Беларуская Служба

Лукашэнка загнаны ў тупік, расце яго залежнасць ад Расіі

09.09.2021 11:45
Расія ў такой сітуацыі можа імкнуцца да інтэнсіўнай ваеннай інтэграцыі.
Władimir Putin i Aleksander Łukaszenka
Władimir Putin i Aleksander ŁukaszenkaShutterstock/Naresh777/Drop of Light

Польскія выданні шмат увагі прысвячаюць падзеям за ўсходняй мяжой Польшчы – расійска-беларускім ваенным вучэнням ды сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі. Dziennik Gazeta Prawna піша, што сітуацыя ў Беларусі пасля падзей жніўня мінулага году змянілася, краіна нестабільная. Расце прэсінг з боку Расіі на інтэграцыю. Выданне друкуе інтэрв’ю з прадстаўніком літоўскага Міністэрства нацыянальнай абароны Вільмантасам Віткаўскасам. Паводле ягоных словаў, Расія паступае паводле прынцыпу, што найлепшай абаронай з’яўляецца нападзенне, таму трэба быць гатовым да кожнага сцэнару развіцця падзей. Неабходна старанна сачыць не толькі за самімі манеўрамі, але таксама за тым, што адбываецца за кулісамі – дыслакацыяй ваенных адзінак і тэхнікі. Ці ёсць сувязь паміж міграцыйным крызісам на мяжы і ваеннымі вучэннямі? Гэтае пытанне цікавіць літоўскіх адмыслоўцаў, але не бачна прамой сувязі, – кажа Віткаўскас.

Выданне піша таксама пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі. На думку палітолага Андрэя Ляховіча, Лукашэнка загнаны ў тупік, расце яго залежнасць ад Расіі, але Расія не будзе патрабаваць палітычнай інтэграцыі. Замес гэтага, яна, верагодней за ўсё, скарыстае складаную сітуацыю Лукашэнкі і будзе імкнуцца да інтэнсіўнай ваеннай інтэграцыі. Гэтага асцерагаецца таксама Украіна. «Усё, што здарылася ў расійска-беларускіх адносінах пасля 9 жніўня 2020 года, гульня, якая павінна прымусіць Беларусь да блізкай інтэграцыі з Расіяй. Магчымае размяшчэнне расійскіх ваенных базаў у Беларусі – гэта патэнцыйная пагроза для Украіны. Калі так станецца, мы будзем рэагаваць умацаваннем мяжы і перамяшчэннем войскаў», – заявіў яшчэ ў жніўні выданню намеснік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар.

Dziennik Gazeta Prawna/нг