Беларуская Служба

Рэканструкцыя знішчанага падчас вайны Саксонскага палацу ў Варшаве павінна завяршыць паваенную адбудову сталіцы

27.07.2021 15:16
Адбудову палаца абмяркоўвалі на працягу дзесяцігоддзяў, цягам пасляваеннага перыяду паўстала шмат праектаў.
   ,     1944 .
Саксонскі палац у Варшаве, падарваны немцамі ў снежні 1944 года.Autorstwa Jan Bułhak - Stanisław Jankowski, Adolf Ciborowski "Warszawa 1945 i dziś" Wydawnictwo Interpress, Warszawa, 1971, page 66, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=2255245

Першы палац у стылі барока на месцы больш позняга і больш вядомага Саксонскага палаца быў пабудаваны пасля 1661 года. У першай палове XVIII стагоддзя будынак набыў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II Моцны і пачаў яго перабудову. З таго моманту ён называўся менавіта Саксонскім. Прайшло ўжо амаль 80 гадоў з моманту яго разбурэння, але надзея на адбудову зноў пачала жыць.

Пасля Першай сусветнай вайны, ужо ў незалежнай Польшчы, у палацы знаходзіліся некаторыя дзяржаўныя інстытуты. У ягонай цэнтральнай частцы быў створаны помнік Невядомаму салдату, які перажыў ваенныя знішчэнні і стаіць на месцы да сёння. У даваенны перыяд у адным з крылаў палаца знаходзілася Шыфравальнае бюро польскай арміі, супрацоўнікі якога ў 1932 г. расшыфравалі код нямецкай шыфравальнай машыны Энігма, што потым дазваляла перахапляць інфармацыю, каторую перадавала нямецкая армія. Пасля варшаўскага паўстання, восенню 1944 года, палац разам з астатняй часткай гістарычных пабудоваў Варшавы быў знесены з дапамогай выбуховых рэчываў. Дзіўным чынам тры цэнтральныя калоны, пад якімі знаходзіўся помнік Невядомаму салдату, засталіся і мемарыял усіх невядомых герояў, якія загінулі на палі бою, быў захаваны.

Вось такая кароткая гісторыя Саксонскага палацу, які пасля разбурэння можна было ўбачыць толькі на даваенных фота. Зараз сітуацыя можа змяніцца. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўнёс у Сейм законапраект аб адбудове Саксонскага палацу і навакольных будынкаў, якія на адбудову чакаюць ужо амаль 80 гадоў. Паводле словаў прэзідэнта, які некалькі дзён таму прадставіў праект закону на афіцыйнай сустрэчы на плошчы перад Палацам, адбудова Саксонскага верне Варшаве даваенную атмасферу:

-Калі ўзгадваем Варшаву з даваенных часоў, перад Другой сусветнай вайной, перш чым яна была закатаваная і знішчаная нацыстамі, шмат людзей кажа: да вайны яна была прыгожай. Галоўныя вуліцы Варшавы былі поўныя цудоўных, багатых дамоў з прыгожымі дэкарацыямі, якія сведчылі пра моц і патэнцыял гораду. Яны сведчылі пра эстэтыку, пачуццё прыгожасці архітэктараў, дызайнераў і звычайных людзей, якія тут жылі.

Адбудову палаца абмяркоўвалі на працягу дзесяцігоддзяў, цягам пасляваеннага перыяду паўстала шмат праектаў. На самой справе былі ідэі адбудаваць палац разам з астатняй часткай гістарычнай Варшавы ў 50-х гадах. Паколькі 90% Старога гораду і гістарычнага цэнтру былі разбураны, іх адбудова была натуральным крокам. На ўздыманне з руінаў Саксонскага палаца не хапала аднак ідэяў, планаў, грошай або адмаўляліся па ідэалагічных прычынах. Паколькі Саксонскі палац быў рэзідэнцыяй каралёў, ён падзяліў лёс Каралеўскага замку, які быў адбудаваны толькі ў 1984 годзе. Пра спробы адбудовы палаца ўжо ў дэмакратычнай Польшчы расказаў Польскаму радыё 24 Мацей Будзыньскі з таварыства «Саксонскі 2018» (Saski 2018):

-Спробы адбудаваць палац распачаліся адразу пасля вайны. На жаль, камуністычныя ўлады досыць жорстка спынялі гэтыя спробы і нанава размовы пра адбудову пачалі ўзнаўляцца ў 90-я гады. Толькі праўленне Варшавай мэрам і пазнейшым прэзідэнтам Лехам Качыньскім дало зялёнае святло, каб палац адбудаваць. Былі падпісаны ўсе патрэбныя дакументы, аб’яўлены тэндар на падрадчыка, знайшлася фірма, якая згадзілася пачаць працу. Можна было «браць рыдлёўку». На жаль для Саксонскага палацу, у Варшаве змянілася ўлада, якая вырашыла сродкі, выдзелены на палац, перанесці на іншыя мэты, адбудова спынілася. У 2018 годзе на соты юбілей польскай незалежнасці прэзідэнт Анджэй Дуда выбраў Саксонскі палац сімвалам гэтай гадавіны і тое, што адбываецца зараз – гэта працяг ранейшых падзей.

