Беларуская Служба

Марафон палітычных спектакляў на гэтым тыдні зладзіў А. Лукашэнка

04.12.2021 09:00
І ў кожным ён граў галоўныя ролі.
Аўдыё
  • Палітычны спектакль Лукашэнкі
Aleksander Łukaszenka
Aleksander Łukaszenka Drop of Light/shutterstock

Марафон палітычных спектакляў на гэтым тыдні зладзіў Лукашэнка. І ў кожным ён граў галоўныя ролі. Каб у выніку ў РБ ніхто не сумняваўся, хто ў доме гаспадар і легітымны прэзідэнт.

1.Заява Лукашэнкі пра намер вярнуць ядзерную зброю з РБ зрабіла яго ў нечым падобным да Фідэля Кастра часоў Карыбскага крызісу. Больш таго, у яго выказваннях гучалі ноткі перавагі над Пуціным, як над вайсковым стратэгам. Бо Пуцін і Шайгу маўчаць пра заявы кіраўніка НАТА пра тое, што, мажліва, ядзерная зброя будзе перанесена на ўсход ад Германіі, а ён – Лукашэнка – лямантуе і намераны бараніцца. (Пры гэты не ўзгадвае, што над РБ сталі рэгулярна лётаць стратэгічныя летакі РФ з ядзернай зброяй на борце). Адказваючы на пытанне аб дзеяннях у выпадку, калі краіны NATO перанясуць сваю ядзерную зброю ў Польшчу, Лукашэнка заявіў:

«Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь... Мы дамовімся, якую. Тую зброю, якая будзе найбольш эфектыўнай. Усе хлявы для гэтага як дбайны гаспадар я захаваў».

2. Выказванні пра пралікі Сталіна напярэдадні нападу на СССР напачатку ВАВ паказалі, што Лукашэнкі прэтэндуе на ролю лідара, лепшага за Сталіна. І не прапусціць моманту нападу на РБ.

3. Прызнанне Крыма расійскім і заявы пра фашызм ва Украіне, а таксама выказванне пра намеры ваяваць супроць Украіны, калі яны развяжа вайну ў адносінах РФ, зрабілі з яго абаронцу РФ. Лукашэнка абвясціў, што ўзімку будуць ля межаў Украіны праведзеныя сумесныя вучэнні войскаў РФ і РБ. Пуцін і Шайгу пра гэта маўчаць. Тут Л. ня толькі абаронца РФ, але і нават сапраўдны вайсковы лідар Саюзнай дзяржавы.

4. Л. заявіў, што ў лютым правядзе рэферэндум на Канстытуцыі, калі не будзе вайны.

5. Санкцыі калектыўнага Захаду ён назваў смехатворнымі і нават не будзе даваць даручэнняў падлічыць мажлівыя страты ад іх. Бо, маўляў, падлічыць каштуе даражэй, чым страты ад санкцыяў. Вось такі магутны эканамічны асілак – Зубр на прасторах Еўразійскага палітычнага поля.

Вось толькі, выступаючы на паддонах перад турыстамі, што захраслі на мяжы РБ і РП, ён праявіў слабіну, калі сказаў, што ніякага гуманітарнага калідора не будзе, бо для гэтага трэба будзе развязаць сусветную вайну. Тым не менш, Л. абяцаў для турыстаў зрабіць усё мажлівае: «...будзем рабіць усё так, як вы пажадаеце, нават калі гэта будзе дрэнна для палякаў, латышоў і яшчэ некага. Мы будзем рабіць так, як вы захочаце«, «…па-за кампетэнцыяй нашай краіны дапамагчы бежанцам трапіць у Германію. »Вы разумееце, што мы не можам учыніць вайну, каб прабіць вам калідор цераз Польшчу да Германіі. Вы бачыце, як яны рэагавалі, калі вы падышлі бліжэй да іх. Яны вас залілі ядахімікатамі, святлошумавымі гранатамі, слезацечным газам і гэтак далей. Не дай бог, пайшлі б далей да граніцы, пачалі б страляць. Людзі з таго боку звар'яцелі«.

Прапагандысты дыктатара часта паўтараюць выказванне адной турысткі, якая кажа, што Л. лепшы прэзідэнт у свеце і было б добра, каб усе кіраўнікі дзяржаваў былі падобны на яго.

6. Роля самага гуманнага прэзідэнта – прадстаўлена. Прапагандысты Л. праігнаравалі заяву свайго шэфа пра тое, што ніякага гуманітарнага калідора не будзе і трэба ўгаворваць турыстаў (уцекачоў) ехаць дамоў.

Таксама СМІ і адміністрацыя РБ праігнаравалі заяву прэм’ера РП Маравецкага, што РП гатова прафінансаваць ад’езд турыстаў дамоў. Польшча гатова фінансаваць вяртанне мігрантаў з Беларусі на радзіму, калі Аляксандр Лукашэнка »праявіць добрую волю«. Пра гэта заявіў прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Што гэта? Складваецца ўражанне, што Л. ужо не кіруе РБ, а нейкі таямнічы штаб узяў лейцы кіравання ў Беларусі.

У. Падгол