Беларуская Служба

Крымскататарскі актывіст: Мы не можам казаць ані тое, што хочам, а ні тое, што думаем

16.03.2021 11:48
Пра анексію Крыму распавядае дзеяч крымскататарскага руху Абдурашыт Джэпараў.  Расійскія спецслужбы выкралі яго сына і пляменніка, іх лёс невядомы дагэтуль.
Аўдыё
  • Пра анексію Крыму і пра яе наступствы распавядаў дзеяч крымскататарскага руху Абдурашыт Джэпараў.
    , ,  2014
Акупацыйныя сілы РФ Крым, Украіна, сакавік 2014 года Zdjęcie ilustracyjneFoto: Shutterstock/photo.ua

У гэтыя дні мінае сем гадоў з моманту анексіі ўкраінскага паўвострава Крым. 16 сакавіка 2014 года там быў праведзены так званы рэферэндум, які фармальна завяршыў анексію. У лютым-сакавіку 2014 года Расія здзейсніла небывалы акт агрэсіі супраць украінскай дзяржавы, супраць украінскага народа, які ў той час перажываў драматычныя хвіліны змагання з плутакратычным рэжымам Віктара Януковіча. Услед за акупацыяй Крыму рэжым Уладзіміра Пуціна распачаў гібрыдны наступ на паўднёва-ўсходнюю частку Украіны.

У сёмую гадавіну пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны, акупацыі Крыму мы звяртаемся да гэтай тэмы, вельмі блізкай беларусам. Бо цяпер яны змагаюцца з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і напэўна «братняя Расіія» распрацавала «Крымскі сцэнар» і для Беларусі. Пакуль невядома, ці будзе ён рэалізаваны цалкам, ці часткова, але пагроза відавочна існуе.

Каардынатар Крымскай кантактнай групы правоў чалавека Абдурашыт Джэпараў яшчэ ў савецкія часы быў актыўным удзельнікам крымскататарскага нацыянальнага руху, змагаўся за вяртанне ў Крым. Абдурашыт Джэпараў распавёў, што папярэднічала анексіі Крыму:

- Вядома, што анексія пачалася 27 лютага 2014 года. Мы жылі ў Тамане – гэта за цяперашнім Крымскім мостам, за Керчанскім пралівам. Мы часта сустракаліся са сваякамі і сябрамі з тых месцаў, дзе мы жылі раней. Напярэдадні анэксіі, у 2013 годзе, нам паведамлялі аб тым, што на Таманскім паўвостраве – гэта ўсходняя частка Керчанскага праліва, назіраецца вялікая колькасць войскаў. Тады ўжо людзі пагаворвалі, што гэта не да дабра, бо можа нешта адбыцца.

Я сам назіраў, калі ездзіў з Тамані ў Крым, на памежна-прапускным пункце ў Керчы, як святары ў царкоўных расах замест пашпарта прад'яўлялі ваенныя білеты. Стала ясна, што гэта не святары, а ваенаслужачыя Расійскай Федэрацыі. Такім чынам войскі не ўвайшлі пасля рэферэндуму па просьбе крымчан, а яны прасочваліся туды на працягу доўгага часу, перад рэферэндумам.

У 2013 годзе мне давялося пагутарыць з адстаўным афіцэрам-падводнікам, ён сказаў, што ў Крыме нешта адбудзецца. Афіцэр сказаў: «Я рэкамендаваў сваім сынам выехаць адсюль».

Можна пералічваць шмат фактаў і прыкладаў, якія даказваюць, што Расійская Федэрацыя гадамі рыхтавалася да ўварвання ў Крым. Гэта зʼяўляецца зняпраўджаннем таго, што сцвярджае прэзідэнт РФ, маўляў, правядзенню рэферэндуму папярэднічалі просьбы крымчан аб прыняцці паўвострава ў склад Расіі і ўвядзенні войскаў. Гэта зусім не так. Гэты працэс доўжыўся доўгі час, ён быў пачаты яшчэ за шмат гадоў да канчатковага афармлення анексіі.

