Беларуская Служба

Лукашэнка пагражае Пуціну, што ён можа дамовіцца з ЗША

12.12.2019 13:03
Беларусь і ЗША могуць падпісаць пагадненне аб ваенным супрацоўніцтве. Раней Мінск намякаў і пра сумесныя манеўры з НАТА.
Аляксандр ЛукашэнкаАўтар: Okras - Уласны твор, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34558726

У пачатку снежня Беларусь і ЗША падпісалі пагадненне аб “адкрытым небе”, якое, паводле Дзярждэпартамента ЗША, павінна “садзейнічаць росту паездак і дзелавых кантактаў” паміж краінамі. У асноўным гаворка ідзе пра тое, што беларускія ўлады больш не змогуць умешвацца ў справы замежных авіяперавозчыкаў адносна коштаў білетаў і маршрутаў.

Аднак, паводле незалежных беларускіх СМІ, цяпер паміж Мінскам і Вашынгтонам вядуцца больш сур'ёзныя перамовы, у тым ліку адносна ваеннага супрацоўніцтва і заключэння адпаведнага міждзяржаўнага пагаднення.

Гэта было б першае пагадненне ў гісторыі Беларусі, якое вызначыла б прынцыпы ваеннага супрацоўніцтва з ЗША, канстатуе Руслан Шошын у сваім артыкуле на старонках выдання Rzeczpospolita.

Журналіст нагадвае, што літаральна на днях былы кіраўнік беларускага генштаба генерал Алег Белаконьеў расказваў у СМІ пра супрацоўніцтва з НАТА, а нават пра сумесныя манеўры з альянсам. Яго заява выклікала “буру” не толькі ў Беларусі, але і ў замежных СМІ.

Суразмоўцы газеты лічаць, што беларускія ўлады да гэткага супрацоўніцтва заахвочваюць планаваныя на будучы год найбуйнейшыя за апошнія 30 гадоў вучэнні альянсу, якія будуць праходзіць, сярод іншага, у Польшчы.

“Мінск хоча выключыць усе рызыкі і не хоча дапусціць да выпадковых сутыкненняў і непаразуменняў падчас гэтых манеўраў”, - кажа вядучы незалежны беларускі ваенны аналітык Аляксандр Алесін.

Паводле яго, раней ніхто не казаў пра ваеннае супрацоўніцтва з Захадам, таму што не было гэткай неабходнасці.

“Сёння напружанасць паміж Расіяй і Захадам занадта вялікая, Лукашэнка хоча быць упэўнены, што ніхто не хоча эскалацыі і вайны з другога боку мяжы. Беларускія манеўры з НАТА магчымыя і карысныя для Беларусі. Мабыць, перамовы па гэтым пытанні ўжо вядуцца”, - дадае аналітык.

Беларусь гаворыць пра ваеннае супрацоўніцтва з НАТА і ЗША непасрэдна перад чарговай сустрэчай Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, якая мае адбыцца 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

Папярэдняя сустрэча, якая прайшла ў апошнюю суботу, скончылася фіяскам, праграма “паглыблення інтэграцыі” Беларусі і Расіі не была падпісана ў Крамлі, як планавалася раней. Чаго б дакладна мела датычыць згаданая інтэграцыя, невядома.

“Справа не толькі ў эканоміцы. Перамовы складаныя і нават нервовыя. Лукашэнка пачынае браць прыклад з паводзінаў Трампа, які пагражаў пакінуць розныя альянсы”, - кажа ў размове з выданнем Rzeczpospolita звязаны з Крамлём расійскі палітолаг Аляксей Мухін.

аз