Беларуская Служба

Сярод спажывецкіх банкрутаў у Польшчы больш жанчын, чым мужчын

11.09.2019 11:55
Аб’яўленне банкруцтва не азначае, што даўжніку аўтаматычна спішуць яго даўгі.
Ілюстрацыйны здымакshutterstock

У Польшчы дзейнічае гэтак званае спажывецкае банкруцтва. Гэта значыць, банкруцтва можа аб’явіць прыватная асоба, якая не ў стане выплочваць свае даўгі па незалежных ад сябе прычынах. Выданне Rzeczpospolita прыводзіць статыстыку, з якой вынікае, што сярод банкрутаў больш жанчын, чым мужчын, яны таксама старэйшыя – сярэдні ўзрост банкрута-жанчыны – 52 гады, мужчыны – 50 гадоў. У гэтым годзе суды аб’яўляюць у сярэднім па 600 спажывецкіх банкруцтваў у месяц.

Самыя высокія даўгі банкрутаў ва ўзроставай катэгорыі 46-55 гадоў. Тады дзеці ўжо часцей за ўсё дарослыя, бацькі бяруць крэдыты, каб купіць ім кватэру, і можа здарыцца, што з-за хваробы, страты працы ці іншага здарэння яны не змогуць вярнуць пазычаныя грошы. Шмат таксама даўжнікоў сярод маладых – каля 25 году жыцця. Тады людзі ўваходзяць у дарослае жыццё, некаторыя празмерна задаўжаюцца. Рэкламы спакушаюць, а фірмы даюць пазыкі без стараннай праверкі фінансавай сітуацыя людзей, – адзначае сацыёлаг Януш Чапіньскі.

Аб’яўленне банкруцтва не азначае, што даўжніку аўтаматычна спішуць яго даўгі. Спажывецкае банкруцтва можа датычыць толькі асобы, якая не ў стане вярнуць грошы па лёсавых прычынах – з-за хваробы, нешчаслівага здарэння і г.д. Некаторыя мяркуюць, што яны неадкладна перастануць быць даўжнікамі, але гэта доўгі і балючы працэс, які не вызваляе ад абавязку вярнуць доўг. У выніку вельмі часта даўжнікі страчваюць сваю маёмасць.

нг