі сябрамі». Паміж роднаснымі мовамі, у дадзеным выпадку паміж польскай і беларускай, існуе шмат супольнай лексікі – міжмоўныя польска-беларускія амонімы, якія маюць аднолькавае гучанне, але абсалютна іншае значэнне. Напрыклад, па-польску wydatny – вялікі, буйны па беларуску, zjawa – мара, meta – фініш, szyna – рэйка. Такіх прыкладаў у польскай і беларускіх мовах знойдзецца на шмат болей.(...)

Спадарыня прафесар, сучасны пераклад – гэта ў пэўным сэнсе прадукт рынку, адказ на попыт, вытворная глабалізацыі. Беларуская мова, на жаль, не карыстаецца належным распаўсюдам у Беларусі, краіна татальна русіфікаваная. Попыт на беларускую мову малы. Ці ў такіх умовах мэтазгодна перакладаць польскія творы на беларускую мову?

-Мы, як журналісты Беларускай службы Польскага радыё, не павінны задаваць такіх пытанняў, але не бывае дрэнных патанняў і на кожнае трэба знайсці адказ. Лічу, што пераклады на беларускую мову вельмі патрэбная. Ніколі не забуду тых лістоў, якія мы атрымоўвалі, калі пачыналі працу Беларускай службы. Слухачы дзякавалі нам за тое, што перакладаем на беларускую мову. Дзякавалі за тое, што такім чынам мы паказалі самадастатковасць беларускай мовы. Беларуская мова – застаецца роднай для вялікай часткі беларусаў, яна дзяржаўная і беларусы павінны ганарыцца, што яны маюць гэты ўнікальны скарб.(...)

Прафесар мовазнаўства, шматгадовая кіраўніца Беларускай службы Польскага радыё Ніна Баршчэўская распавядала нам пра асаблівасці перакладаў з польскай на беларускую і з беларускай на польскую мовы.

Цыкл радыёперадач «Польская мова без межаў» паўстаў пры фінансавай падтрымцы канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы ў рамках апекі над палякамі замежжа.

эж

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў