Беларуская Служба

Польшча перамагла ў Еўрапейскім судзе юстыцыі з расійскім Газпромам

11.09.2019 15:13
На думку польскіх экспертаў і ўраду, гэта можа прадухіліць газавы крызіс ва Украіне бліжэйшай зімой.
Аўдыё
  • Газпром не зможа на 100% выкарыстоўваць газаправод OPAL
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshtuterstock.com

Газпром не зможа выкарыстоўваць на поўную магутнасць трубаправод OPAL. Еўрапейскі суд юстыцыі адмяніў рашэнне Еўрапейскай камісіі, прынятае ў 2016 годзе. На думку польскіх экспертаў і прадстаўнікоў ураду дзяржавы, гэта можа прадухіліць газавы крызіс ва Украіне бліжэйшай зімой.

Тры гады таму Еўрапейская камісія прызнала прадпрыемству Газпром фактычную манаполію на карыстанне трубаправодам OPAL – галоўным нямецкім адгалінаваннем балтыйскага газаправоду Nord Stream (Паўночны паток). Газаправод OPAL ідзе па тэрыторыі Германіі ўздоўж нямецка-польскай мяжы. У аўторак Еўрапейскі суд юстыцыі ў Люксембургу ануляваў рашэнне камісіі і закончыў такім чынам разгляд скаргі Польшчы на дадзенае рашэнне.

У Польшчы эксперты ды прадстаўнікі ўраду выказваюць задавальненне вынікам судовага разгляду. Старшыня кабінету міністраў Матэвуш Маравецкі заявіў, што такім чынам будзе скарочана манаполія Газпрому на пастаўкі газу.

- Калі б не сённяшняе рашэнне Еўрапейскага суду, то манаполія Газпрому на пастаўкі сыравіны яшчэ больш вырасла б. Гэтая манаполія была небяспечнай для Польшчы. Дзякуючы вердыкту суду, Газпром і Германія не змогуць карыстацца гэтым трубаправодам у якасці стопрацэнтнага манапаліста. Суд вырашыў, што выкарыстанне трубаправоду павінна адбывацца паводле рынкавых правілаў, што стварае значна лепшыя ўмовы канкурэнцыі з расійскім газам.

Прэм’ер-міністр дадаў, што вердыкт Еўрапейскага суду юстыцыі вельмі важны для Польшчы, дае ёй значны элемент перавагі. Матэвуш Маравецкі падкрэслівае, што Польшча паступова становіцца ўсё больш незалежнай ад расійскай сыравіны.

- Мы перамаглі з Еўрапейскай камісіяй па фундаментальнай справе. Газаправод OPAL на самой справе з’яўляецца падоўжаннем газаправоду Паўночны паток 1 – трубаправоду паміж Расіяй і Германіяй. Мы ўзмацняем свой суверэнітэт дзякуючы Baltic Pipe – гэта значыць, балтыйскаму газаправоду ў Нарвегію. Праз некалькі гадоў ён будзе гатоў. Акрамя таго, у нашай краіне пашыраецца ўнутраная газаздабыча, мы збудавалі тэрмінал звадкаванага газу ў Свінауйсці, а таксама новы тэрмінал у Гданьскім заліве.

Прадстаўнікі польскага ўраду выказваюць задавальненне, што Еўрапейскі суд юстыцыі абмежаваў сваім рашэннем манаполію Газпрому ў Еўропе. Гэта значыць таксама, што да поглядаў Польшчы прыслухоўваюцца ў такіх важных еўрапейскіх установах. Вердыкт сведчыць таксама пра эфектыўнасць польскага ўраду ў прасоўванні сваёй пазіцыі, – кажа прэс-сакратар кіруючай партыі «Права і справядлівасць» Аніта Чэрвіньска.

- Вердыкт паказвае таксама, наколькі эфектыўная дзейнасць польскай адміністрацыі. І вельмі важная па дадзеным пытанні салідарнасць нашых суседзяў, паколькі нас падтрымалі Літва і Латвія. Гэта вельмі істотна.

У абгрунтаванні свайго вердыкту суддзі Еўрапейскага суду юстыцыі адзначылі, што рашэнне Еўрапейскай камісіі было прынята з парушэннем прынцыпу энергетычнай салідарнасці. Падчас падачы скаргі ў суд польскія істцы адзначалі, што магчымасць поўнага выкарыстання магутнасці газаправоду OPAL Газпромам стварае пагрозу для сістэмы бяспекі паставак газу. Калі б Газпром мог манапалізаваць пастаўкі праз нямецкае адгалінаванне, ён мог бы таксама значна скараціць або цалкам адмовіцца ад транзіту сыравіны праз тэрыторыю Украіну. Меркаваннем Польшчы, рашэнне суда ў Люксембургу не дазволіць Газпрому гэта зрабіць, прынамсі бліжэйшай зімой. Дзякуючы гэтаму расійскаму манапалісту прыйдзецца працягваць перамовы з Еўракамісіяй ды Украінай.

«Перамога Польшчы ў дадзеным выпадку змяншае верагоднасць сур’ёзнага газавага крызісу ва Украіне, які мог бы ўдарыць па іншых краінах рэгіёну, у тым ліку па Польшчы», – напісаў у афіцыйнай заяве міністр энергетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі. З заявай выступіла таксама Міністэрства замежных спраў дзяржавы, якое адзначыла: «Польскі бок перакананы, што вердыкт будзе мець істотнае значэнне для пашырэння канкурэнцыі на рынку газу і ўмацавання энергетычнай бяспекі Еўрапейскага Саюзу».

Нагадаем, пазіцыю Польшчы ў спрэчцы з Еўрапейскай камісіяй падтрымалі Літва і Латвія, па другім баку выступіла Германія. Гэта чарговая падзея, пасля Газавай дырэктывы, якая абмяжоўвае манаполію Газпрому ў Еўропе.

ІАР ПР/нг