Беларуская Служба

У мінулым годзе LOT перавёз 8,9 млн пасажыраў

06.09.2019 16:02
У бягучым годзе польская авіякампанія плануе перавезці больш за 10 мільёнаў пасажыраў.
  c Boeing 787 Dreamliner    LOT
Дальнемагістральны шырокафюзеляжны cамалёт Boeing 787 Dreamliner польскай дзяржаўнай авіякампаніі LOTpkozmin /pixabay.com/CC0 Public Domain

Прыбытак польскай авіякампаніі LOT ад асноўнай дзейнасці кампаніі, то бок ад пасажырскіх перавозак склаў за 2018 год 209 млн злотых. Гэта на амаль 79 млн злотых менш у параўнанні з 2017 годам, калі згаданы прыбытак склаў 288 млн злотых. У сваю чаргу даход LOT у 2018 годзе склаў 6 мільярдаў 190 мільёнаў злотых, гэта значыць на 29% больш, чым годам раней, паведамляе Puls Biznesu.

Паводле прадстаўнікоў авіякампаніі, на паніжэнне фінансавага выніку паўплывалі, між іншым, лізінг новых самалётаў, на 29% вышэйшы кошт паліва і павышэнне коштаў на атрыманне дазволаў на выкід CO2.

У мінулым годзе LOT перавёз больш за 8 мільёнаў 900 тысяч пасажыраў. „Гэта рэкордная колькасць у гісторыі”, - падкрэслівае авіяперавозчык.

Найбольшае павелічэнне колькасці пасажыраў, бо на 34%, адбылося ў выпадку рэйсаў у краіны далёкага замежжа. У выпадку рэйсаў у краіны бліжэйшага замежжа - на 32%. На айчынных маршрутах колькасць пасажыраў вырасла на 10%.

Нагадаем, у 2017 годзе LOT перавёз больш за 6 мільёнаў 800 тысяч пасажыраў, то бок, амаль на 1,5 мільёна больш, чым у 2016 годзе, і на 2,5 мільёна больш, чым у 2015 годзе.

Кампанія нагадала, што ў 2018 годзе былі запушчаныя новыя маршруты, у тым ліку, Варшава-Сінгапур, Жешав-Ньюарк, Будапешт-Нью-Ёрк і Будапешт-Чыкага. Была павялічана таксама колькасць рэйсаў па існуючых маршрутах.

У бягучым годзе LOT плануе перавезці больш за 10 мільёнаў пасажыраў і адкрыць новыя маршруты, паведамляе Puls Biznesu.

аз