Ёсць аднак і словы крытыкі. Іх можна пачуць як ад палітыкаў правых, так і левых сілаў. Супраціў выказваюць і гісторыкі, і архітэктары. Тое, што найчасцей згадваецца, калі кажуць пра новы палац – гэта яго функцыя. Хоць плануецца, каб у будынку размяшчаліся дзяржаўныя ўстановы, то да моманту заканчэння будаўніцтва невядома, што ўрэшце рэшт з’явіцца ў палацы. Іншыя кажуць, што ў такім горадзе, як Варшава, прастора, якая засталася пасля палацу, стварае цудоўную плошчу на масавыя мерапрыемствы. Гэта правяраецца штогод, бо на гэтым месцы праходзіць галоўная частка святкавання Дня незалежнасці. Акрамя гэтага, насуперак таму, што кажуць прыхільнікі адбудовы, палац на месцы сённяшніх калонаў з помнікам Невядомаму салдату, не верне сімвалічнай функцыі месца. Наадварот, ён знішчыць сімвалізм, які ўзнік вакол помніка ў руінах пасля вайны. Пра гэта ў Сейме казала дэпутатка ад Левых Паўліна Матысяк:

-Палітыкі правых сілаў кажуць, што адбудова Саксонскага палаца будзе вяртаннем сімвалічнасці месцу, у якім будавалася польская незалежнасць і дзяржаўнасць. Яны кажуць пра ідэалы, якія блізкія і польскім левым, але мы не можам з гэтым згадзіцца. Адбудоўваючы Саксонскі палац, вы знішчыце існуючы і важны для полек і палякаў сімвал. Дзесяцігоддзямі магіла Невядомага салдата нагадвае нам пра нашую трагічную гісторыю, пра ахвяраў вайны і акупацыі, пра змаганне нашых салдат на ўсіх франтах вайны, пра гвалт, пра горад, якія быў заменены ў руіны нямецкімі фашыстамі-акупантамі, пра паразу ў Варшаўскім паўстанні. Пра гэта ўсё расказвае нам гэты маленькі фрагмент прыгожага калісьці будынку. І пра гэта кажа сама ягоная непрысутнасць. Гэта – частка нас, нашай культуры. Немагчыма змяніць хаду гісторыі, немагчыма закрыць крыўды, немагчыма вярнуць Варшаве яе даваенны кшталт. Адбудаваны Саксонскі палац не будзе сімвалам, бо сімвалы не ствараюцца законам, цэгламі ні бетонам. Гэта пабудова знішчыць сімвалічнае значэнне гэтага месца. Ці вы сапраўды гэтага хочаце?

Усе дакументы пра адбудову, прынамсі на афіцыйным узроўні, ужо амаль гатовыя і, здаецца, перашкодаў няма, аднак я асабіста не паверу ў адбудову, пакуль не ўбачу палац на яго даўнім месцы. Напэўна варта пагадзіцца, што магчымая адбудова поўнасцю зменіць выгляд польскай сталіцы і яе сімволіку. Застаецца спадзявацца, што ў лепшы бок.


Альберт Ежы Вяжбіцкі

Польскія ўлады не адмаўляюцца ад рэканструкцыі Саксонскага палаца

06.06.2021 17:06
На мінулым тыдні Анджэй Дуда прызначыў групу па распрацоўцы праекта рэканструкцыі Саксонскага палаца ў Варшаве.

Польскія ўлады плануюць рэканструяваць Саксонскі палац у Варшаве (ФОТА)

07.07.2021 14:31
Сёння прэзідэнт Польшчы ўрачыста ўнёс на разгляд Сейма законапраект аб пабудове з нуля знішчанага ў вайну Саксонскага палаца ў Варшаве.

Сейм прыняў закон аб рэканструкцыі палаца Сасаў

23.07.2021 16:23
Дэпутаты прынялі закон аб падрыхтоўцы і рэалізацыі інвестыцый у рэканструкцыю палаца Сасаў, палаца Брюля і камяніц на вуліцы Крулеўскай у Варшаве.