Расійскія спецслужбы адразу пачалі дзейнічаць жорстка і на апераджэнне. Адной з асноўных мэтаў іх «працы» сталі ўкраінскія рэлігійныя і культурныя асяродкі ў Крыму, а перадусім крымскататарскі нацыянальны рух. Пераемнікі «жалезнага Фелікс» працягвалі ў лепшых традыцыях ЧК. Падчас анексіі Крыму імі былі выкрадзеныя сын і пляменнік Абдурашыта Джэпарава. Лёс маладзёнаў невядомы дагэтуль. Запалохванне, крымінальны пераслед і фізічная ліквідацыя – наступствы анексіі Крыму для карэнных жыхароў паўвострава крымскіх татараў. Пасля анексіі жыхарам Крыму Масква абяцала вельмі шмат. Мінула сем гадоў – дастатковы час, каб праверыць, як былі выкананыя абяцанні:

-27 верасня 2014 года былі выкрадзеныя мой сын і пляменнік. Жывыя яны, ці не, што з імі, я дагэтуль не ведаю. Цяпер у Крыму адсутнічаюць усялякія свабоды. Мы не можам гаварыць у поўны голас, мы не можам казаць тое, што мы хочам казаць і тое, што мы думаем. Праз тэлефон размаўляем вельмі стрымана, каб не выклікаць ніякіх падазрэнняў.

У такіх умовах жывуць у Крыму адданыя ўкраінцы і крымскія татары, а ў выпадку расяянаў, якія пад уплывам прапаганды і дэзынфармацыі шчыра імкнуліся да Расіі сітуацыя выглядае інакш, працягвае Абдурашыт Джэпараў:

-У сакавіку 2021 года жыхары Крыму падзяліліся на дзве часткі: тых, хто не ўспрыняў Расію (не ўспрымае яе дагэтуль) і тых, хто з задавальненнем яе прыняў, хто доўга іх чакаў. Крым быў далучаны да Украіны ў 1954 годзе, і гэта чатска доўга маўчала, а ў сакавіку 2014 года раптам у іх прачнуўся растйскі патрыятызм і яны віталі анексію Крыму.

Актыўнасць прарасійскай часткі жыхароў паўвострава матывавалася не толькі патрыятызмам. Распаўсюджваліся чуткі, што нас, крымскіх татар, зноў дэпартуюць, а нашая маёмасць, дамы пяройдуць ім. Магчыма, гэта таксама паспрыяла актыўнасці на «рэферэндуме». Новая ўлада абяцала, шмат новых выгодаў, жыццё без патрэбы. Аднак, як бачым зараз Расія не змагла ажыццявіць гэтых абяцанняў. Мінае час і нават колішнія прыхільнікі анексіі Крыму шкадуюць пра свой удзел у рэферэндуме, пра тое, што тады так лікавалі.

Пра анексію Крыму і пра яе наступствы распавядаў дзеяч крымскататарскага руху Абдурашыт Джэпараў. У верасні 20214 года расійскія спецслужбы выкралі яго сына і пляменніка. Іх лёс невядомы дагэтуль.

Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд. 

Слухайце аўдыё! 

Спецслужбы Украіны: Расія можа ўвайсці ў Херсонскую вобласць

04.01.2021 09:11
Дзейнасць Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны можа перарасці ў буйную ваенную аперацыю і акупацыю новых тэрыторый ва Украіне.

Еўрапейскі суд па правах чалавека разгледзіць скаргу Украіны на парушэнні правоў чалавека ў акупаваным Крыме

14.01.2021 18:07
Кіраўнік украінскага Міністэрства замежных спраў лічыць згаданае рашэнне поспехам Украіны.

У Кіеве ўпершыню прадставілі так званую «Белую кнігу» выведкі

28.01.2021 17:43
У дакуменце гаворыцца, што акупацыйныя ўлады ў Крыме рыхтуюцца размясціць там ядзерную зброю.

Джо Байдэн заявіў, што Крым - гэта Украіна

26.02.2021 19:43
Амерыканскі прэзідэнт выказаў салідарнасць з народам Украіны, падкрэліваючы падтрымку ў пабудове дэмакратычнага грамадства.