Беларуская Служба

Дэзынфармацыя ад сусветных хуліганаў трапляе на добры еўрапейскі грунт

01.07.2020 15:44
Дэзынфармацыя з гэтых крыніцаў атрымлівае больш шырокі распаўсюд у сацыяльных сетках, чым кантэнт салідных і вядомых выданняў кшталту Le Monde, Der Spiegel альбо El País.
Prezydent Rosji Władimir Putin
Prezydent Rosji Władimir PutinPAP/EPA/ALEXEY NIKOLSKY / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Навукоўцы з Оксфардскага ўніверсітэту прааналізавалі сацыяльныя сеткі пад вуглом уплыву медыя, якія знаходзяцца пад кантролем урадаў Кітая, Ірану, Расіі і Турцыі. Пад увагу навукоўцаў трапілі філіялы гэтых СМІ, які працуюць на французскай, нямецкай ды іспанскай мовах, піша польскі партал абарончай тэматыкі defence24.pl.

Оксфардскія даследчыкі зрабілі тры асноўныя высновы.

Па-першае, большасць медыя, якія выконваюць замовы ўрадаў Кітая, Ірану, Расіі і Турцыі публікуюцца пераважна на трох самых распаўсюджаных мовах – французскай, нямецкай і іспанскай. Дзякуючы гэтаму, іх змест можа даходзіць да дзясяткаў мільёнаў спажыўцоў.

Па-другое, навукоўцы прышлі да высновы, што дэзынфармацыя з гэтых крыніцаў атрымлівае больш шырокі распаўсюд у сацыяльных сетках, чым кантэнт салідных і вядомых выданняў кшталту Le Monde, Der Spiegel альбо El País. І так адбываецца нягледзячы на тое, што сумнеўныя медыя маюць значна меншую сетку распаўсюду інфармацыі.

Апошняя, трэцяя выснова, заключаецца ў тым, што ў залежнасці ад мовы публікацыі акцэнт рабіўся на розныя элементы – у французскіх і нямецкіх публікацыях, зробленых расійскімі СМІ, увага звярталася на слабасць дэмакратычных інстытутаў. Кітайскія і турэцкія крыніцы, якія публікуюць кантэнт на іспанскай мове, заклікалі прызнаць свае краіны лідарамі ў барацьбе з пандэміяй, у той час як расійскія і іранскія медыя былі сканцэнтраваны на палярызацыі грамадства, у тым ліку іспанамоўных карыстальнікаў у ЗША.

Як сцвярджаюць эксперты Оксфардскага ўніверсітэту, менавіта шляхам падрыву даверу да дзяржаўных і грамадскіх інстытутах ажыццяўляліся спробы выклікаць інфармацыйны хаос.

Даследаванні таксама паказалі, што інфармацыйная дзейнасць, якая была заўважана і ў Польшчы, у значнай ступені кранула іспанскую, французскую і нямецкую інфармацыйныя прасторы. Пра дэзынфармацыю, якая ажыццяўляецца ў Еўропе на замову Кітая, Расіі, Ірану ды Турцыі пісаў польскі партал абарончай тэматыкі defence24.pl.

эж