Беларуская Служба

У Еўропе думаюць, як ізаляваць Лукашэнку і адначасова дапамагчы беларускаму народу

25.09.2020 16:22
Інтэрв'ю са старшынём Дэлегацыі Еўрапарламенту па кантактах з Беларуссю Робертам Бедранем.
Аўдыё
  • Інтэрв'ю са старшынём Дэлегацыі Еўрапарламенту па кантактах з Беларуссю Робертам Бедранем.
Robert Biedroń
Robert BiedrońPAP/Mateusz Marek

Еўразвяз плануе зладзіць канферэнцыю донараў на карысць Беларусі. Хутчэй за ўсё гэтую сустрэчу падрыхтуе і правядзе Польшча. Тым больш, што Варшава моцна ўключылася ў дапамогу беларускаму прадэмакратычнаму грамадству.

 - Патрэба ў канферэнцыі вялікая і неадкладная, а Польшча магла б даць імпульс да пэўных дзеянняў на карысць Беларусі, – кажа старшыня Дэлегацыі Еўрапарламенту па кантактах з Беларуссю Роберт Бедрань.

 - Вярхоўны камісар Еўразвязу па замежнай палітыцы ў сваёй заяве падкрэсліў, што не прызнае Лукашэнкі беларускім прэзідэнтам, таксама Еўрапарламент, аднак гэтага напэўна недастаткова. Я думаю, што мы павінны пачуць голас беларускага грамадства, якое чакае больш дзеянняў з боку ЕЗ. Канферэнцыя донараў, як гэта мела месца ў мінулым, напрыклад, у выпадку Венесуэлы ці іншых краін, магла б згуртаваць міжнародную грамадскасць і засяродзіць яе ўвагу на Беларусі, адначасова збіраючы сродкі на падтрымку для беларускага грамадства.

 Якія сродкі і на якія мэты міжнародная супольнасць магла б сабраць і як перадаць іх беларусам, бо ідзецца аб падтрымцы беларускага грамадства, а не рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

 - Дакладна. Ні адзін злоты, ні адзін еўра ня можа больш трапіць Лукашэнку. На жаль, Еўразвяз зрабіў гэтую памылку. У рамках палітыкі гэтак званага крытычнага заангажавання сродкі паступалі ў Беларускі нацыянальны банк, які сёння вельмі актыўна ўключыўся ў барацьбу супраць апазіцыі, ці ў Памежную службу Беларусі, якая сёння выганяе з краіны беларускіх апазіцыянераў. Лукашэнка ня можа быць больш бэнефіцыярам якіх-небудзь міжнародных сродкаў, сабраных падчас канферэнцыі донараў. І гэта магчыма. Проста неабходна стварыць такія інструменты, якія будуць служыць беларускаму грамадству, у абыход рэжыму Лукашэнкі, напрыклад, гэта падтрымка няўрадавых арганізацыяў, якія працуюць па-за межамі Беларусі.

Такім чынам Польшча можа стаць каардынатарам гуманітарнай і іншай падтрымкі для Беларусі. Бачна, што найбольш заангажаванымі ў справы Беларусі з'яўляюцца яе суседзі: Польшча, Літва, Латвія. Якую падтрымку для беларускага дэмакратычнага грамадства аказваюць іншыя краіны Еўразвязу? Ці ўсім краінам у роўнай ступені неабыякавая будучыня Беларусі?

 - Як не цяжка дадумацца, падтрымка няроўная, але гэта зразумела, таму што, напрыклад краіны Поўдня займаюцца праблемамі рэгіёну Міжземнага мора. Яны сурʼёзна заклапочаныя пытаннем мігрантаў. Важна, каб Вышаградская група, балтыйскія краіны, Польшча спрабавалі ўцягваць астатніх чальцоў ЕЗ у беларускую тэматыку. Я думаю, што гэта магчыма. Дзякуючы заангажаванасці Польшчы і Літвы ёсць зацікаўленне тэмай Беларусі. Мы сваёй працай, напрыклад, Канферэнцыяй донараў для Беларусі, можам падмацоўваць гэтае зацікаўленне. Напрыклад, рэмʼер Маравецкі прапанаваў план Маршала для Беларусі. Прычым называюцца канкрэтныя сумы, якія можна было б прызначыцьдля Беларусі.

Еўразвяз і рашучая бальшыня краін свету не прызнаюць Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі. Якім чынам ажыццяўляць палітыку,  ізалюючы Лукашэнку, але адначасова не нашкодзіць усяму беларускаму грамадству?

Сёння Еўразвяз мусіць выпрацаваць новую стратэгію, новы план для Беларусі, бо дзейсная стратэгія «крытычнай заангажаванасці» не дае чаканых вынікаў. Паводле яе, прытрымліваючыся каштоўнасцяў ЕЗ, існуе прастора для супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Сёння прасторы для супрацоўніцтва не засталося. Новая стратэгія мусіць быць накіраваная на дэмакратычную грамадскасць, якую прадстаўляе Каардынацыйны савет.

Аднак Еўразвяз дагэтуль не выпрацаваў палітыкі ў дачыненні да Беларусі і да сёння сябры ЕЗ не дамовіліся наконт санкцыяў супраць Лукашэнкі.

 - Мае значэнне падыход краін-чальцоў і рашэнні Еўрапейскага савету. Вядома, што будуць сутыкацца розныя інтарэсы. Напрыклад, Кіпр імкнецца блакаваць санкцыі супраць Беларусі. Паводле маёй ацэнкі, Кіпр - гэта краіна, у якой адбываецца адмыванне грошай, у тым ліку з Расіі і Беларусі. Я спадзяюся, што астатнія краіны не трапяць пад ціск, бо тады нас чакае дыктат крамлёўскіх ці мінскіх алігархаў. На жаль, да сёння не прынятыя ніякія рашэнні. Я ўспрымаю гэта са здзіўленнем і шкадаваннем, але мы як Еўрапейскі парламент будзем націскаць, каб гэтыя рашэнні былі прынятыя як мага хутчэй, бо Беларусі патрэбная неадкладная падтрымка.

 Старшыня Дэлегацыі Еўрапарламенту па кантактах з Беларуссю Роберт Бедрань лічыць, што Еўрапейскі Звяз павінен неадкладна прыняць рашэнні па Беларусі, у іншым выпадку ЕЗ страціць твар.

Гутарыла Яланта Смялоўская